птушка сям. зязюлевых атр. зязюлепадобных. Пашырана ўсюды, акрамя п-авоў Аравійскага і Індастан, паўд.ч. Індакітая, Арктыкі і Антарктыды. Жыве ў лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, у парках і садах, у гарах, па ўскраінах пустынь. Трымаецца па адной, радзей парамі. На Беларусі звычайны гнездавальны і пралётны від.
Даўж. да 40 см, маса да 370 г. У дарослых самцоў спіна і хвост цёмна-шэрыя, горла, валляк і грудзі светла-шэрыя, ніз белы з цёмнымі папярочнымі палосамі. Самкі бураватыя зверху, з вохрыстым налётам на валляку або спіна і верх галавы ржаўчата-рыжыя з чорнымі і белымі папярочнымі палосамі. Маладыя птушкі шараватыя або рыжаватыя, з больш цёмнай папярочнай паласатасцю. Кукуе самец. Самка нясе да 25 яец, якія па адным падкладвае ў гнёзды (гнездавы паразітызм) пераважна вераб’інападобных птушак. Птушаняты З. праз 10—16 гадз пасля нараджэння выкідваюць з гнёздаў яйцы і птушанят прыёмных бацькоў. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬСНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯвідмадуляцыі ваганняў, у выніку якой нясучыя ваганні (гарманічныя ці паслядоўнасць імпульсаў) набываюць выгляд кароткачасовых радыёімпульсаў або паслядоўнасці відэаімпульсаў (гл.Відэасігнал, Імпульс электрычны). Ажыццяўляецца з дапамогай імпульсных мадулятараў. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, гідра- і радыёлакацыі, аптычнай сувязі, радыёсувязі, тэлеметрыі, тэлекіраванні і інш.
Пры І.м. перададзены сігнал можа змяняць розныя параметры зыходнай паслядоўнасці імпульсаў: амплітуду (амплітудна-імпульсная мадуляцыя), зрушэнне імпульсаў у часе без змены іх працягласці (фазава-імпульсная), працягласць імпульсаў (шыротна-імпульсная). Пры імпульсна-кодавай мадуляцыі розным відам перададзенага сігналу адпавядаюць розныя кодавыя групы імпульсаў. У гідра- і радыёлакацыйных прыладах выпрамяняюцца пакеты (акустычныя ці радыёімпульсы) высокачастотных ваганняў канечнай працягласці з агінальнай, якая мае форму відэаімпульсу. Магчыма камбінаванае выкарыстанне І.м. розных відаў.
Літ.:
Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;
Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Да арт.Імпульсная мадуляцыя: а — зыходны перадавальны сігнал; б — нясучыя імпульсныя відэаваганні; в — відэасігнал з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй; г — гарманічныя нясучыя ваганні; д — радыёімпульсы з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБІ́ДЫ (ад карба... + грэч. eidos від, выгляд),
злучэнні вугляроду з металамі, а таксама крэмніем і борам.
Паводле тыпу хім. сувязі падзяляюць на іонныя (К. шчолачных і шчолачназямельных металаў, рэдказямельных элементаў, актыноідаў і алюмінію), кавалентныя (К. бору і крэмнію карбід) і металападобныя (К. пераходных металаў IV—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, а таксама жалеза, кобальту, нікелю). Пры пакаёвай т-ры крохкія цвёрдыя рэчывы. Іонныя К. раскладаюцца вадой з вылучэннем метану, ацэтылену ці сумесі вуглевадародаў (гл.Кальцыю карбід). Кавалентныя і металападобныя К. тугаплаўкія, гарачаўстойлівыя, хімічна інертныя, маюць высокую цвёрдасць, найб. — у К. бору (гл.Бору злучэнні), крэмнію і берылію. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў ці аксідаў металаў з вугляродам у вакууме або інертным асяроддзі пры высокіх т-рах; металатэрмічным спосабам — аднаўленнем аксідаў металаў магніем, кальцыем ці алюмініем у прысутнасці вугляроду. Выкарыстоўваюць для атрымання цвёрдых сплаваў (К. вальфраму WC, тытану TiC, танталу TaC і інш.), гарачаўстойлівых і гарачатрывалых кампазіцыйных матэрыялаў, як аднаўляльнікі і каталізатары ў хім. працэсах. Гл. таксама Жалезавугляродзістыя сплавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁН (Acer),
род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).
Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЧЭ́ННЕ 1) К. ў супраціўленні матэрыялаў — віддэфармацыі, які характарызуецца ўзаемным паваротам папярочных сячэнняў стрыжня (вала, пласціны, абалонкі) пад уздзеяннем знешніх момантаў сілы (пар сіл).
Пры К. прамога круглага стрыжня ўзнікаюць датычныя напружанні τmax, максімальныя каля яго паверхні:
, дзе Mk — момант сілы, Ip — палярны момант інерцыі, r — радыус сячэння. Пры К. някруглых стрыжняў (напр., швелераў, двухтаўраў) іх папярочныя сячэнні скрыўляюцца (дэплануюцца) і К. наз. абмежаваным; пры К. пласцін і абалонак скрыўляюцца іх пасярэднія паверхні. К. ўлічваюцца пры разліках дэталей, механізмаў і канструкцый.
