КУЗМІ́Н (Міхаіл Аляксеевіч) (18.10.1872, г. Яраслаўль, Расія — 1.3.1936),
рускі пісьменнік, кампазітар, крытык. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1891—94; клас кампазіцыі М.А.Рымскага-Корсакава). Друкаваўся з 1905 (цыкл санетаў і драм. паэма «Гісторыя рыцара д’Алесіо»), У паэт. зб-ках «Сеткі» (1908). «Асеннія азёры» (1912), «Гліняныя галубкі» (1914), «Александрыйскія песні», «Нетутэйшыя вечары» (абодва 1921), «Парабалы» (1923) і інш. адсутнасць сац. абагульненняў, камернасць, зварот да рэчыўнага свету, творчае эксперыментатарства і стылізацыя спалучаны з рознымі культ. традыцыямі. У зб. «Стронга разбівае лёд» (1929) — спроба пошуку духоўнасці праз любоў і прыгажосць. Аўтар раманаў «Крылы» (1906), «Плаваючыя падарожнікі» (1915), «Ціхі вартавы» (1916), «Цудоўнае жыццё Іосіфа Бальзамо, графа Каліёстра» (1919), апавяданняў, аповесці «Прыгоды Эме Лебефа» (1907), п’ес, зб. крытычных артыкулаў па л-ры і музыцы «Умоўнасці» (1923). Перакладаў Бакачыо, Апулея, У.Шэкспіра і інш. Пісаў музыку да ўласных вершаў (зб. вершаў і нот «Куранты кахання», 1910), балеты («Выбар нявесты»), оперы («Яўлогій і Ада»), аперэты, музыку да пастановак т-ра В.Ф.Камісаржэўскай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКу мовазнаўстве,
граматычная катэгорыя, звязаная з непасрэдным ці апасродкаваным указаннем на колькасць прадметаў. У сучаснай бел. мове адрозніваюцца 2 формы ліку: адзіночны і множны, якія дыферынцыруюць прадметы паводле іх колькасных суадносін («стол» — «сталы») ці значэння («выбар» — «выбары»). Асн. сродкі іх выражэння — канчаткі («дом» — «дамы»), словаўтваральныя афіксы («неба» — «нябёсы»), суплетывізм асноў («я» — «мы»). Большасць назоўнікаў мае суадносныя формы Л. Пэўная частка іх не ўтварае адпаведных пар і выступае ў пастаяннай форме толькі адзіночнага Л. (адзіночналікавыя, або singularia tantum) ці толькі множнага (множналікавыя, або pluralia tantum). Да адзіночналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць зборныя прадметы, рэчывы або матэрыялы, абстрактныя паняцці, астр. і геагр. назвы, уласныя імёны і інш. (напр., «смецце», «вугаль», «зло», «Беларусь», «Іван»). Да множналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць парныя ці састаўныя прадметы, сукупнасць прадметаў, якая ўяўляецца як нешта адзінае, цэласнае, рытуалы, працэсы, станы, гульні, абрады, звычаі, святы, прамежкі часу ці прасторавыя паняцці і інш. (напр., «сані», «грошы», «замаразкі», «каляды», «суткі»). Побач з формамі адзіночнага і множнага Л. ў некат. бел. гаворках захаваліся рэшткі былога парнага Л. («дзве руцэ»), якія для сучаснай бел.літ. мовы не характэрныя.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ СГАТЫ́СТЫКА,
навука пра матэм. метады сістэматызацыі і выкарыстання статыстычных даных для навук. і практычных вывадаў. Стат. метады шырока выкарыстоўваюцца амаль ва ўсіх галінах ведаў. У сацыялогііасн. паняццямі М.с. з’яўляюцца ген. і выбарачная сукупнасці. Генеральная сукупнасць — поўнае мноства аб’ектаў, якія маюць адносіны да праблемы, што вывучаецца; выбарачная сукупнасць — частка ген. сукупнасці, якая дазваляе меркаваць пра яе ў цэлым і належыць непасрэднаму абследаванню. Выбарачны метад выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўнае абследаванне ген. сукупнасці немагчыма або эканамічна немэтазгодна. Асн. раздзеламі М.