ЧАБУКІЯ́НІ Вахтанг Міхайлавіч (12.3.1910, Тбілісі — 6.4.1992),

грузінскі і рас. артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1950), Герой Сац. Працы (1990). Скончыў балетную студыю М.​Перыні (1924). З 1929 артыст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.​М.​Кірава. У 1941—73 гал. балетмайстар, саліст (да 1968) Груз. т-ра оперы і балета. Адначасова ў 1950—73 выкладчык і маст. кіраўнік Тбіліскага харэаграфічнага вучылішча, у 1960—70 у Тэатр. ін-це імя Ш.​Руставелі. Танцоўшчык гераічнага плана, валодаў рэдкімі прыроднымі данымі і віртуознай тэхнікай. Выканаў партыі: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жэром («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), Альберт, Раб («Жызэль», «Карсар» А.​Адана) і інш. Абагульніў традыцыі класічнага балета і груз. танц. мастацтва, стварыў асаблівы стыль сцэн. танца. Паставіў балеты «Сэрца гор» А.​Баланчывадзе (1938), «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1939), «Сінатле» Р.​Кіладзе (1947), «Горда» Д.​Тарадзе (1949), «Атэла» А.​Мачаварыяні (1957; Ч. — Атэла), «Дэман» С.​Цынцадзе (1961), «Гамлет» Р.​Габічвадзе (1971), «Апасіяната» Л.​Бетховена (1980) і інш., фільмы-балеты. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948, 1951. Ленінская прэмія 1958.

В.Чабукіяні ў ролі Атэла.

т. 17, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ЙНЫ КУСТ, чай (Thea),

род кветкавых раслін сям. чайных; часам уключаюць у род камелія. 2 віды: Ч.к. кітайскі (T. sinensis) і асамскі (T. assamica), які часта лічаць разнавіднасцю кітайскага. Радзіма — горныя раёны Паўд.-Усх. Азіі. Уведзены ў культуру з 4 ст. н.э. ў Кітаі, з 9 ст. — у Японіі і Карэі, з пач. 19 ст. — у Інданезіі, Індыі, Шры-Ланцы; вырошчваюць у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, В’етнаме, Іране, Турцыі і краінах Б. Усходу. Чайны напой у Еўропе спажываюць з 16 ст.

Невял. вечназялёныя дрэвы (у культуры — кусты). Жывуць 100 і больш гадоў. Лісце кароткачаранковае, эліптычнае, даўж. 7—10 см. Кветкі адзіночныя або па 2—4 у пазухах лісця, белыя ці ружовыя, духмяныя. Плод — каробачка. Лісце Ч.к. мае 1,5—3,5% кафеіну, 20—24% дубільных рэчываў, флаваноіды, вітаміны групы B, C, нікацінавую і пантатэнавую к-ты. З лісця і маладых парасткаў (флешаў) выпрацоўваюць прадукт (байхавы, плітачны і інш. чай), з якога гатуюць напітак; з адходаў атрымліваюць кафеін, вітамінныя прэпараты, вяжучыя сродкі; з насення — алей. Лек., харч., тэхн. расліны.

Парасткі, лісце і кветка чайнага куста кітайскага.

т. 17, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЕ́ВІЧ Станіслаў (15.8.1728, с. Шламава каля г. Каўнас, Літва — 20.7.1785),

каталіцкі рэлігійны дзеяч. Чл. ордэна езуітаў з 1743. У 1747—50 вывучаў тэалогію ў Вільні, Мінску і Слуцку, потым да 1757 — у Віленскім ун-це. У 1756 пасвячоны ў ксяндза. У 1759—68 у Рыме, сакратар і пракуратар Польскай правінцыі езуітаў пры генерале ордэна В.​Рычы. З 1768 на Беларусі. У 1772, калі да Рас. імперыі была далучана ўсх. Беларусь, стаў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума. З 15.10.1773 віцэ-правінцыял езуітаў на далучанай да Расіі ч. Беларусі. У ліст. 1773 ён з Г.​Лянкевічам і Ю.​Катэнбрынгам ад імя ўсіх езуітаў, у т. л. замежных, прысягнулі Кацярыне II, чым дамагліся легалізацыі дзейнасці езуітаў у Рас. імперыі. У студз. 1774 Кацярына II вызваліла езуітаў ад падаткаў і забараніла не толькі абвяшчаць, але і прывозіць у Расію булу рымскага папы Клімента XIV аб забароне ордэна езуітаў (1773). У 1780 Ч. дамогся адкрыцця ў Полацку езуіцкага навіцыяту, што вырашыла праблему пераемнасці кадраў у ордэне. Шмат увагі аддаваў дзейнасці школ.

Т.​Б.​Блінова.

С.Чарневіч.

