ВЭ́ГА КА́РПІО (Vega Carpio) Лопэ Фелікс дэ [вядомы як Лопэ дэ Вэга
(Lope de Vega); 25.11.1562, Мадрыд — 27.8.1635], іспанскі драматург, паэт, празаік, буйнейшы прадстаўнік ісп. Адраджэння. У 1614 прыняў сан свяшчэнніка. Аўтар каля 2 тыс. п’ес (вядомыя 500),
раманаў «Аркадыя» (1598), «Вандроўнік у сваёй айчыне» (1604), «Даратэя» (1632), больш як 20 паэм, навел, містэрый, трактатаў. Стварыў нац. драму, заснаваную на нар. традыцыях. Народны т-р Вэга Карпіо аб’яднаў ідэалы гуманізму і нар. культуру, адлюстраваў жыццё ўсіх слаёў ісп. грамадства — ад сялян да арыстакратаў. У трактаце «Новае майстэрства пісаць камедыі ў наш час» (1609) сфармуляваў асн. прынцыпы сваёй драматургіі. Дынамічнае развіццё сюжэта (3 акты замест 5), дасціпны дыялог, афарыстычная жывая размоўная мова, яркія вобразы, спалучэнне камічнага і трагічнага ў яго п’есах разумна ўраўнаважваюць густы гледачоў і памкненні аўтара. Найб. значныя драмы на гіст. тэмы: «Фуэнтэ Авехуна» («Авечая крыніца», 1619) пра барацьбу сялян за сваю чалавечую годнасць і грамадз. правы ў перыяд Рэканкісты, «Вялікі герцаг Маскоўскі» (1617), «Зорка Севільі» і «Кроў невінаватых» (абедзве 1623). У шматлікіх камедыях («Настаўнік танцаў», 1593; «Сабака на сене», 1618; «Дзяўчына са збаном», выд. 1646, і інш.) дасягнуты майстэрскі кампраміс паміж рэнесансавай канцэпцыяй героя і саслоўна-іерархічнай ідэалогіяй грамадства. На бел. мову яго камедыі «Раба свайго каханага» і «Дурнічка» пераклалі А.Вярцінскі і П.Макаль (1981). П’есы Вэга Карпіо трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. т-раў: «Дурная для іншых, разумная для сябе» (БДТ-1, 1940), «Сабака на сене» (Рускі драм.т-р, 1940; БДТ-1, 1943), «Дзяўчына са збаном» (т-р імя Я.Коласа, 1950), «Настаўнік танцаў» (тамсама, 1952), «Дурнічка» (тамсама і Рускі драм.т-р, 1968), «Раба свайго каханага» (т-р імя Я.Коласа, 1974), «Валенсіянскія вар’яты» (т-р імя Я.Купалы, 1983).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1962—65.
Літ.:
Плавскин З. Лопе де Вега, 1562—1635. Л.;
М., 1960;
Лопе де Вега: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. 1735—1961. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ РАЁН,
на ПнУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 3,1 тыс.км². Нас. 36,5 тыс.чал. (1996), гарадскога 46,2%. Сярэдняя шчыльн. 11,8 чал на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Гарадок; г.п.Езярышча; 384 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 18 сельсаветаў: Бычыхінскі, Вайханскі, Віраўлянскі, Вярэцкі, Газьбенскі, Гуркінскі, Даўгапольскі, Зайкаўскі, Марчанскі, Мяжанскі, Пальмінскі, Першамайскі, Пралетарскі, Прудніцкі, Руднянскі, Стадалішчанскі, Халамерскі, Хмяльніцкі.
