ПО́ЛАЦКАЯ ДРУКА́РНЯ Дзейнічала ў 1787—1820 у г. Полацк Віцебскай вобл. Створана пры Полацкім езуіцкім калегіуме
(з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Кіраўнікі: Б.Шыркевіч, А.Лянкевіч, Я.Заранек і інш. Шрыфты атрымлівала з Пецярбурга і Варшавы. Выпусціла больш за 500 выданняў пераважна на польск. і лац., часткова на рус., італьян., ням., франц. мовах. Пры друкарні была словалітня. Сярод кніг: падручнікі для вучняў па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма (1788),
па граматыцы лац. мовы (1790, 1794), рыторыцы (1790, 1799), слоўнікі і інш., творы пісьменнікаў І.Беніслаўскага, М.Карыцкага, Я.Каханоўскага, І.Красіцкага, Н.Мусніцкага, А.Нарушэвіча, філосафа В.Бучынскага і інш., пісьменнікаў-палемістаў 16—17 ст. П.Скаргі, І.В.Руцкага, рым. пісьменнікаў Вергілія, Гарацыя, Плінія і інш., літургічная л-ра. З канца 18 ст. выдавала «Каляндар полацкі», дзе змяшчаліся краязнаўчыя матэрыялы (у т. л. пра Полацк), звесткі па гуманітарных і фіз.-матэм. навуках, крытыка-бібліягр. агляды, пераклады, апісанні падарожжаў у Сібір і на Каўказ; з 1818 да лют. 1820 (з перапынкам у 1819) — час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Маст. афармленне выданняў сціплае, гравюр мала, для аздаблення выкарыстоўваўся наборны арнамент, ксілаграфічныя застаўкі.
Літ.:
Мальдзіс А. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;
Умецкая Е.С. «Месенчник Полоцкий» — первый журнал дореволюционной Белоруссии // Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1972. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МША (Андрэй) (каля 1550, в. Пенчын Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — пасля 1599),
бел.паэт. Заснавальнік панегірычнай паэзіі ў стараж.бел. л-ры. Паводле некат. звестак вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні. З 1572 служыў у кн. Радзівілаў. Удзельнік ваен. паходаў. З 1582 жыў у маёнтку Дзявенішкі Ашмянскага пав., пасля быў падстаростам у мяст. Біржы. У 1581 выдаў у Астрогу на Валыні вершаваную «Храналогію» (фактычна памесячны каляндар) на бел. мове. Аўтар панегірычных вершаў на гербы магнатаў А.Валовіча (1585), Л.Сапегі (1588), Ф.Скуміна (1591), паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (Вільня, 1585). Паэма — значная з’ява ў бел. паэзіі канца 16 ст. Яна сведчыць пра ўменне Р. ствараць буйнамаштабныя, складаныя па кампазіцыі творы. Пераклаў з лац. на польскую мову і выдаў твор А.Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... святой зямлі» (Вільня, 1595). На лац. мову вершы Р. пераклаў С.Рысінскі (у «Дзвюх кнігах пісьмаў Саламона Пантэра» 1587).
Тв.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры Мн., 1959. С. 327—330;
У кн.: Archiwum literackie. T. 16. Miscellanea staropolskie. 4. Wroclaw etc., 1972.
Літ.:
Порецкий Я. Неизвестные стихи Андрея Рымши // Нёман. 1969. № 2;
Кавалеў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.Мн., 1993;
Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki: W kręgu radziwiłłowskicgo mecenatu. Poznań, 1965. S. 9—22.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 17 ст. ў г.п. Любча
(Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.) у маёнтку кн. Радзівілаў. Засн., магчыма, Пятром Бластусам Кмітам, які, паводле меркаванняў даследчыкаў, у 1612 перавёз сюды друкарскае абсталяванне з Вільні. Друкарня абслугоўвала пераважна патрэбы кальвіністаў, зрэдку прымала заказы і католікаў. За 20 гадоў Кміта выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. Сярод іх «Апафегматы» Б.Буднага (1614),
«Эпітоме» (1614) і зб. прыказак (1618) С.Рысінскага, «Навагрудскі дыспут» Я.Зыгроўскага (1616), «Гісторыя іудзейскай вайны» І.Флавія (1617), «Генеалогія або кароткае апісанне вялікіх літоўскіх князёў» М.Стрыйкоўскага ў перапрацоўцы С.Доўгірда (1626), «Статут Слуцкай школы» (1628) і інш. З 1632 друкарню ўзначальваў сын Кміты Ян Даніэль, што выдаў кнігу арыянскага аўтара І.Шліхтынга «Аб св. Тройцы супраць Балтазара Мейснера» на лац. мове (1639), панегірыкі і літургічныя творы паводле заказу віленскіх лютэран (усяго 24 назвы). У 1646—55 (або 1656) кіраўніком друкарні быў Ян Ланге, які выдаў 14 кніг пратэстанцкага кірунку, сярод іх «Пастыла» і «Псалтыр» лютэранскага пастара А.Шонфлісіуса. У 1650-я г. некалькі разоў выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.Фурмана. 3 друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.Гётке. Упершыню ў бел. кнігадрукаванні для ілюстравання выданняў шырока выкарыстоўвалася гравюра на медзі.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 130—131;
Topolska M.B. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renessansu i Baroku. Wrocław, 1984. S. 97—101.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦТЭ́КІ (саманазва астэка),
самая вялікая індзейская народнасць Мексікі. 1,07 млн.чал. (1987). Мова — наўатль. У 13 ст. прыйшлі з Пн і пасяліліся ў даліне Мехіка. У 14 ст. стварылі ўласную паліт. структуру, т.зв. горад-дзяржаву Тэначтытлан (сучасны г. Мехіка). У 1428—30 у саюзе з гарадамі-дзяржавамі Тэскока і Тлакапан падпарадкавалі насельніцтва даліны Мехіка, што стала пачаткам стварэння імперыі ацтэкаў, якая ў канцы 15 ст. ўключала цэнтр., усх. і паўд. Мексіку (больш за 500 гарадоў-дзяржаў з нас. 5—6 млн.чал.). У ацтэкаў былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, манум. мастацтва і архітэктура, распрацаваны варыянт іерогліфнага пісьменства, складаная сістэма календара. Найб. вядомы правіцель — кароль Мантэсума II. У 1519—21 ацтэкі заваяваны іспанцамі на чале з Э.Картэсам.