с. з’яўляюцца апісальная статыстыка, стат. вывад, аналіз стат. сувязей і залежнасцей. Метады апісальнай статыстыкі прызначаны для абагульнення інфармацыі, атрыманай пры поўным абследаванні сукупнасці, і ўключаюць атрыманне частотных размеркаванняў, пабудову графікаў, разлік паказчыкаў цэнтра размеркавання і ступені раскіду звестак. Статыстычны вывад абагульняе вынікі выбарачнага абследавання на ген. сукупнасць і ўключае ацэньванне яе параметраў і стат. праверку гіпотэз. Асновай стат. вываду з’яўляюцца законы тэорыі верагоднасцей, асн. паняццем — паняцце выпадковай выбаркі, якая мяркуе, што для ўсіх аб’ектаў з ген. сукупнасці верагоднасць уключэння ў выбарку павінна быць аднолькавая. Метадамі пабудовы рэпрэзентатыўных (прадстаўнічых) выбарак займаецца тэорыя выбаркі. Метады аналізу статыстычных сувязей і залежнасцей: карэляцыйны і рэгрэсіўны аналіз, аналіз табліц спалучэння, дысперсійны аналіз і інш.Выбар метаду залежыць ад мэт і задач даследавання, а таксама ад асаблівасцей звестак, што выкарыстоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК,
сістэма адзінак фіз. велічынь, дзе за асн. адзінкі прыняты фундаментальныя фіз. пастаянныя (зарад і маса спакою электрона, скорасць святла ў вакууме і інш.). Памер асн. адзінак у Н.с.а. вызначаецца з’явамі прыроды, што адрознівае яе ад інш.сістэм адзінак, у якіх выбар адзінак абумоўлены патрабаваннямі практыкі (як, напр., у Міжнароднай сістэме адзінак). П.Дзірак, М.Планк, англ. вучоны Д.Хартры і інш. прапанавалі некалькі Н.с.а., якія, на думку стваральнікаў, незалежныя ад фіз. працэсаў і прыдатныя для любых момантаў часу і месцаў у Сусвеце.
У Н.с.а. Планка (1906) у якасці асн. адзінак выбраны Больцмана пастаянная, гравітацыйная пастаянная і скорасць святла ў вакууме, лікавыя значэнні якіх прыняты роўнымі 1. У гэтай сістэме адзінка даўжыні роўная 4,03∙10−35м, масы — 5,42∙10−8кг, часу — 1,34∙10−43с, т-ры — 3,63∙1032К. Характэрная асаблівасць усіх Н.с.а — вельмі малыя адзінкі даўжыні, масы і часу і агромністыя адзінкі т-ры, у выніку чаго гэтыя сістэмы нязручныя для практычных вымярэнняў, аднак знаходзяць выкарыстанне ў атамнай фізіцы, квантавай механіцы і інш. раздзелах тэарэт. фізікі.
Літ.:
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988. С. 335—338;
Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990. С. 31—33.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЦЫ́ЙНАЯ МО́ВА,
мова, што выкарыстоўваецца для ўрадавых і інш. дзелавых патрэб. У сацыялінгвістыцы паняцце «афіцыйная мова» ўжываецца ў проціпастаўленні паняццю нацыянальная мова. І калі апошняя скіравана на ідэнтыфікацыю нацыі, згуртаванне народа ў адзіную нацыю, прызначэнне афіцыйнай мовы хутчэй утылітарнае, чым сімвалічнае. Неабходнасць выкарыстання абодвух тэрмінаў выклікана гіст., паліт., этнічнымі і інш. фактарамі, што вызначаюць моўную сітуацыю ў пэўнай краіне.
На практыцы абодва тэрміны ўжываюцца не строга, а ў адпаведнасці з паліт. мэтамі ўрада. Так, у Парагваі гуарані і ісп. мовы аб’яўлены нацыянальнымі, але іспанская — афіцыйная мова. У Танзаніі наадварот: нац. мова — суахілі, а суахілі і англ. — афіцыйныя мовы. У краінах, што лічаць сябе моналінгвальнымі (аднамоўнымі), — адна і тая ж мова служыць для абедзвюх мэтаў. У полілінгвальных (шматмоўных) дзяржавах адна з моў можа быць аб’яўлена нац. па паліт. меркаваннях — для замацавання нацыянальнасці (напр., іўрыт у Ізраілі, інданезійская ў Інданезіі). Але калі такая мова не ў стане задавальняць усе камунікатыўныя патрэбы краіны (урада) у знешніх і ўнутр. зносінах, пэўная мова прымаецца ў якасці афіцыйнай мовы (напр., арабская ў Ізраілі, французская ў Заіры, Чадзе). Афіцыйную мову выкарыстоўваюць у выпадку, калі выбарнац. мовы праблематычны (напр., у Індыі 14 нац. рэгіянальных моў прызнаны афіцыйнымі мовамі побач з англ. і хіндзі).
Значымасць нац. або афіцыйнай мовы можа быць замацавана ў юрыд. актах і дакументах (канстытуцыі, спец. законе аб мовах і інш.), ёй можа быць нададзены статус дзяржаўнай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),
сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).
Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл.Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.