Большая ч.тэр. раёна ў межах Гарадоцкага ўзвышша, на ПдУ — Суражская нізіна, на З — ускраіна Полацкай нізіны. Паверхня ўзгорыста-марэнная, пераважаюць выш. 170—180 м, найвыш. пункт 259 м (каляв. Загараны). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, радовішчы гліны і пяску. Сярэдняя т-растудз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетац. перыяд 183 сут. Найб. рэкі Обаль з прытокамі Чарнуйка, Чарняўка і Усыса; Аўсянка і Лужасянка; Ловаць (бас. Нявы). 92 возеры, найб. — Езярышча, Лосвіда, Вымна, Цёста, Кашо, Сясіта, Вял. Свіно, Чарнова, Бярнова, Чарняста. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 32,5% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя; трапляюцца чорная вольха, асіна, ясень. Балоты займаюць 28,3 тыс.га; вял. балотныя масівы: Чырвоны Мох, Абрамнае, Лукашэўскі Мох, Вялікае і інш. На тэр. раёна Езярышчанскі арніталагічны заказнік, гідралагічны заказнік Карыценскі Мох.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101,4 тыс.га, з іх асушана 21,7 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў, 16 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, лёгкай паліўнай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Віцебск—Гарадок—Невель (Расія), аўтадарогі Руба—Невель, Обаль—Гарадок—Полава. У раёне 16 сярэдніх, 11 базавых, 9 пач. школ, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа-інтэрнат, 29 дашкольных устаноў, 44 клубы, 42 б-кі, 8 бальнічных устаноў. На воз. Лосвіда турбаза «Віцебская». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя 1-й пал. 19 ст. ў в. Кузьміно, касцёл (1896) у в. Рамні. Выдаецца газ. «Гарадоцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́Н (Алесь) (сапр.Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),
бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ.«Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел.нац.к-т, быў чл.Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.
Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.Купалы і Я.Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДЭЛУ́ПА (Guadeloupe),
востраў у групе Наветраных а-воў у Вест-Індыі; разам з суседнімі а-вамі (Мары-Галант, Дэзірад, Ле-Сент, Сен-Бартэльмі, Пціт-Тэр) і паўн.ч. в-ва Сен-Мартэн — уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). Агульная пл. 1780 км², у т. л. в-ва Гвадэлупа 1703 км². Нас. 413 тыс.чал. (1993), у т. л. мулатаў — 77%, неграў — 10, крэолаў (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%. Афіц. мова — французская. Большасць вернікаў католікі. Адм. ц. — г. Бас-Тэр, найб. горад — Лез-Абім, порт — Пуэнт-а-Пітр. В-аў Гвадэлупа складаецца з 2 ч. (Бас-Тэр і Гранд-Тэр), злучаных вузкім перашыйкам. Бас-Тэр складзены з вулканічных парод. Выш. да 1467 м (дзеючы вулкан Суфрыер — найвышэйшая вяршыня Малых Антыльскіх а-воў). Гранд-Тэр — плато выш. да 130 м, складзенае з вапнякоў і вулканічных туфаў. Развіты карст, рэк амаль няма. Клімат трапічны, пасатны, гарачы і вільготны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Востраў абкружаны каралавымі рыфамі. Горы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі. Гвадэлупскі прыродны парк. Апрацоўваецца каля 30% тэр., пад пашай і лугамі 10%. Асн. экспартныя с.-г. культуры: цукр. трыснёг, бананы, кава, какава, ваніль, цытрусавыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коз, свіней. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі, пераважна вытв-сць цукру і рому. Транспарт аўтамабільны. Вываз бананаў, цукру, рому; увоз паліва, тэхн. абсталявання, сыравіны, трансп. сродкаў. Гандл. сувязі пераважна з Францыяй. Развіты турызм. Грашовая адзінка — франц. франк
Востраў Гвадэлупа адкрыты Х.Калумбам 4.10.1493. У 16 — пач. 17 ст. тут спрабавалі замацавацца іспанцы. З 1635 калонія Францыі. У 1666, 1691 і 1703 Гвадэлупу імкнулася захапіць Вялікабрытанія. Парыжскі мірны дагавор 1763 пацвердзіў прыналежнасць Гвадэлупы Францыі. У 1805 на востраве ўведзены Франц.грамадз. кодэкс. У 1810 Гвадэлупа зноў акупіравана Вялікабрытаніяй, у 1816 вернута Францыі. У 1848 адменена рабства. З 1940 Гвадэлупа захоўвала лаяльнасць да франц. ўрада Вішы, з 1943 падтрымлівала ген. Ш. дэ Голя. З 1946 мае статус заморскага дэпартамента Францыі. Гвадэлупа прадстаўлена ў Нац. асамблеі ў Парыжы 2 сенатарамі і 3 дэпутатамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКУНА́БУЛЫ (ад лац. incunabula калыска, пачатак),
друкаваныя выданні, выпушчаныя ў ранні перыяд кнігадрукавання; умоўна — кнігі, выдадзеныя ад першых спроб І.Гутэнберга (1440-я г.) да 1.1.1501.
