ГІНАНДРАМАРФІ́ЗМ [ад гін... + грэч. anēr

(andros) мужчына + morphē форма, від),

наяўнасць у аднаго арганізма груп клетак, тканак або органаў з наборам храмасом, характэрным для розных палоў; прыватны выпадак мазаіцызму. Прычынамі гінандрамарфізму могуць быць страта адной з палавых храмасом у асобін гомагаметнага полу на розных стадыях антагенезу, утварэнне ў яйцаклетцы двух жаночых прануклеусаў, апладненне іх рознымі сперміямі і далейшае развіццё аднаго арганізма з двух’ядзернай зіготы. Назіраецца ў некат. ракападобных, насякомых, рыб, земнаводных, птушак. У пазваночных часцей наз. латэральным (аднабаковым) гінандрамарфізмам і праяўляецца толькі будовай палавога апарата, радзей пашыраецца на вонкавыя прыкметы адной палавіны цела. Гінандрамарфізм адрозніваюць ад гермафрадытызму, калі адбываецца сумяшчэнне прыкмет аднаго полу ў адным арганізме, які мае клеткі з аднолькавым наборам храмасом.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)