Росквіт мастацтва ацтэкаў прыпадае на 14 — пач. 16 ст.Асн.манум. збудаванні — чатырохгранныя каменныя піраміды з храмам ці палацам на вяршыні. Сцены культавых будынкаў упрыгожвалі рэльефам, размалёўкай, узорыстай муроўкай. Культавая скульптура вызначалася грандыёзнасцю (статуя багіні Каатлікуэ, выш. 2,5 м). Захаваліся помнікі скульптуры 15 ст.: «Камень сонца», т.зв.каляндар ацтэкаў (базальтавы дыск дыяметрам 3,66 м і масай 24 т); выкананыя ў рэаліст. манеры каменныя галовы воінаў («Воін-арол», «Галава мерцвяка», «Смутны індзеец»), невял. каменныя і керамічныя фігуркі рабоў, дзяцей, жывёл. Па-майстэрску рабілі ацтэкі ўпрыгожанні з пер’я, паліхромную кераміку, мазаіку, вазы з абсідыяну, ювелірныя вырабы.
Да арт.Ацтэкі. Дэталь рукапіснага ліста з т.зв. «Кодэкса Барбонікус». 14—16 ст.Да арт.Ацтэкі. Палац Мантэсумы.Да арт.Ацтэкі. Каменная фігурка каёта.Да арт.Ацтэкі. Статуя багіні Каатлікуэ.Да арт.Ацтэкі. Нож ацтэкаў або міштэкаў з інкрустацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАСЕНЬ (назва ад расліны верас, якая цвіце ў гэтым месяцы),
бел. назва 9-га месяца каляндарнага года (30 дзён), пачатак восені на Беларусі. У Стараж. Рыме, у Расіі да канца 15 ст. — 7-ы месяц, у Расіі ў 16—17 ст. — 1-ы месяц года (гл.Каляндар). 22 або 23 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства. 15 верасня працягласць дня ў Мінску 12 гадз 45 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 39,2°. Сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі за месяц 312 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (135 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра 10,5—13,5 °C, у канцы верасня на ПнУ бываюць першыя замаразкі ў паветры (на глебе на 1—2 тыдні раней). Прыкладна 3 разы за 10 гадоў замаразкі ў верасні адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 78—84%, ападкаў 40—65 мм, у асобныя гады больш за 100 мм (180 мм, Жыткавічы, 1906, Слонім, 1952) або менш за 10 мм (2 мм, Брэст, 1902). У сярэднім з ападкамі бывае 12—15 дзён. У верасні капаюць бульбу, заканчваюць уборку збожжавых, аруць поле на зябліва, сцелюць лён, збіраюць садавіну і агародніну. З сярэдзіны верасня звычайна пачынаецца лістапад, у большасці раслін выспяваюць насенне і плады, ападаюць арэхі ляшчыны, жалуды дуба, арэшкі ліпы, насенне елкі звычайнай, крылатыя плодзікі клёна, граба і інш. У лясах і парках выспявае рабіна, каліна, абляпіха, на балотах — журавіны. Амаль кожны год назіраецца вяртанне цяпла — бабіна лета. Адлятаюць у вырай пералётныя птушкі, аселыя птушкі перабіраюцца бліжэй да жылля. Заканчваецца гон у капытных жывёл, ліняюць пушныя звяры, збіраюцца ў глыбокіх месцах рыбы. Зрэдку можа ўтварыцца няўстойлівае снегавое покрыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ШВІН (Міхаіл Міхайлавіч) (4.2.1873, маёнтак Хрушчава, Ялецкі р-н Ліпецкай вобл., Расія — 16.1.1954),
рускі пісьменнік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1902). Друкаваўся з 1898. Першае апавяданне — «Сашка» (1906). Замілаванне родным краем, назіранні над побытам і моваю жыхароў Поўначы, запісы сказаў у кн. «У краіне непалоханых птушак» (1907), «За чароўным калабком» (1908). У нарысах «Адам і Ева» (1909), «Чорны араб» (1910), «Слаўныя бубны» (1913) уражанні ад паездкі ў Крым і Казахстан. Нарысы «Крыніцы Берандзея» (1925, дапоўненае выд. пад наз. «Каляндар прыроды», 1935), аўтабіягр. раман «Кашчэеў ланцуг» (выд. 1960), аповесці «Жураўлёва радзіма» (1929), «Неапранутая вясна» (1940) пра філас. і маральныя пошукі чалавека, яго сувязь з прыродаю. У кн. «Апавяданні пра ленінградскіх дзяцей» (1944), «Аповесць нашага часу» (1945, поўнае выд. 1957) — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар рамана-казкі «Асударава дарога» (нап. ў 1930-я г., апубл. 1957), паэмы ў прозе «Фацэлія» (1940), аповесці «Жэнь-шэнь» (першапачаткова «Корань жыцця», 1933, фільм «Хаціна старога Лувена», 1935), казкі-былі «Кладоўка сонца» (1945), аповесці-казкі «Карабельны гушчар» (1954), дзённікаў (кн. «Вочы зямлі», апубл. 1957), кінасцэнарыяў і інш. П. — тонкі пейзажыст, пранікнёны лірык і публіцыст, псіхолаг і педагог. З яго творчасцю тыпалагічна звязаны лірычныя пейзажы, замалёўкі прыроды Я.Маўра, Я.Брыля, В.Адамчыка, В.Вольскага. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Адамчык, Я.Брыль, Я.Маўр, Б.Сачанка і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1982—86;
Бел.пер. — Ярык. Мн., 1937;
Звер бурундук. Мн., 1940;
Лісічкін хлеб. Мн., 1941;
Журка. Мн., 1948;
Кладоўка сонца: Казка-быль. Мн., 1948;
3 дзённікаў // Маладосць. 1973. № 2.
Літ.:
Пришвина В.Д. Круг жизни: Очерки о М.М.Пришвине. М., 1981;
