1) элемент засцерагальнага ўзбраення, якое прыкрывала цела воіна ад паражэння халоднай або кідальнай зброяй. Выкарыстоўваўся з часоў каменнага веку да 15—17 ст. (у некат. народаў Цэнтр. Афрыкі, Аўстраліі, Акіяніі, Паўд. Амерыкі захаваўся да 20 ст.). Ш. рабілі з дрэва, скуры, плеценых прутоў, акоўвалі бронзай, жалезам; форма — круглая, авальная, прамавугольная, трохвугольная, часцей з выгнутай плоскасцю. Часта ўпрыгожваўся маст. выявамі; з 12 ст. на Ш. з’явіліся сімвалы — зачаткі гербаў. Ш. быў прыкметай доблесці і перамогі; на ім давалі клятву воіны, на ім неслі воіна, што загінуў у баі; яго згуба ў баі для воіна была ганьбай і жорстка каралася.
2) Бранявое пакрыцце (лісты з бранявой сталі таўшчынёй 3—10 мм з выразам для прыцэлу) у некат. артыл. гармат і кулямётаў для засцярогі разліку і механізмаў зброі ад куль і асколкаў. Мела пашырэнне з пач. 20 ст. 3) Плывучая (несамаходная) мішэнь, якую выкарыстоўваюць для практычнай стральбы на моры.
Да арт.Шчыт: 1 — славянскіх воінаў 6—7 ст. (а — з бяросты; б — з лазовых дубцоў); 2 — гусарскі шчыт-тарч 16 ст.