ГО́ГАЛЬ (Мікалай Васілевіч) (1.4.1809, с. Вялікія Сарочынцы Палтаўскай вобл., Украіна — 4.3.1852),
рускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. л-ры. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1828). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу (1829—31). Выкладаў гісторыю ў Пецярбургскім ун-це (1834—35). З 1836 жыў пераважна за мяжой (Італія, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя, Францыя). У 1840 у Вене перажыў цяжкую нервовую хваробу, якая адбілася на яго светаадчуванні і прадвызначыла наступныя душэўныя зрывы. З 1848 у Расіі. Першы твор — паэма-ідылія «Ганц Кюхельгартэн» (1829). Літ. вядомасць прынесла кн. аповесцей «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (ч. 1—2, 1831—32), у якой створаны паэт. вобраз Украіны, яскравыя малюнкі нар. жыцця і побыту, шырока выкарыстаны ўкр. фальклор. Зб-кі «Міргарад» і «Арабескі» (абодва 1835) засведчылі станаўленне пісьменніка на пазіцыях рэалізму і народнасці. У аповесці «Тарас Бульба» (1835, новая рэд. 1842) у эпічна-былінным стылі ўславіў барацьбу ўкр. народа за нац. вызваленне ў 17 ст. Як глыбокі рэаліст і бязлітасны сатырык выступіў у т.зв. «пецярбургскіх аповесцях» («Нос», «Партрэт», «Неўскі праспект», «Запіскі вар’ята» і інш., 1835—42), у «Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1834). Наватарскі характар драматургіі камедыі «Рэвізор» (паст. 1836) дазволіў увасобіць у вобразах чыноўнікаў павятовага горада аблічча ўсёй тагачаснай Расіі. Сярод інш.драм. твораў Гогаля камедыі «Жаніцьба», «Гульцы», «Тэатральны раз’езд пасля паказу новай камедыі» (усе 1842) і інш.Маст. адкрыццём стаў вобраз «маленькага чалавека» з аповесці «Шынель» (1842), у якой Гогаль стаў на абарону зняважанай чалавечай годнасці. Вяршыня творчасці Гогаля — паэма-раман «Мёртвыя душы» (т. 1, 1842), дзе ў вобразах надзвычайнай маст. і псіхал. ёмістасці пісьменнік увасобіў маральнае аблічча сучаснага яму грамадства. Духоўныя пошукі 1840-х г. прывялі Гогаля да вывучэння багаслоўскіх прац, гісторыі царквы. Яго «Выбраныя мясціны з перапіскі з сябрамі» (1847) сталі адным з самых палемічных твораў рус. л-ры. У ёй Гогаль выказаў веру ў мажлівасць лепшага ўладкавання Расіі, яе месіянскую ролю, заснаваную на вернасці ідэалам праваслаўя і маральнага ўдасканалення чалавека. Большасць крытыкаў убачыла ў кн. пераход пісьменніка да рэліг. пропаведзі. В.Бялінскі абвінаваціў Гогаля ў крывадушнасці і жаданні стварыць гімн уладам. Грамадскае непрыняцце «Выбраных мясцін...» у многім вызначылі далейшы лёс Гогаля і яго творчасці. За 10 дзён да смерці Гогаль спаліў рукапіс 2-га т. «Мёртвых душ». З імем Гогаля ў рус. л-ры звязана станаўленне крытычнага рэалізму, т.зв.натуральнай школы. М.Чарнышэўскі ўвёў ва ўжытак нават паняцце «гогалеўскі перыяд рускай літаратуры».
