ШУМІ́ЛІНА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. Чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк; аўтадарогі на Віцебск, Полацк, Бешанковічы, Гарадок. За 40 км ад г. Віцебск. 7,9 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч., тарфяной, мясц. прам-сці. 2 сярэднія і юнацка-спарт. школы, Палац культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, 2 аддз. сувязі. Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла бел. партызан і ахвяр фашызму. Вайсковыя могілкі.
У 19 ст. вёска ў Ловажскай вол. Полацкага пав. Віцебскай губ. У 1866 у Ш. 38 ж., 5 гаспадарак, 13 пабудоў. Пасля будаўніцтва Рыга-Арлоўскай чыг. (1886) пабудаваны чыг. станцыя (да 1962 наз. Сіроціна), царква; вёска вырасла ў мястэчка. З 1924 цэнтр Шумілінскага раёна (да 1961 Сіроцінскага р-на) Віцебскай акр. (1924—30), з 1938 — Віцебскай вобл.; з 1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 8.7.1941 да 23.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія знішчылі ў Ш. і раёне 1,5 тыс. чал. У 1962—66 Ш. ў складзе Віцебскага р-на.
Літ.:
Память: Ист.-док. хроника Шумилинского р-на. Мн., 1985.
т. 17, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)