ЯЛЕ́НСКІ Іосіф Міхайлавіч (1756, б. маёнтак Свентарэчча Шавельскага пав., Літва —23.3.1813),

бел. публіцыст эпохі Асветніцтва. Дзяцінства прайшло ў в. Малыя Прудкі на Мазыршчыне (Гомельская вобл.). Вучыўся ў школе мернікаў у Гродне. Працаваў пісарам, землямерам, бухгалтарам, сплаўшчыкам лесу, каморнікам на Мазыршчыне і Полаччыне (Віцебская вобл.). У пач. 1790-х г. часта бываў у Пецярбургу, дзе ў 1794 арыштаваны. Прыняў праваслаўе і сасланы ў Салавецкі манастыр (пад імем Аляксей). У 1801 пасля выхаду з манастыра ўступіў у секту скапцоў. Аўтар рукапісных (на польскай мове) маніфестаў «Пераклад польскага права, усенародна складзенага» (дапаўняўся «Прысягай караля»), «Адозва да народа — агульных сабраццяў нашых» і інш., у якіх выступаў супраць прыгоннага права, заклікаў змагацца за «вольнасць», выказваўся за дэмакр. рэспубліку. Найб. значны яго твор на рус. мове з асобнымі беларусізмамі і паланізмамі «Благавесць да Ісраіля Расійскага». У шэрагу твораў (усе рукапісныя) крытыкаваў рэлігію, падтрымліваў рэліг.-апазіц. рух (старавераў). Рукапісы захоўваюцца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве.

Літ.:

Фруменков Г. Узники Соловецкого монастыря. 4 изд. Архангельск, 1979.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)