Творчасць Гогаля зрабіла ўплыў на бел. л-ру (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Колас, М.Гарэцкі, З.Бядуля, К.Чорны, К.Крапіва, Я.Брыль і інш.). На бел. мову яго творы перакладалі М.Краўцоў, Крапіва, М.Лужанін, М.Машара, М.Паслядовіч, А.Бачыла, П.Місько, В.Рабкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены кн. Гогаля «Жаніцьба» (1937), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950), «Мёртвыя душы» (1950), «Рэвізор» (1951), «Тарас Бульба» (1954) і інш.Першыя пастаноўкі п’ес Гогаля на Беларусі адбыліся ў 19 ст. («Рэвізор», 1848; «Жаніцьба», 1850; «Цяжба», 1853; «Запіскі вар’ята», 1888, і інш.). У 1945 «Рэвізор» паст. ў Бел. т-ры Я.Коласа. У Тэатры-студыі кінаакцёра «Беларусьфільма» ажыццёўлены арыгінальныя пастаноўкі «Запіскі вар’ята» (1983) і «Фантазіі паводле Гогаля» (1987).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1937—52;
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1984—86;
Бел.пер. — Зачараванае месца // Наша ніва. 1909. № 9;
Тарас Бульба. Рэвізор. Мёртвыя душы. Мн., 1990.
Літ.:
Белинский В.Г. О Гоголе. М., 1949;
Чернышевский Н.Г. Очерки гоголевского периода русской литературы. М., 1953;
Н.В.Гоголь в воспоминаниях современников. М.; Л., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ ЗА́МКАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.І.Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл.Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах. вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.Збароўскі). Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд. сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.Н.Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.І.Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.Святаполк-Мірскім. У Вял.Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр. гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.Атас, С.Верамейчык, В.Калнін, навук. супрацоўнікі А.Трусаў, Л.Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.Ядкоўскі (1912), М.Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац.маст. музея Беларусі. Парк (т.зв.італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).
Літ.:
Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,
профільная група музеяў, зборы якіх дакументуюць гісторыю развіцця чалавечага грамадства. Падзяляюцца на агульнагістарычныя (гісторыі краіны, краю, горада), археал., этнагр., гіст.-краязн., ваенна-гіст., гісторыі асобных устаноў, гіст. падзей, выдатных асоб, у т. л. мемарыяльныя музеі. Тыпам М.г. з’яўляюцца ансамблі ці комплексы, якія могуць быць абвешчаны музеямі-запаведнікамі, прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя музеі.
Першыя зборы гіст. кшталту вядомы ў стараж. свеце, дзе гіст. помнікі канцэнтраваліся ў храмах, свяшчэнных гаях, палацах, дамах сходаў: у Кноскім палацы на в. Крыт (16 ст. да н.э.), храмавай б-цы ў Ашуры (11 ст. да н.э.), храме Апалона ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя, 4 ст. да н.э.). Сістэматычнае калекцыяніраванне гіст. помнікаў пачалося ў 15 ст. і атрымала развіццё ў 16—17 ст. ў Італіі, адтуль распаўсюдзілася ў Францыі, Англіі, Германіі і інш. краінах Зах. Еўропы. Калекцыі манет, медалёў, стараж. зброі і выпадковых археал. знаходак захоўваліся ў замках і належалі прыватным асобам (каралям, буйным феадалам, купцам), доступ да іх быў абмежаваны вузкім колам сваякоў і гасцей гаспадара. Першы агульнадаступны М.г. створаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у кляштары малых аўгусцінцаў у Парыжы (1795). На працягу 19 ст. рэалізуецца роля М.г. ў абуджэнні нац. свядомасці этнасаў, што зведалі іншаземны прыгнёт ці агрэсію Адкрываюцца Венгерскі музей у Пешце (1802), нацыянальныя музеі ў Празе (Чэхія, 1818), Спліце (Далмацыя, 1820), Любляне (Славенія, 1821), Заграбе (Харватыя, 1846). М.г. стваралі ў імперскіх сталіцах, каб падтрымаць прыхільнасць да традыцый ці адраджэння гонару за слаўнае мінулае: Ваенны музей у Мадрыдзе (Іспанія, 1804), Венскі музей нац. славы (Аўстрыя, 1850), Галерэя славы ў Берлінс (Германія, 1880), Гістарычны музей у Маскве (1872), Музей арміі ў Парыжы (1905), Імперскі ваенны музей у Лондане (1917). Развіццё дапаможных гіст. дысцыплін паспрыяла ўзнікненню самаст.археал. музеяў: нацыянальных у Неапалі (Італія, 1748), Кальяры (Італія, 1806), Афінах (1874), Паўн. старажытнасцей у Капенгагене (Данія, 1819), Філадэльфіі (ЗША, 1834) і этнаграфічных (гл.Музеі этнаграфічныя). Ствараюцца нац. музеі ў Дамаску (Сірыя, 1919), Багдадзе (Ірак, 1923), музей цюркскай і мусульм. культуры ў Стамбуле (Турцыя, 1923), музей старажытнасцей у Тэгеране (Іран, 1938). На працягу 20 ст. развіццё М г. адбываецца ў кірунку паглыблення спецыялізацыі і пошуку новых форм захавання і папулярызацыі гіст.-культ. спадчыны.
