ЧАРНЕ́ВІЧ Станіслаў (15.8.1728, с. Шламава каля г. Каўнас, Літва — 20.7.1785),

каталіцкі рэлігійны дзеяч. Чл. ордэна езуітаў з 1743. У 1747—50 вывучаў тэалогію ў Вільні, Мінску і Слуцку, потым да 1757 — у Віленскім ун-це. У 1756 пасвячоны ў ксяндза. У 1759—68 у Рыме, сакратар і пракуратар Польскай правінцыі езуітаў пры генерале ордэна В.​Рычы. З 1768 на Беларусі. У 1772, калі да Рас. імперыі была далучана ўсх. Беларусь, стаў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума. З 15.10.1773 віцэ-правінцыял езуітаў на далучанай да Расіі ч. Беларусі. У ліст. 1773 ён з Г.​Лянкевічам і Ю.​Катэнбрынгам ад імя ўсіх езуітаў, у т. л. замежных, прысягнулі Кацярыне II, чым дамагліся легалізацыі дзейнасці езуітаў у Рас. імперыі. У студз. 1774 Кацярына II вызваліла езуітаў ад падаткаў і забараніла не толькі абвяшчаць, але і прывозіць у Расію булу рымскага папы Клімента XIV аб забароне ордэна езуітаў (1773). У 1780 Ч. дамогся адкрыцця ў Полацку езуіцкага навіцыяту, што вырашыла праблему пераемнасці кадраў у ордэне. Шмат увагі аддаваў дзейнасці школ.

Т.​Б.​Блінова.

С.Чарневіч.

т. 17, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)