АЎТАМАДЭЛІ́ЗМ,
аўтамадэльны спорт, уключае канструяванне і стварэнне мадэляў аўтамабіляў для спаборніцтваў; тэхнічны від спорту. Адрозніваюць 2 тыпы мадэляў: кордавыя і радыёкіроўныя. Кордавыя маюць рухавікі ўнутр. згарання аб’ёмам да 1,5; 2,5; 5 і 10 см³; спаборніцтвы праводзяць на кардадроме — круглай пляцоўцы з бетоннай дарожкай. Радыёкіроўныя паводле тыпу рухавікоў падзяляюцца на мадэлі з рухавікамі ўнутр. згарання і электрычнымі; спаборніцтвы праводзяць на спец. трасах для групавых гонак. На Беларусі спаборніцтвы па аўтамабілізме праводзяць з 1959. Федэрацыя аўтамадэльнага спорту Рэспублікі Беларусь створана ў 1992 (з 1993 член Еўрапейскай федэрацыі). Чэмпіёны б. СССР па аўтамадэлізме (майстры спорту міжнар. класа) — В.Кротчанкаў (1975, 1987), В.Дрозд (1991), чэмпіён і рэкардсмен Рэспублікі Беларусь Кротчанкаў (1992).
т. 2, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)