На Беларусі перадмузейныя гіст. зборы вядомы з 15 ст. ў рэзідэнцыях вял. князёў ВКЛ і буйных феадалаў. Першы публічны музей, дзе таксама можна было аглядаць гіст.-археал. матэрыялы, знаходзіўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1787—1820). Першы агульнадаступны музей гіст. профілю — Віленскі музей старажытнасцей. Каштоўныя гіст.-археал. матэрыялы захоўваліся таксама ў музеях стат. к-таў, царк.-археал. т-ваў, музеі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, прыватных калекцыях М.Гаўсмана, Э.Гутэн-Чапскага, А.Ельскага, В.Федаровіча і інш. Актыўны ўдзел у зборы і стварэнні музеяў прымалі Дз.І.Даўгяла, І.І.Дуцкевіч, Е.Р.Раманаў, А.М.Семянтоўскі, А.К.Снітка, Я.П.Тышкевіч і інш. Каштоўныя археал., этнагр. і інш. калекцыі былі прадстаўлены ў Беларускім музеі ў Вільні, Беларускім дзяржаўным музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Музеі Беларускага Палесся і інш. Збіральніцтва і папулярызацыя гіст. помнікаў у перыяд пасля Вял.Айч. вайны звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развівалася гіст. музеязнаўства. На канец 1997 на Беларусі дзейнічалі найбуйнейшыя М.г.: Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі (Гродна), Брэсцкай крэпасці-героя музей, Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, абл. і раённыя краязн. музеі (гл. адпаведныя арт). Працуюць дзярж.Археалагічны музей «Бярэсце», геалагічны Парк камянёў, ваенна-гіст.Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, Доеўскі музей бітвы за Дняпро, Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей партызанскай славы, Музей савецка-польскай баявой садружнасці, Шмырова М.П. музей, музеі гісторыі гарадоў Магілёва, Наваполацка, Оршы, Светлагорска (гл. адпаведныя арт.), Музей гісторыі медыцыны, Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, гіст.-краязн., нар., баявой і працоўнай славы. Больш за 70% дзярж. музеяў Беларусі маюць гіст.-краязн. кірунак.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЧЭ́ЦЬ (араб. месца пакланення),
культавы будынак у ісламе, месца агульнай малітвы.
М. ўзніклі ў 7 ст. Першапачаткова для мусульм. набажэнства прыстасоўвалі б. язычніцкія храмы або цэрквы. Да 8 ст. сфарміраваліся асн. тыпы М.: дваровыя (адкрыты прамавугольны двор, абнесены сценамі і галерэямі) і ку́пальныя. Ва ўсіх М. у сцяне, звернутай да Меккі, знаходзіцца адзін ці некалькі міхрабаў (Амеядаў мячэць у Дамаску, М. Ібн Тулуна ў Каіры, 9 ст.). З правага боку ад міхраба — узвышэнне ці кафедра (мінбар) з 3—9 прыступак, дзе чытаюць хутбу (мусульм. пропаведзь). З 10 ст. пашыраны тып М. з айванамі (тэрасамі) па восях двара. У розных краінах пад уплывам мясц.буд. традыцый выпрацаваліся самаст. тыпы М.: у Паўн. Афрыцы для іх характэрна глыбокая малітоўная зала з выходзячымі ў двор шматлікімі нефамі, столлю-артэсанада (з кесонамі) і сталактытавымі купаламі (М.Кутубія ў Маракешы, Марока, 1153); у Іране, краінах Цэнтр. і Сярэдняй Азіі — айваны па баках двара, на гал. фасадзе высунуты манум, партал-пяштак (М. Калян у г. Бухара, Узбекістан, 12 ст., перабудавана ў 15—16 ст.; саборная М. у г. Ісфахан, Іран, 9—20 ст.), у Турцыі — цэнтрычны будынак з вял. купалам у акружэнні малых купалаў ці паўкупалаў (М. Селіміе ў Стамбуле, 1557). М. аздаблялі разьбой па стука, камені ці дрэве, узорыстай цаглянай або каменнай муроўкай, паліванай керамікай, інкрустацыяй, мазаікай, размалёўкай (суніцкая М. у г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція, 1906—08, арх. І.Плашко). Пры М. звычайна ставяць мінарэты.