У гэты перыяд у Зах. і Цэнтр. Еўропе дзейнічала 1099 друкарняў у 246 гарадах, якія выдалі каля 12 млн.экз. кніг (больш за 40 тыс. назваў). Сярэдні іх тыраж — 300, асобных — 1000 і больш экз. Першапачаткова І. вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасць тытульнага ліста, выхадныя звесткі ў канцы тэксту ў калафоне, рукапіснае афармленне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі І. пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданняў ант. аўтараў і пісьменнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лац. алфавітнай сістэмы, у 1480—90-я г — глаголіцай і кірыліцай.
І. зберагаюцца ў буйнейшых навук. кнігазборах свету, у дзярж., акад., універсітэцкіх б-ках. Вядзецца іх міжнар. ўлік і апісанне; выдадзены «Зводны каталог інкунабулаў» (т. 1—8, 1925—76), выходзяць нац. каталогі І. І. бел. паходжання няма, але яны вядомы на Беларусі з 15—16 ст. Найчасцей іх прывозіла з інш. краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Лейпцыгу, Падуі, Балонні і інш. Паводле каталогаў 16—18 ст. І. меліся ў б-ках манастыроў, навуч. устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся І. з б-кі Радзівілаў (11 з іх у б-цы Рас.АН), з б-кі Храптовічаў у Шчорсах (3). У б-ках Вільнюса захоўваецца больш за 100 І. з розных гарадоў Беларусі, у т. л. з Гродна (з б-к кляштараў дамініканцаў і кармелітаў, езуіцкага калегіума), з Нясвіжа, Слоніма, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на, Жыровіцкага манастыра базыльян (Слонімскі р-н), з манастыроў Полацка, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і інш. Шмат І. зберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў. 42 экз. І. зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, 4 — у Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРМЕ́ДЫЯ (ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),
1) у літаратуры, тэатральным і музычным мастацтве — кароткая п’еса або сцэнка (пантаміма, танец, муз. ці інстр. твор), часцей камедыйнага характару, што выконваецца паміж дзеямі драм. або муз. спектакля.
Узнікла ў 15 ст. ў паказах містэрый. Была пашырана ў камедыі дэль артэ, школьнай драме і інш. У эпоху Адраджэння — самаст. жанр нар.т-ра. У 17—18 ст. ў Італіі І. — маленькія оперы, якія перамяжоўвалі дзеянні опер-серыя. У Расіі ў 19—20 ст. ператварылася ў самаст. сцэнкі са спевамі і танцамі.
На Беларусі І. існавалі з канца 16 ст. як устаўкі ў школьныя драмы, напісаныя на лац., радзей на польск. і стараслав. мовах (І. да п’есы «Цімон Гардзілюд» віленскага езуіта К.Пянткоўскага, 1584; 1. «Чорт Асмалейка», 1-я пал. 17 ст.). Вядомы дыялогі да «Камедыі пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў» гродзенскага езуіта Я.Пылінскага (1651), камедыйныя сцэнкі да польскіх драм з рукапіснага «Аршанскага кодэкса» (каля 1693; ставіліся ў Полацку, Оршы, Навагрудку, Віцебску), І. 18 ст., якія ўключаліся ў «Дэкламацыю» М.Базілевіча, у п’есы «Камічнае дзеянне» М.Даўгалеўскага (1736) і «Уваскрэсенне мёртвых...» Г.Каніскага (1747). З часоў барока захавалася больш за 20 бел. І., змест якіх звычайна складалі забаўныя анекдоты, гісторыі, апавяданні. Сцэнкі «Селянін і вучань», «Літаратар, селянін, Самахвальскі» і інш. ўключаны ў ковенскі школьны зборнік 1730-х г. Інтэрмедыйная аснова адчуваецца ў «Камедыі» К.Марашэўскага (паст. 1787) і оперы «Агатка» Я.Д.Голанда (паст. 1784). Асобныя эпізоды з І. выкарыстаны ў драмах «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, камедыі «Несцерка» В.Вольскага. У нар. т-ры І. складалі 2-ю частку паказаў батлейкі («Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха» і інш.) і нар. драмы. Часам паказы батлейкі цалкам складаліся з І.
