МАСКЕ́ВІЧ (Самуіл Іванавіч) (1580?, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1642),

бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Адукацыю атрымаў, відаць, у Навагрудку. У перапынках паміж вайск. службаю (1601—21) служыў пры дварах магнатаў А.​Вішнявецкага і Радзівілаў. У 1617—18 дэпутат трыбунальнага суда ад Навагрудскага пав., потым навагрудскі гарадскі пісар. У час вайск. службы пабываў у Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Ваен.-паліт. ўражанні ляглі ў аснову яго «Дыярыуша» — мемуараў (ахопліваюць 1594—1621) на польск. мове. У іх звесткі пра вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 і яе вынікі, бытавыя замалёўкі, партрэты суайчыннікаў. Успаміны вызначаюцца высокім маст. майстэрствам, даюць аб’ектыўнае ўяўленне пра падзеі і факты ваен.-паліт. і грамадскага жыцця таго часу.

Літ.:

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;

Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskiewiczów. Wrocław, 1961.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)