На Беларусі пісьмовыя сведчанні пра М. адносяцца да 16 ст.Першыя з іх былі драўляныя адназрубныя пад 4-схільным дахам, са слупавым ганкам ці галерэяй, без мінарэтаў. Паступова з’явіўся мінарэт у выглядзе стромкай вежы. У 18—19 ст. узнік адметны тып М., па архітэктуры блізкі да касцёла: зруб пад 2-схільным дахам з вежай-мінарэтам. Унікальным помнікам архітэктуры з рысамі класічнага Усходу з’яўлялася М. з в. Даўбучкі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. (18 ст.) з 12-гранным купалам, галерэяй і 3-ярусным мінарэтам. Шмат М. будавалі на ўзор правасл.царк. архітэктуры. М. на Беларусі мелі асобныя памяшканні для мужчын і жанчын, падзеленыя сцяной з шырокім акном, закрытым кратамі-балясінамі, з тонкай занавескай (муслінавай). Міхраб знаходзіўся ў мужчынскай палавіне. Падлогу засцілалі зялёнымі суконнымі коўдрамі (кілімамі), круглымі дыванкамі (чалунамі) з імёнамі продкаў падзвіжнікаў. Для старых і хворых уздоўж сцен ставілі лавы, засланыя зялёнымі посцілкамі. На падлозе і сценах былі ваўняныя дываны з выявамі славутых М., мугіры з тэкстамі Карана, імёнамі святых, відарысамі Меккі і інш. У 1-й пал. 20 ст. існавалі Іўеўская мячэць, М. ў вёсках Некрашунцы Воранаўскага р-на (паводле падання, прыход засн. ў 1415, у 1915 М. спалена, адбудавана ў 1926), Лоўчыцы Навагрудскага р-на (1688), г.п. Мір Карэліцкага р-на (да 1795, адбудавана нанава ў 1840), г. Навагрудак (1796, адноўлена ў 1855), вёсках Крушыняны (Гродзенскі пав., 18 ст.) і Асмолава Навагрудскага р-на (1924—25), у гарадах Слонім (1804, у 1881 згарэла, у 1882 адбудавана) Гродзенскай вобл., Ляхавічы Брэсцкай вобл. (1815, разбурана ў 1917, у 1924—28 адноўлена), Мядзел (1840, спалена ў грамадз. вайну, у 1930 адбудавана), Клецк (1881, буд-ва фундавалі Радзівілы, рамантавалася ў 1911, 1930—31), Узда, Капыль, г.п. Смілавічы (19 — пач. 20 ст.) Мінскай вобл., Мінску (1901, адзіная мураваная М. на Беларусі), г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (1860—65, у грамадз. вайну спалена, у 1930—32 адбудавана, з 1999 дзейнічае). Захаваліся М. ў вёсках Даўбучкі (перавезена ў Бел.дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту), Лоўчыцы (рэшткі), Іўі, Навагрудку. М. адбудаваны ў Слоніме (1994), у Навагрудку (1996), адкрыта новая М. у Смілавічах (1996). Распрацаваны праекты аднаўлення і рэстаўрацыі М. у Даўбучках, Лоўчыцах, Мінску.