т. 17, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХЕ́ЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва сярэдзіны 19 ст. ў б. маёнтку Чахец (цяпер в. Каштанаўка Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1853—1939 належаў памешчыку А.​Ф.​Кернажыцкаму і яго нашчадкам па жаночай лініі Дзяконскім (з 1873). Мураваны сядзібны дом складаецца з 2 аб’ёмаў, мае рысы позняга класіцызму. Гал. аб’ём 1-павярховы, у плане выцягнуты прамавугольнік, пад 2-схільным дахам. Уваход аформлены 4-калонным порцікам. З боку паркавага фасада тэраса. Справа да гал. аб’ёму прымыкае 2-павярховы корпус. Дом моцна пашкоджаны. Парк (пл. 12 га) пейзажнага тыпу на раўнінным рэльефе. Перад домам партэрная ч. парку, за ім — ландшафтная, заканчваецца вадаёмам. Пераважаюць мясц. пароды дрэў, з экзотаў растуць хвоя веймутава, вяз амерыканскі, лістоўніца сібірская, бук лясны. Ансамбль знаходзіцца на тэр. Пружанскага агр.-тэхн. каледжа.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;

Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. 2 wyd. Wrocław etc., 1992. T. 2. S. 31—32.

Ю.​В.​Бажэнаў.

Чахецкі сядзібна-паркавы ансамбль Сядзібны дом. Фота 1939.

т. 17, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУРСІНА́ Людміла Аляксееўна (н. 20.7.1941, Душанбе),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1965). З 1963 у Т-ры імя Я.​Вахтангава, у Т-ры-студыі кінаакцёра пры кінастудыі «Ленфільм», з 1974 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.​Пушкіна, з 1984 у Цэнтр. т-ры Рас. Арміі. Яе творчай манеры ўласціва імкненне да стварэння складаных вобразаў, паказу развіцця характару ў барацьбе з сабой і знешнімі абставінамі: Ліза («Дзеці сонца» М.​Горкага), Саша («Іванаў» А.​Чэхава), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), імператрыца Марыя Фёдараўна («Павел I» Дз.​Меражкоўскага), лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра). З 1961 здымаецца ў кіно: «Данская аповесць» (1965), «Угрумрака» (тэлефільм), «Журавушка» (прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне), «Вірынея» (усе 1969), «Любоў Яравая» (1970, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Алеся» (1971), «Прывалаўскія мільёны» (1973), «І гэта ўсё пра яго» (1977, тэлефільм), «Факты мінулага дня» (1981), «Каханне немаладога чалавека» (1990), «Графіня», «Справа Сухаво-Кабыліна» (абодва 1991), «Хагітрагер» (1994), «Чорны пакой» (2000, тэлесерыял) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1970.

Літ.:

Актеры советского кино. Вып. 7. М., 1971.

т. 17, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМІ́ЛІНА,

гарадскі пасёлак, цэнтр Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. Чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк; аўтадарогі на Віцебск, Полацк, Бешанковічы, Гарадок. За 40 км ад г. Віцебск. 7,9 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч., тарфяной, мясц. прам-сці. 2 сярэднія і юнацка-спарт. школы, Палац культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, 2 аддз. сувязі. Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла бел. партызан і ахвяр фашызму. Вайсковыя могілкі.

У 19 ст. вёска ў Ловажскай вол. Полацкага пав. Віцебскай губ. У 1866 у Ш. 38 ж., 5 гаспадарак, 13 пабудоў. Пасля будаўніцтва Рыга-Арлоўскай чыг. (1886) пабудаваны чыг. станцыя (да 1962 наз. Сіроціна), царква; вёска вырасла ў мястэчка. З 1924 цэнтр Шумілінскага раёна (да 1961 Сіроцінскага р-на) Віцебскай акр. (1924—30), з 1938 — Віцебскай вобл.; з 1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 8.7.1941 да 23.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія знішчылі ў Ш. і раёне 1,5 тыс. чал. У 1962—66 Ш. ў складзе Віцебскага р-на.

Літ.:

Память: Ист.-док. хроника Шумилинского р-на. Мн., 1985.

т. 17, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБАКО́Ў Георгій Барысавіч (22.8.1917, Масква — 9.6.1989),

бел. рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1963). Праф. (1977). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1939). Працаваў у т-рах Масквы, Вільнюса і інш. У 1966—89 выкладаў у Маскоўскім ін-це культуры. З 1958 гал. рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Коласа, у 1962—64 — Бел. т-ра імя Я.​Купалы. Яго рэжысуры ўласціва спалучэнне наватарскіх пошукаў з нац. традыцыямі сцэн. мастацтва, выразнае пастановачна-відовішчнае ўвасабленне задумы. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.​Коласа — «Пачатак жыцця» К.​Фіна, «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (абодва 1958), «Бітва ў дарозе» паводле Г.​Нікалаевай (1959), «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава, «Лявоніха» П.​Данілава (абодва 1960), «Крыніцы» паводле І.​Шамякіна (1961), «Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча (1967); у т-ры імя Я.​Купалы — «Першая старонка» Н.​Івантар, «Сябры і гады» Л.​Зорына, «Рускія людзі» К.​Сіманава (усе 1963), «Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра (1964), «Працяг» Д.​Валеева (1973).

Літ.:

Халип В. Строка, прочтенная театром. Мн., 1973.

Б.​І.​Бур’ян.

Г.Б.Шчарбакоў.

