ЛІТВА́ летапісная,

назва племяннога саюзу, пазней гісторыка-геагр. і этнічнай вобласці. На ПнЗ сучаснай Рэспублікі Беларусь і ПдУ сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Упершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009, ва ўсх.-слав. летапісах — пад 1040 (у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Л.). У «Аповесці мінулых гадоў» Л. названа сярод тых плямён і народаў, якія плацілі даніну Русі. Этымалогія тэрміна канчаткова не высветлена. У позніх бел.-літ. летапісах даецца міфалагічна-легендарнае тлумачэнне паходжання тэрміна «Л.» ад лац. слоў «літус туба» («літус» — бераг, «туба» — труба), якімі нібыта называлі прынёманскія землі рымляне, што, паводле легенды, перасяліліся сюды з Італіі. Сучасныя даследчыкі звязваюць назву Л. з балцкімі або слав. каранямі lietā, lieti (ліць, цячы), з назвай р. Ліетаўка ці Ліетава (прыток Віліі), кельцкім словам Litawia (прыбярэжная краіна), з бел. дыялектным «лютвін» (люты) і інш. Першапачатковая лакалізацыя тапоніма Л. канчаткова не вывучана. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэдневяковай Л. з арэалам штрыхаванай керамікі культуры на познім этапе (пач. н.э.). У такім разе ўзнікненне назвы гіст. вобласці Л. датуецца пачаткам нашай эры. Ад наймення «Л.» паходзіць адна з назваў жыхароў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі — літвіны.

Літ.:

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989;

Яго ж. Где была летописная Литва? // Тез. докл. к конф. по археологии Белоруссии. Мн., 1969;

Непокупный А.П. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.

Э.М.Зайкоўскі.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)