Літ.:
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Drozd A, Dziekan M.M., Majda T. Meczety i cmentarze Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 1999.
А.І.Лакотка.
Мячэці: 1 — у г.п. Смілавічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобл., 1996; 2 — з вёскі Даўбучкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. (праект рэстаўрацыі для Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, аўтар А.І.Лакотка); 3 — суніцкая ў г. Уладзікаўказ (Паўночная Асеція), 1906—08, арх. І.Плашко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Ту літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека
(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.Коласа, К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.
2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.Васілька, М.Засіма, А.Салагуба),
сучасных бел. пісьменнікаў (У.Караткевіча, Н.Гілевіча) стварыў У.Калеснік.
У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл.Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.
Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл.Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.Дзюрэр, Л.Кранах Старэйшы, Г.Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.Госарт, Р.Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.Халс у Нідэрландах, Д.Веласкес, Ф.Гоя, Ф.Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.Вато, Ж.Гудон, К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.А.Фраганар, Ж.Б.С.Шардэн у Францыі, У.Хогарт у Вялікабрытаніі, П.Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.Гейнсбара, А.Стывенс, Дж.Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.Сцюарт у ЗША, Ж.Л.Давід, Э.Дэлакруа, Г.Курбэ, Т.Жэрыко, Ж А.Энгр у Францыі, В.Лейбль, А.Менцэль у Германіі, А.Каўфман у Швейцарыі, Я.Матэйка ў Польшчы, А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, К.Брулоў, І.Вішнякоў, М.Ге, І.Крамской, А.Кіпрэнскі, Дз.Лявіцкі, В.Пяроў, Ф.Рокатаў, І.Рэпін, Ф.Шубін у Расіі і інш.).
На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.Дэга, Э.Манэ, А.Радэн, А.Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.Какошка, А.Мадыльяні, П.Пікасо, П.Сезан і інш., скульптары — А.Бурдэль, А.Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.Аненкава, А.Галавіна, В.Сярова, М.Урубеля, Б.Кустодзіева, М.Ларыёнава, П.Малявіна, К.Сомава, З.Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.Гутуза (Італія), Л.Ласанскага, Э.Уорхала (ЗША), І.Глазунова, П.Канчалоўскага, П.Корына, М.Несцерава, К.Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.Дунікоўскага (Польшча), Дж.Манцу (Італія), Ф.Крэмера (Германія), В.Мухінай (Расія) і інш.
На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл.Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.Шрэтэр, графікі Г.Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.Аляшкевіч, Ц.Бычкоўскі, А.Главацкі, Я.Дамель, С.Заранка, К.Карсалін, Ф.Смуглевіч, І.Хруцкі, А.Шэмеш, графікі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Т.Кіслінг, Я.Клямбоўскі, К.Кукевіч, Ю.Пешка, скульптары Я.Астроўскі, К.Ельскі, Р.Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ю.Пэн, А.Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.Ахрэмчык, А.Бразер, Г.Віер, В.Волкаў, А.Грубэ, К.Змігродскі, М.Станюта, М.Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.Азгур, А.Анікейчык, Л.Асядоўскі, А.Бембель, М.Будавей, С.Вакар, Г.Вашчанка, М.Данцыг, Л.Дударэнка, Я.Зайцаў, М.Кірэеў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, А.Малішэўскі, А.Марачкін, В.Маркавец, І.Міско, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Пасюкевіч, Ю.Піскун, В.Пратасеня, І.Пратасеня, А.Пушкін, М.Савіцкі, В.Сахненка, У.Стальмашонак, І.Стасевіч, І.Фяцісаў, Я.Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.Шаранговіч, А.Шыбнёў, Л.Шчамялёў і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;
Беларуская станковая графіка / Склад. В.Ф.Шматаў. Мн., 1978;
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
А.М.Пяткевіч (літаратура), М.Л.Цыбульскі.