т. 17, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫТ,

1) элемент засцерагальнага ўзбраення, якое прыкрывала цела воіна ад паражэння халоднай або кідальнай зброяй. Выкарыстоўваўся з часоў каменнага веку да 15—17 ст. (у некат. народаў Цэнтр. Афрыкі, Аўстраліі, Акіяніі, Паўд. Амерыкі захаваўся да 20 ст.). Ш. рабілі з дрэва, скуры, плеценых прутоў, акоўвалі бронзай, жалезам; форма — круглая, авальная, прамавугольная, трохвугольная, часцей з выгнутай плоскасцю. Часта ўпрыгожваўся маст. выявамі; з 12 ст. на Ш. з’явіліся сімвалы — зачаткі гербаў. Ш. быў прыкметай доблесці і перамогі; на ім давалі клятву воіны, на ім неслі воіна, што загінуў у баі; яго згуба ў баі для воіна была ганьбай і жорстка каралася.

2) Бранявое пакрыцце (лісты з бранявой сталі таўшчынёй 3—10 мм з выразам для прыцэлу) у некат. артыл. гармат і кулямётаў для засцярогі разліку і механізмаў зброі ад куль і асколкаў. Мела пашырэнне з пач. 20 ст. 3) Плывучая (несамаходная) мішэнь, якую выкарыстоўваюць для практычнай стральбы на моры.

Да арт. Шчыт: 1 — славянскіх воінаў 6—7 ст. (а — з бяросты; б — з лазовых дубцоў); 2 — гусарскі шчыт-тарч 16 ст.

т. 17, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТРА́ДНАЯ МУ́ЗЫКА параўнальна невял. муз. творы

(эстр. і масавыя песні, танц. музыка, эстр. інстр. мініяцюры, асобныя разнавіднасці джаза, апрацаваныя нар. песні і інш.),

якія вызначаюцца прастатой успрымання, кампазіцыйнай нескладанасцю. Нярэдка атаясамліваецца з лёгкай музыкай; мяжуе з паняццем «поп-музыка». Тэрмін «Э.м.» ўвёў Л.​Уцёсаў у 1948. Выкарыстоўваецца для абазначэння музыкі 19—20 ст. Лепшыя творы бел. Э.м. характарызуюцца глыбінёй лірычных эмоцый, мяккай манерай выканання, знешняй стрыманасцю, зместам. Э.м. на Беларусі звязана з дзейнасцю кампазітараў У.​Будніка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, А.​Елісеенкава, В.​Іванова, І.​Лучанка, У.​Мулявіна, В.​Раінчыка, Ю.​Семянякі, Р.​Суруса, Э.​Ханка, А.​Шпянёва; дырыжораў Ю.​Бяльзацкага, Б.​Райскага, М.​Фінберга; спевакоў В.​Вуячыча, Э.​Міцуля, А.​Падгайскага, В.​Прышчапёнка, Ю.​Смірнова, М.​Шуманскага, В.​Юневіча, а таксама І.​Афанасьевай, Н.​Багуслаўскай, Я.​Еўдакімава, С.​Кульпы, В.​Кучынскага, Я.​Навуменкі, В.​Пархоменкі, Т.​Раеўскай, А.​Саладухі, М.​Скорыкава, Г.​Халшчанковай, В.​Шутавай; вакальна-інстр. ансамбляў «Песняры», «Верасы», «Сябры», «Чараўніцы» і інш.

Літ.:

Конников А. Мир эстрады. М., 1980;

Мархасев Л. В легком жанре. Л., 1984.

Н.​А.​Юўчанка.

т. 18, кн. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛЕ́НСКІ Іосіф Міхайлавіч (1756, б. маёнтак Свентарэчча Шавельскага пав., Літва —23.3.1813),

бел. публіцыст эпохі Асветніцтва. Дзяцінства прайшло ў в. Малыя Прудкі на Мазыршчыне (Гомельская вобл.). Вучыўся ў школе мернікаў у Гродне. Працаваў пісарам, землямерам, бухгалтарам, сплаўшчыкам лесу, каморнікам на Мазыршчыне і Полаччыне (Віцебская вобл.). У пач. 1790-х г. часта бываў у Пецярбургу, дзе ў 1794 арыштаваны. Прыняў праваслаўе і сасланы ў Салавецкі манастыр (пад імем Аляксей). У 1801 пасля выхаду з манастыра ўступіў у секту скапцоў. Аўтар рукапісных (на польскай мове) маніфестаў «Пераклад польскага права, усенародна складзенага» (дапаўняўся «Прысягай караля»), «Адозва да народа — агульных сабраццяў нашых» і інш., у якіх выступаў супраць прыгоннага права, заклікаў змагацца за «вольнасць», выказваўся за дэмакр. рэспубліку. Найб. значны яго твор на рус. мове з асобнымі беларусізмамі і паланізмамі «Благавесць да Ісраіля Расійскага». У шэрагу твораў (усе рукапісныя) крытыкаваў рэлігію, падтрымліваў рэліг.-апазіц. рух (старавераў). Рукапісы захоўваюцца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве.

Літ.:

Фруменков Г. Узники Соловецкого монастыря. 4 изд. Архангельск, 1979.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)