2) У музыцы — эпізод паміж рознымі правядзеннямі тэмы ў фузе, наз. таксама інтэрлюдыяй.
Літ.:
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 162—174;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,
адно з найбольшых Пярэднеазіяцкіх нагор’яў, у Іране (2/3тэр.), Афганістане, Пакістане, часткова ў Іраку і на Пд Туркменіі. Пл.каля 2,7 млн.км². Размешчана паміж Месапатамскай нізінай на З далінай р. Інд на У. Працягласць з Пн на Пд 1500 км, з З на У 2500 км. Сфарміравалася у межах альпійска-гімалайскай геасінклінальнай вобласці ў выніку альпійскага і больш ранняга арагенезу. Вонкавы край створаны горнымі дугамі. На Пн яны складаюцца з гор Эльбурс (г. Дэмавенд — 5604 м), Туркмена-Харасанскіх, Парапаміз і Гіндукуш, на Пд — Загрос (г. Зердкух — 4548 м) і Мекран, на У — Сулейманавы горы. Унутраная ч. нагор’я, у аснове якой ляжаць палеазойскія сярэдзінныя масівы, занята раўнінамі і катлавінамі, што перамяжаюцца з сярэдневышыннымі гарамі (Сярэднеіранскія, Усх.-Іранскія, Сярэднеафганскія горы выш. да 1500—2500 м). Сярод пустынных унутр. раўнін вылучаюцца Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут, Дашты-Марго з глініста-друзавымі грунтамі і пясчаная Рэгістан. Радовішчы нафты, руд каляровых металаў, каменнага вугалю, серы. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C на Пн да 13 °C на Пд. У ліп. т-ры 25—32 °C. Ападкі ва ўнутр. раёнах да 100 мм, на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм, на вонкавых схілах Сулейманавых гор 700—800 мм за год. У гарах Загрос міжземнаморскі клімат з зімовымі ападкамі да 700 мм за год. Рэкі Гільменд, Сефідруд, Карун, Герыруд — малаводныя, выкарыстоўваюцца для арашэння. Ва ўнутр.ч. нагор’я азёры Дэр’ячэйс-Немек, Хамун. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. І.н. — ачаг фарміравання спецыфічнай флоры нагорных ксерафітаў «іранскай фрыганы» — калючага падушкападобнага хмызняку (астрагал, аканталімон і інш.). На паветраных вільготных схілах лясная расліннасць (у гарах Эльбурса — платан, жалезнае дрэва, дуб каштаналісты, самшыт і інш.). На ўсх. схілах гор Сулейманавы і Кіртхар участкі саванн, рэдкалессі і лістападныя лясы. У аазісах Пд растуць фінікавыя пальмы. Багаты жывёльны свет: леапард, буры мядзведзь, казуля, горны казёл, баран, ліс-корсак, гіена; паўзуны (гюрза, кобра, пясчаная гадзюка); грызуны; насякомыя; павукападобныя (тарантулы, каракурты, скарпіёны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НЬ,
горад, сталіца Татарстана, у Расійскай Федэрацыі, на левым беразе р. Волга, каля ўпадзення р. Казанка. 1085 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак, рачны порт, аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды авіяц., маторабуд., ЭВМ, медыка-інструментальны, газавай апаратуры і інш.), хім. і нафтахім. (каўчук, кінафотаплёнка), лёгкая (футравая, гарбарная і інш.), харчовая; вытв-сць будматэрыялаў. 11 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1804), кансерваторыя.
