СОМАПАДО́БНЫЯ (Siluriformes),
атрад касцістых рыб. Каля 30 сям., 150 родаў, 1200 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Вядомы з эацэну. Жывуць у прэсных водах. На Беларусі 3 віды: звычайны сом (Silurus glanis), сомік амерыканскі, або карлікавы, завезены ў 1935 у вадаёмы Брэсцкай вобл. і паўночнаамерыканскі канальны, або плямісты сомік (Ictalurus punctatus), акліматызаваны ў воз. Белае Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.
Даўж. да 5 м, маса да 300 кг (звычайны сом). Цела без лускі або ўкрытае касцявымі пласцінкамі. Вакол рота звычайна некалькі пар вусікаў. Ёсць вебераў апарат. 2, 3, 4 пазванкі зрослыя. На сківіцах зубы. Брушныя плаўнікі абдамінальныя. Амаль усе С. — драпежнікі. Многія — аб’екты промыслу, некат. разводзяць у акварыумах.
т. 15, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)