К.Брулоў. Партрэт графіні Ю.Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.А.Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.Да арт.Партрэт. П.Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.Да арт.Партрэт. З.Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.У.Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.Да арт.Партрэт. М.Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.Да арт.Партрэт. М.Будавей. А.Макаёнак. 1985.Да арт.Партрэт. Ю.Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕ́Й (Brunei),
Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м.Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г.Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).
Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.
Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр.ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс.чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.
Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач.н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.
У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл.ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд.м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн.т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн.т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс.км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.
Літ.:
Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬ (Янка) (Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыязб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.Жалезняковіч і Р.Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і У.Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, І.Крылова, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, А.Даўжэнкі, І.Друцэ, Э.Ажэшкі, М.Канапніцкай, Б.Пруса, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, Я.Бранеўскай і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1979—81;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1992—93;
Пішу як жыву. Мн., 1994.
Літ.:
Канэ Ю. Янка Брыль: Критико-биогр. очерк. М., 1964;
Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;
Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;
Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;
Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч.Мн., 1982. Т. 2;
Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛГЕБРА,
навука пра сістэмы аб’ектаў той ці інш. прыроды, у якіх устаноўлены аперацыі, па сваіх уласцівасцях падобныя на складанне і множанне лікаў (алг. аперацыі). Задачы і метады алгебры ствараліся паступова, у выніку пошукаў агульных прыёмаў рашэння аднатыпных арыфм. задач (пераважна састаўлення і рашэння ўраўненняў).
Вялікі ўплыў на развіццё алг. ідэй і сімволікі зрабіла «Арыфметыка» Дыяфанта (3 ст.). Тэрмін «алгебра» паходзіць ад назвы твора Мухамеда аль-Харэзмі «Альджэбр аль-мукабала» (9 ст.), які мае агульныя метады рашэння алгебраічных ураўненняў (АУ) 1-й і 2-й ступеняў. У канцы 15 ст. замест грувасткіх слоўных апісанняў алг. дзеянняў у матэм. творах з’яўляюцца знакі «+» і «-», потым знакі ступеняў, кораняў, дужкі. У канцы 16 ст. Ф.Віет першы выкарыстаў літарныя абазначэнні. Да сярэдзіны 17 ст. ў асн. склалася сучасная алг. сімволіка. У далейшым погляд на алгебру мяняўся. Алгебра 17—18 ст. займалася літарнымі вылічэннямі (рашэнне АУ, тоеснае пераўтварэнне формул і інш.) у адрозненне ад арыфметыкі, якая аперыруе канкрэтнымі лікамі. Да сярэдзіны 18 ст. алгебра склалася прыблізна ў аб’ёме цяперашняй т.зв. элементарнай алгебры. Алгебра 18—19 ст. з’яўляецца ў асн. алгебрай мнагачленаў. Першай гіст. задачай алгебры было рашэнне АУ з адным невядомым. У 16 ст.італьян. матэматыкамі была знойдзена формула для рашэння ўраўненняў 3-й ступені (формула Кардана), потым метад рашэння ўраўненняў 4-й ступені (метад Ферары). Амаль 3 стагоддзі вёўся пошук формулы для рашэння ўраўненняў вышэйшай ступені. У 17 ст. ўпершыню выказана А.Жырарам, а ў канцы 18 ст. К.Гаўсам даказана асн. тэарэма алгебры аб існаванні камплекснага кораня для адвольных АУ з камплекснымі каэфіцыентамі. У 1824 Н.Абель даказаў, што ўраўненне вышэй 4-й ступені ў агульным выпадку ў радыкалах невырашальнае, а ў 1830 Э.Галуа знайшоў крытэрый вырашальнасці ў радыкалах АУ. Разам з тэарэмай АУ з адным невядомым разглядаліся сістэмы АУ з многімі невядомымі, у прыватнасці сістэмы лінейных ураўненняў, у сувязі з чым узніклі паняцці матрыцы і дэтэрмінанта. З сярэдзіны 19 ст. даследаванні ў алгебры паступова пераносяцца з тэорыі АУ да вывучэння адвольных алг. аперацый. Абстрактнае паняцце алг. аперацыі ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з даследаваннем прыроды камплексных лікаў, а таксама ў выніку з’яўлення прыкладаў алг. аперацый над элементамі зусім інш. прыроды, чым лікі, — складанне і множанне матрыц і інш.