Засн. ў 1177 волжскімі балгарамі. З канца 13 ст.пагран. крэпасць (наз. Булгараль-Джадзід ці Новы Булгар) на ПнЗБалгарыі Волжска-Камскай. У 13—14 ст. сталіца Казанскага княства. У 1399 зруйнавана войскам маск. князя Юрыя Дзмітрыевіча. З 15 ст.эканам. і ганда. цэнтр Сярэдняга Паволжа, сталіца Казанскага ханства. У 1552 заваявана войскам Івана IV Грознага і далучана да Расіі. З 1708 губ. горад. У 1714 узнікла першая мануфактура (суконная), у 1718 — адміралцейства (дзейнічала да 1827). У ліп. 1774 горад узяты штурмам атрадамі Е.І.Пугачова і спалены. У Вял.Айч. вайну ў горадзе размяшчаліся эвакуіраваныя з зах. раёнаў СССР прадпрыемствы, установы, людзі, у т. л. з Беларусі.
У цэнтры горада — крэмль са сценамі і вежамі (16 ст., рэканструяваны ў 17 і 19 ст), Благавешчанскім саборам (1562, дойліды Поснік Якаўлеў, І.Шырай), дазорнай вежай Сююмбекі (канец 17—1-я пал. 18 ст., падмурак, магчыма, 16 ст.; выш. 58 м), губернатарскім палацам (сярэдзіна 19 ст., арх. К.А.Тон і В.Морган; цяпер будынак Вярх. Савета Татарстана). Сярод інш.арх. помнікаў: Петрапаўлаўскі сабор (1723—26 з 6-яруснай званіцай; цяпер планетарый), дом Міхляева (пач. 18 ст.), мячэць Марджані (1766; элементы рус. барока, матывы тат. арнаменту); у стылі класіцызму — Казанскі ун-т (гал. будынак 1825, арх. П.Г.Пятніцкі; б-ка, анатамічны т-р, абсерваторыя, 1830-я г., арх. М.П.Карынфскі). Пасля 1960-х г. створана пл. Свабоды з будынкам т-ра оперы і балета імя М.Джаліля; пабудаваны стадыён, рачны вакзал, цырк, канцэртная зала кансерваторыі, гасцініца «Татарстан», Музей выяўл. мастацтваў Татарстана і інш. На берагах рэк Казанка і Волга развіваецца адм. і грамадскі цэнтр горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКСІКАГРА́ФІЯмузычная,
1) раздзел музыказнаўства, які распрацоўвае тэарэт. аснову і практычныя методыкі стварэння муз. слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў.
2) Сукупнасць падобных выданняў, а таксама адбор, упарадкаванне і тлумачэнне спец.муз. тэрмінаў і лексікі. Змест і макраструктура артыкулаў у муз. даведніках залежаць ад тыпу выдання, аб’ёму навук. інфармацыі, узроўню развіцця муз. тэорыі, гіст.-культ. кантэксту пэўнай эпохі.
Вытокі муз. Л. ўзыходзяць да практыкі сярэдневяковых гласарыяў (заўваг на палях трактатаў) і вакабуларыяў (навуч. дапаможнікаў). Першым муз.-тэрміналаг. слоўнікам у сучасным разуменні слова лічаць трактат франка-флам. вучонага-музыканта І.Тынкторыса «Вызначэнне музычных тэрмінаў» (каля 1474, апошняе выд. 1963). У эпоху Асветніцтва паявіліся муз.-энцыкл. слоўнікі ў Францыі, Чэхіі, Германіі (С. дэ Брасар, Ж.Ж.Русо). Да канца 19 ст. склаліся 2 асн. тыпы навук.-даведачных муз. выданняў. універсальны даведнік (муз. энцыклапедыя, муз.-энцыклапедычны слоўнік) і спецыялізаваны слоўнік: біяграфічны, біябібліяграфічны, галіновы (оперны, харавы, харэаграфічны), тэрміналагічны і інш.Найб. значныя замежныя выданні 19 ст. — энцыклапедычныя слоўнікі «Музычны лексікон» Г.Рымана (1882) і «Слоўнік музыкі і музыкантаў» Дж.Грова (т. 1—4, 1879—1889).
