ВІ́РДУНГ, Фірдунг (Virdung) Себасцьян (вядомы таксама як Гроп; Grop; 19 ці 20.1.1465 — ?), нямецкі муз. тэарэтык, кампазітар, спявак. Вучыўся ў Гейдэльбергскім ун-це (відаць, з 1483). З 1506 спявак пры двары герцага Вюртэмбергскага, з 1507 кантар сабора ў Канстанцы. У 1511 (верагодна) служыў у Базелі. Аўтар аднаго з першых трактатаў на ням. мове «Музыка, вывучаная і сцісла выкладзеная Себасцьянам Фірдунгам...» (Базель, 1511; перакладзены на некалькі моў), у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра муз. інструменты, выкладзены прынцыпы натацыі і муз. выканальніцтва. Захаваліся «Гімн дзеве Марыі» на 4 галасы, чатыры 4-галосыя песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТКЕ́ВІЧ (Красцьян Ягоравіч) (?, каля Шклова, Магілёўская вобл. — 14.10.1846),
бел. і рус. артыст балета. Прыгонны, у 1822 адпушчаны на волю. Вучыўся, відаць, у П.Барцанці, Марыядзіні, М.Пранчынскага. У 1780—90-я г. вядучы танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў вывезены ў Пецярбург, да 1825 артыст Пецярбургскага імператарскага т-ра. Выконваў цэнтр. пантамімныя ролі, меў неардынарныя драм. здольнасці. Сярод партый: Сцяпан («Вызваленне маладой сялянкі, ці Храбрасць рускага салдата»), Анкундзін («Млынар—чараўнік, падманшчык і сват»; абодва 1822), Гірэй («Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́Н (лац. Draco),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Мае 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Ламаны ланцужок слабых зорак Д. агінае сузор’е Малая Мядзведзіца і заканчваецца больш яркай зоркай γ (2-й візуальнай зорнай велічыні), назіраючы за якою англ. астраном Дж.Брадлей адкрыў (1725) аберацыю святла. Адна з зорак Д. — Тубан каля 2,5 тыс. гадоў назад была і праз 20 тыс. гадоў зноў будзе «Палярнай» зоркай. У Д. знаходзіцца яркая планетарная туманнасць 8-й зорнай велічыні, якая пашыраецца. З тэр. Беларусі Д. відаць круглы год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІРАДКО́ЎЕ, актэт,
страфа з 8 вершаваных радкоў, для якіх характэрны сэнсавая, кампазіцыйная, інтанацыйна-рытмічная закончанасць і ўпарадкаванасць рыфмы. Радкі ў васьмірадкоўі могуць спалучацца адной — чатырма рыфмамі. Упершыню 8-радковую страфу ў бел. паэзіі выкарыстаў Сімяон Полацкі ў вершы «Стиси краесогласнии ко пресветлейшему... царю и великому князю Алексию Михайловичю...». Сустракаюцца васьмірадкоўе ў творах В.Дуніна-Марцінкевіча («Гапон»), Ф.Багушэвіча («Дурны мужык, як варона», «Мая хата»), Я.Лучыны («Што думае Янка, везучы дровы ў горад»). Пашырана ў сучаснай бел. паэзіі — «Маім гераіням» П.Панчанкі, «Відаць, і ў цябе...» Р.Барадуліна, «Калыханка маме» Н.Мацяш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЦКАЯ (па мужу Дырэнталь) Магдалена
(каля 1764, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах. У 1785—94 (з перапынкам) у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступала (з 1790 як Дырэнталь) на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры, другая салістка (сярод партый Пастушка ў балеце «Лукас і Калінета»). Пасля 1794, відаць, працавала ў Варшаве ў трупе «Нацыянальныя танцоры» і антрэпрызе С.Гальніцкага і К.Аўсінскага, у 1795 выступала ў Гродне і Львове, з 1797 — у Варшаве ў антрэпрызе Т.Трускаляскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМЕ́НТ СМАЛЯ́ЦІЧ, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164),
мысліцель, царк. дзеяч, пісьменнік. У 1148 — каля 1155 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Адукацыю атрымаў, відаць, у Канстанцінопалі. Паводле летапісу, ведаў ант. л-ру, быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам. Прыхільнік развіцця ўсходнеслав. культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рус.правасл. царквы ад Візантыі. Захаваўся адзіны літ. твор К.С. — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме», у якім ён разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карлікагал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.
А.А.Шымбалёў.
Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦКІ (Сымон Фаміч) (28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.Астапенкі, А.Александровіча, С.Баранавых, Т.Кляшторнага, Я.Купалы, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Салагуба, Я.Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.Хадыкі, В.Маракова і інш.
Літ.:
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ДЭ (van Ostade),
галандскія жывапісцы. Браты. Адрыян ван Астадэ (хрышчаны 10.12.1610, г. Харлем, Нідэрланды — 2.5.1685), майстар быт. жанру. Вучыўся, відаць, у Ф.Халса. Спачатку ствараў грубавата-гратэскавыя сцэны гулянак і боек у духу А.Браўэра («Бойка», 1637). Пазней пад уплывам Рэмбранта пісаў у мяккай, карычнявата-залацістай танальнасці, выкарыстоўваючы эфекты святлаценяў. Творы гэтага перыяду са сцэнамі сял. жыцця («Школьны настаўнік», 1662; «У вясковай карчме», 1660) адметныя дабрадушным гумарам і рысамі сузіральнасці. Ісаак ван Астадэ (хрышчаны 2.7.1621, г. Харлем — 16.10.1649). Вучань свайго брата. Пісаў вясковыя пейзажы, вытрыманыя ў сярэбраным каларыце, які тонка перадае асаблівасці асвятлення, уключаў жанравыя сцэны («Зіма», 1640; «Замерзлае возера», 1642).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ДАМАСКІ́Н (Iōannēs Damaskēnos; каля 675, г. Дамаск, Сірыя — каля 749),
візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт.Відаць, быў набліжаным да халіфа, потым манахам (да 700). Выступаў як вядучы ідэйны праціўнік іканаборства. Завяршальнік і сістэматызатар грэч.патрыстыкі. На аснове арыстоцелеўскай логікі стварыў асновы схаластычнага метаду (гл.Схаластыка), што пазней развіты сярэдневяковымі тэолагамі Захаду. Яго гал. твор «Крыніца ведаў» паўплываў на погляды многіх тэолагаў. У гісторыі л-ры ён вядомы як паэт, аўтар царк. песнапенняў. Яго творы распаўсюджваліся і ва ўсх.-слав. краінах (Грузіі, Стараж. Русі і інш.). Верагодна, аўтар рамана «Варлаам і Іасаф».
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Антология мировой философии;
М., 1969. Т. 1, ч. 2. С. 621—26;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968. С. 270—280.