Яе ж. Путь к слову. М., 1984;
Курбатов В.Я. Михаил Пришвин: Очерк творчества. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,
шматтомнае навук. выданне бел. фальклору. Выдаецца з 1970 Ін-там мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы АН Беларусі. Уключае матэрыялы з друкаваных крыніц і архіваў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы. Апубл. шмат тэкстаў з палявых запісаў фалькларыстаў 1920—90-х г. Матэрыялы ў тамах падабраны паводле жанравага прынцыпу. Ва ўступных артыкулах раскрыта гісторыя збірання і публікацыі жанру, ідэйна-тэматычныя і маст. яго асаблівасці. У песенных тамах прыведзены самыя характэрныя ўзоры меласу дадзенага жанру. Выданне сведчыць пра багацце бел. вуснапаэт. творчасці, вял. ўклад бел. народа ў скарбніцу сусв. паэтычнай і муз. культуры.
Выдадзены: «Песні савецкага часу» (1970), «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» і «Радзінная паэзія» (1971), «Дзіцячы фальклор» і «Загадкі» (1972), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Жартоўныя песні» і «Жніўныя песні» (1974), «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Песні пра каханне» і «Вяселле: Абрад» (1978), «Веснавыя песні» і «Выслоўі» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Народны тэатр» і «Легенды і паданні» (1983), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» і «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987), «Казкі ў сучасных запісах», «Беларуская народная інструментальная музыка» і «Прыпеўкі» (усе 1989), «Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі)» і «Вяселле: Мелодыі» (1990), «Замовы» і «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992), «Жаніцьба Цярэшкі»(1993).
Літ.:
Синявець О.І. Перші книги багатотомної серії «Білоруська народна творчість» // Народна творчість та етнографія. 1973. № 1;
Гусев В.Е. Многотомное издание белорусского фольклора // Сов. этнография. 1979. №1;
Тарасюк Л. Нам засталася спадчына // Мастацтва Беларусі. 1986. №8;
Конон В. Фольклор и современность // Нёман. 1988. №3;
Саламевіч Я. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. №1;
Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. №2;
Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ (Сымон Аляксандравіч) (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед.ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл.Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел.пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел.нац.к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл.КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш.зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел.дзярж.сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл.ЦВКБССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУСБССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.
Літ.:
Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;
Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Зоська) (сапр.Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),
бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел.сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел.каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час.«Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г.час.«Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.
Тв.:
Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;
[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;
Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;
Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;
Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;
Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;
Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;
Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;
Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
Літ.:
Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2;
Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙЯ,
індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс.чал., у т. л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўна стараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж. царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж. царства» — час найб.культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл.Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.
Літ.:
Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;
Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;
Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.
В.У.Адзярыха.
Да арт.Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).