У 20 ст. з пашырэннем аб’ёму навук. ведаў і бурным развіццём сродкаў масавай інфармацыі кола выданняў па муз. Л. пашырылася (слоўнікі і энцыклапедыі муз. персаналій, конкурсаў, устаноў, інструментаў, двух- і шматмоўныя перакладныя муз. слоўнікі, слоўнікі-даведнікі, у т. л. для дзяцей і юнацтва, і інш.). У 1973—82 выдадзена першая сав. «Музычная энцыклапедыя» (т. 1—6), у 1985 — «Энцыклапедычны слоўнік юнага музыканта», у 1990 — «Музычны энцыклапедычны слоўнік», у 1981 і 1997 адпаведна энцыклапедыі «Балет» і «Рускі балет». На Беларусі выдадзены спецыялізаваныя слоўнікі і даведнікі «Музычныя тэрміны» Ю.Дрэйзіна (1926, серыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія»; перавыд. ў 1989 з прадмовай М.Шыманскага), даведнікі біябібліяграфічны «Саюз кампазітараў БССР» Дз.Жураўлёва (1978) і навук.-папулярны «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Р.Сергіенка (1997), перакладныя «Слоўнік музычных тэрмінаў» В.Антаневіч (1994), «Музычны слоўнік» (1999); выдаецца нотаграфічны паказальнік «Музычная літаратура Беларусі» (з 1975); да муз.-лексікаграфічных выданняў у вял. ступені набліжаецца «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́Ц,
горад, цэнтр Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Лясная. За 39 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Жабінка на лініі Баранавічы—Брэст, на аўтадарозе Брэст—Камянюкі. 9,3 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў, у 10—11 ст. існавала невял. паселішча, на месцы якога па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча ў 1276 дойлід Алекса разам з мясц. жыхарамі заснаваў умацаванае пасяленне. Асновай яго абароны акрамя рова і вала з умацаваннямі была 30-метровая мураваная вежа (Камянецкая вежа).У 1289 К. разбурыў драгічынскі кн. Юрый Львовіч. З 1366 К. у ВКЛ, належаў кн. Кейстуту, з 1388 — кн. Янушу Мазавецкаму, у 1384 і з 1392 — кн. Вітаўту. На К. тройчы нападалі крыжакі і ў 1378 спалілі яго. З 1413 К. — цэнтр Камянецкага павета Трокскага, з 1520 — Падляшскага, з 1566 — Брэсцкага ваяводстваў. З 1503 К. меў магдэбургскае права, герб (на блакітным полі выява сярэбранай вежы). Разбураны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 17—18 ст. тут пабудаваны Камянецкія замкава-палацавыя комплексы, дзейнічала тэкст. мануфактура Радзівілаў. З 1795 у Рас. імперыі, у Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., у 1795—1940 наз. Камянец-Літоўскі. У сярэдзіне 19 ст. ў К. каля 2900 ж., 597 двароў, 3 кірмашы ў год. У 1897—4,6 тыс.ж., 1186 дамоў, лячэбніца, царк.-прыходская школа, у 1914 працавала 7 дробных прадпрыемстваў. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Брэсцкага пав. Палескага ваяв., у 1921—2348 ж., 3 лесапільні, вінакурня, цэх па апрацоўцы аўчын, 2 маслабойні. З 1939 у БСФ, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Камянецкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў раёне і горадзе 5,4 тыс.чал. Дзейнічала Камянецкм раённая антыфашысцкая арганізацыя. Вызвалены 22.7.1944 часцямі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1971 у К. 5,1 тыс.ж. З 24.6.1983 К. горад.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея. Помнікі архітэктуры: Камянецкая вежа (канец 13 ст.), Камянецкая Сімяонаўская царква (1912—14). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.