У пачатку 20 ст. алгебра стала разглядацца як агульная тэорыя алг. аперацый на аснове аксіяматычнага метаду (сфарміравалася пад уплывам прац Ц.Гільберта, Э.Штэйніца, Э.Арціна, Э.Нётэр і інш.). Сучасная алгебра вывучае мноствы адвольнай прыроды з зададзенымі на іх алг. аперацыямі (г.зн. алгебра ці універсальныя алгебра). Доўгі час вывучаліся толькі некалькі тыпаў універсальных алгебраў — групы, кольцы, лінейныя прасторы. Пазней пачалося вывучэнне абагульненняў паняцця групы — паўгрупы, квазігрупы і лупы. Разам з асацыятыўнымі кольцамі і алгебрай пачалі вывучацца і неасацыятыўныя кольцы і алгебра. Асацыятыўна-камутатыўныя кольцы і палі з’яўляюцца асн. аб’ектам вывучэння камутатыўнай алгебры, з якой цесна звязана алгебраічная геаметрыя. Важным тыпам алгебры з’яўляюцца структуры. Лінейныя прасторы, модулі, а таксама іх лінейныя пераўтварэнні і сумежныя пытанні вывучае лінейная алгебра, часткай якой з’яўляюцца тэорыі лінейных ураўненняў і матрыц. Да лінейнай алгебры прымыкае полілінейная алгебра. Першыя працы па агульнай тэорыі адвольных універсальных алгебраў належаць Г.Біркгафу (1830-я г.). У тыя ж гады А.І.Мальцаў і А.Тарскі заклалі асновы тэорыі мадэляў — мностваў з зададзенымі на іх адносінамі. У выніку цеснага збліжэння тэорыі універсальных алгебраў з тэорыяй мадэляў узнік новы раздзел алгебры, сумежны з алгебрай і матэматычнай логікай, — тэорыя алг. сістэм, якая вывучае мноствы з зададзенымі на іх алг. аперацыямі і адносінамі (гл.Алгебра логікі). Дысцыпліны, сумежныя з алгебрай і інш. часткамі матэматыкі, вызначаюцца ўнясеннем ва універсальныя алгебры дадатковых структур, узгодненых з алг. аперацыямі і адносінамі: тапалагічная алгебра, у т. л. тапалагічныя групы і групы Лі, тэорыя ўнармаваных кольцаў, дыферэнцыяльная алгебра, тэорыі розных упарадкаваных алгебраў. Да сярэдзіны 1950-х г. сфарміравалася гамалагічная алгебра, карані якой ляжаць у алгебры і тапалогіі.
Алг. паняцці і метады выкарыстоўваюцца ў геаметрыі, тэорыі лікаў, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, метадах вылічэнняў і інш. Алгебра мае вял. дачыненне да фізікі (выяўленні груп у квантавай фізіцы), крышталяграфіі (дыскрэтныя групы), кібернетыкі (тэорыі аўтаматаў і кадзіравання), матэм. эканомікі (лінейныя няроўнасці) і інш.Сістэм. даследаванні па алгебры на Беларусі пачалі Дз.А.Супруненка (1945) і С.А.Чуніхін (1953). Вядуцца пераважна ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це ў школах У.П.Платонава, А.Я.Залескага, Л.А.Шамяткова.
Літ.:
Математика, её содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;
Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр.М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСІЗА́ЦЫЯ,
палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел.вызв. руху, у ідэях бел.нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел.нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.Г.Кнорыным, В.А.Багуцкім, А.М.Асаткіным-Уладзімірскім, А.І.Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэнне бел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.Лёсік). У лют. 1921 ЦВКБССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-тбел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВКСССР і ЦВКБССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’езд КП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБКП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел. народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦККП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВКБССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВКБССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.І.Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г.бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.
Літ.:
Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;
Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.