СЕТКАКРЫ́ЛЫЯ (Neuroptera, або Planipennia),

атрад насякомых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Вядомы з пермскага перыяду. На Беларусі найб. адзначаюцца прадстаўнікі сям. залатавочак і мурашыных ільвоў.

Даўж. цела 1—3 см, размах крылаў да 12 см. Цела тонкае, светла-зялёнае, чорнае і інш. Крылаў 2 пары, звычайна аднолькавых, празрыстых сеткавых (адсюль назва). Ротавы апарат грызучага тыпу. Ногі тонкія, хадзільныя, з 5-членікавымі лапкамі, у некат. відаў пярэднія — капальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. У лічынак сківіцы ўтвараюць смактальныя трубкі. Многім з іх уласціва пазакішачнае страваванне (у цела ахвяры ўводзяць стрававальныя ферменты, потым высмоктваюць ператраўленую ежу). Карысныя: кормяцца тлёй, какцыдамі і інш. насякомымі, шкоднымі для сельскай і лясной гаспадарак.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)