2) К. тэкстыльных матэрыялаў — скручванне валокнаў або нітак пры вырабе кручанай пражы, корду, шпагату і інш. на круцільных машынах. Скручанасць атрыманых прадуктаў характарызуецца круткай — лікам віткоў на 1 м даўжыні, вуглом нахілу вонкавых валокнаў або нітак да падоўжнай восі і напрамкам круткі.
І.І.Леановіч.
Кручэнне круглага вала, замацаванага адным канцом: r — радыус вала; l — даўжыня; Θ — вугал закручвання; Мк — момант кручэння; τmax — найбольшыя датычныя напружанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ ТО́КУ,
устройствы, якія пераўтвараюць розныя віды энергіі ў электрычную (у пераменны ток або пастаянны ток). Умоўна падзяляюцца на хім. К.т., у якіх электраэнергія вырабляецца ў выніку акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі (гл.Акісленне-аднаўленне), і фізічныя, якія пераўтвараюць мех., цеплавую, эл.-магн., светлавую, энергію радыяц. выпрамянення і ядз. распаду ў электрычную.
Хімічныя К.т. складаюцца з аднаго або некалькіх гальванічных элементаў. Падзяляюцца на першасныя (аднаразовага выкарыстання; пераважна марганцава-цынкавыя элементы, выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы сілкавання нязначнай магутнасці), другасныя (абарачальныя; электрычныя акумулятары і акумулятарныя батарэі) і паліўныя элементы. Фізічныя К.т. — гідрагенератары, турбагенератары, тэрмаэлектрычныя генератары, магнітагідрадынамічныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, сонечныя батарэі, ядзерныя батарэі і інш. Ад хім. і фіз. К.т. адрозніваюць крыніцы другаснага электрасілкавання, якія пераўтвараюць адзін відэл. энергіі або яе параметры ў другія (трансфарматары электрычныя, выпрамнікі току, інвертары і інш.).
В.І.Вараб’ёў.
Крыніцы току і віды энергіі, якія пераўтвараюцца імі ў электрычную энергію: КТ — крыніцы току; МЭ, ЦЭ, ХЭ, СЭ, АЭ — механічная, цеплавая, хімічная, сонечная, атамная энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,
відвеснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАСПЛА́Ў,
сплаў лесу, транспартаванне лесаматэрыялаў воднымі шляхамі, заснаванае на плывучасці драўніны. Найб. танны (у некаторых раёнах адзіны) від транспартавання драўніны. Адрозніваюць Л. молевы (россыпам), плытавы і кашэльны.
Молевым сплавам транспартуецца не звязанае між сабою бярвенне. Пры плытавым сплаве лес злучаюць у пакеты-пукі (аб’ёмам да 70 м³), з якіх складваюць плыты і буксіруюць параходамі або сплаўляюць уніз па цячэнні. Самасплаўнымі плытамі кіруюць з дапамогай вёслаў, якараў, лотаў. Кашэльны сплаў — нязлучаныя лесаматэрыялы агароджваюць звязаным між сабою бярвеннем і транспартуюць суднамі (буксіроўшчыкамі). Для пропуску лесу праз плаціны, каналы, пад мастамі робяць лесапрапускныя збудаванні. Пры молевым і кашэльным Л. бярвенне тоне, засмечвае рэкі (такі Л. абмяжоўваецца). На Беларусі выкарыстоўвалі молевы Л. (да 1974) і плытавы (да 1998). Л. ажыццяўляўся па рэках: Зах. Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Дняпро, Гарынь. У 1980-я г. аб’ёмы Л. складалі каля 700 тыс.м³ за год. У канцы 1990-х г. аб’ёмы Л. значна скараціліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНЫЯ ГО́НКІ,
скарасны бег на лыжах, від лыжнага спорту. Праводзяцца на перасечанай мясцовасці, у мужчын на 10, 15, 30, 50 і 70 км, эстафета 4 × 10 км; у жанчын на 5, 10 і 20 км, эстафета 4 × 5 км.
Першыя спаборніцтвы па Л.г. праведзены ў 1767 (Нарвегія) на дыстанцыі 4 мілі (6,4 км). У Расіі адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург) на дыстанцыі 1/4 вярсты (0,27 км).
Першыя спаборніцтвы па Л.г. на Беларусі прайшлі ў 1920 (г. Віцебск) і ў 1921 (Мінск, гонка на 5 вёрст). У 1926 адбылася Усебел. лыжная эстафета па гарадах БССР. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1926, зімовыя спартакіяды, у праграме якіх ёсць Л.г., — з 1962. З 1969 разыгрываецца Кубак Беларусі. Бел. спартсмены па Л.г.: Р.Ачкіна — бронз. прызёр X Алімп. гульняў (1968, г. Грэнобль, Францыя), чэмпіёнка свету ў эстафеце (1966), чэмпіёны СССР — В.Камоцкі, С.Сяргееў, Т.Маркашанская, сярэбраныя прызёры зімняй Сусв. універсіяды (1999, Славакія) у эстафеце Я.Амосенка, С.Далідовіч, М.Семяняка, А.Трагубаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),
ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; відпаэт.тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.