ПЕДЫЯТРЫ́Я [грэч. pais
(paidos) дзіця + iatreia лячэнне),
вобласць клінічнай медыцыны, якая вывучае здароўе дзяцей у працэсе развіцця, іх анатомію, фізіялогію, паталогію; распрацоўвае метады прафілактыкі і лячэння дзіцячых хвароб, што пагражаюць іх гарманічнаму развіццю ці ўяўляюць небяспеку для жыцця. Уключае праблемы ўзроставай марфалогіі, біяхіміі, імуналогіі, пытанні, сумежныя з гігіенай дзяцей і падлеткаў, педагогікай. Асн. кірунак П. — прафілактычны. Як навука вылучылася ў 19 ст. Кафедры дзіцячых і хвароб створаны ў Пецярбургу (1865), Маскве (1866), Мінску (1924). Заснавальнік рас. клінічнай П. — Н.Ф.Філатаў. На Беларусі школу П. заснаваў В.А.Лявонаў. Пад яго кіраўніцтвам вывучаліся клініка і метады лячэння эпідэмічнага цэрэбраспінальнага менінгіту, праблемы рэўматызму, туберкулёзу, узбагачэння прадуктаў харчавання мікраэлементамі і інш. У 1932 створана Бел. навук. мед. т-ва дзіцячых урачоў; у 1964 пры Мінскім мед. ін-це — факультэт П. (па ініцыятыве І.Н.Усава). Нефралогію дзіцячага ўзросту вывучаюць Л.Г.Кажарская, А.В.Сукала, Э.К.Капітонава; дзіцячую кардыялогію — Р.Э.Мазо, Л.М.Бяляева; захворванні органаў дыхання — А.С.Левін, М.І.Лягенчанка, Т.М.Вайтовіч; бранхіяльную астму — Т.М.Сукаватых, І.В.Васілеўскі; гематалогію — М.П.Паўлава, гастраэнтэралогію — М.П.Шэйбак; хірургію — АС.Мішараў, У.А.Кацько і інш. Створаны анестэзіялагічна-рэанімацыйная служба, онкагематалагічны цэнтр. Дзейнічае школа неанатолагаў (асаблівасці развіцця дзяцей і лячэнне захворванняў у першыя 28 дзён жыцця). Пытанні П. даследуюцца ў БелНДІ аховы мацярынства і дзяцінства, мед. ін-тах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.
Літ.:
Справочник семейного врача: Педиатрия. 2 изд. Мн., 1998;
Справочник по лечению детских болезней. 2 изд. Мн., 1999;
Жерносек В.Ф., Василевский И.В., Дюбкова Т.П. Бронхиальная астма у детей: (Практ. руководство). Мн., 1999;
Энциклопедия детского невролога. Мн., 1993.
І.В.Васілеўскі.
т. 12, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)