На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл.Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;
англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1935). Удзельнік 2-й сусв. вайны. На яго светаадчуванне істотна паўплывала філасофія экзістэнцыялізму. Вядомасць Голдынгу прынёс раман-антыутопія «Валадар мух» (1954; экранізаваны ў 1963), у якім паказаў, што недасканаласць цывілізацыі і разбуральныя інстынкты асобы здольны прывесці сілы зла да ўлады ў свеце. Аўтар філас. раманаў-прытчаў альбо «баек»; «Нашчадкі» (1955), «Зладзюжка Марцін» (1956), «Свабоднае падзенне», «Шпіль» (1964), «Піраміда» (1967), «Бачная цемра» (1979), «Рытуалы пасвячэння» (1980), «Папяровыя людзі» (1984) і інш.; зб. публіцыстычных і крытычных нарысаў «Гарачая брама» (1965, у т. л. праграмнае эсэ «Прытча»), вершаў, радыёп’ес. Асэнсоўваў праблемы: чалавек—цывілізацыя, асоба—гісторыя, душа—Бог, ідэал—рэальнасць, выбар, небяспека таталітарызму і фанатызму. Дамінуючым у яго творчасці заставалася пытанне аб чалавечай прыродзе, суаднесенасці ў ёй біялагічнага і духоўнага. Прозе Голдынга ўласцівы спалучэнне рэалістычных і авангардысцкіх тэндэнцый, шматзначнасць вобразаў і сітуацый, дыдактычнасць. Нобелеўская прэмія 1983.
Тв.:
Lord of the Flies;
The Pyramid;
Envoy Extraordinary. М., 1982;
Рус.пер. — Шпиль и другие повести. М., 1981;
Чрезвычайный посол // Современная английская повесть. М., 1984;
Повелитель мух. М., 1990;
Пирамида // Иностр. лит. 1996. № 3.
Літ.:
Ивашева В.В. В споре о человеке // Ивашева В.В. Эпистолярные диалоги. М., 1983;
Яе ж. Роман философской тенденции // Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІСЦЁЛКА, свістулька,
народны духавы муз. інструмент тыпу глабулярнай флейты, вядомы. многім народам свету. Мае рэзанатарную поласць, свістковае прыстасаванне і 2—5 ігравых адтулін. Гучанне даволі моцнае, яркае і ў той жа час мяккае, крыху прыглушанае. Нярэдка іх выраб набываў характар самаст. промыслу (гл.Дымкаўская цацка). На Беларусі вядома з часоў неаліту. На думку некат. даследчыкаў, у першабытныя часы С. выконвалі ролю не толькі дзіцячай забаўкі, але мелі і рытуальнае прызначэнне: свіст павінен быў адганяць «злых духаў». Сімвалічнае значэнне меў і выбар сюжэтаў (конік, козлік, пеўнік, качка); С. ў выглядзе антрапаморфнай фігуркі абазначалі продкаў. Выраб С. звычайна спадарожнічаў ганчарству, нярэдка лепкай іх займаліся жанчыны і дзеці. Пустацелае тулава С. фармавалі на пальцы або цыліндрычнай палачцы (форма), свісток і бакавыя ігравыя адтуліны (звычайна 2) рабілі іголкападобнай драўлянай праколкай (шыпулём). Абпаленыя разам з посудам у хатняй печы ці ганчарным горне, С. былі тэракотавыя, глазураваныя ці чорназадымленыя. У наш час пашырыліся як сувенірныя і маст. вырабы, нярэдка як нар. духавыя муз. інструменты для выканання нескладаных песенных і танцавальных мелодый, імітацыі спеваў птушак (звычайна ў складзе фалькл. калектываў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА МЕХАНІ́ЗМАЎ І МАШЫ́Н,
раздзел механізмаў і машын тэорыі, у якім вывучаецца рух механізмаў і машын з улікам сіл, што ўздзейнічаюць на іх. Асн. задача Д.м. і м. — вызначэнне руху звёнаў па зададзеных сілах і вызначэнне сіл па зададзеным руху звёнаў.
Для вызначэння руху звёнаў складаюць ураўненне руху. Для механізмаў з некалькімі ступенямі свабоды (напр., маніпулятараў) пры галаномных сувязях ураўненні руху складаюць звычайна ў форме дыферэнцыяльных ураўненняў Лагранжа 2-га роду. Для мех. сістэм з адной ступенню свабоды (да іх адносіцца большасць тэхнал. машын) эфектыўны метад прывядзення сіл і мас, які дазваляе звесці задачу аб руху сістэмы звёнаў да эквівалентнай у дынамічных адносінах задачы аб руху аднаго звяна (пункта) прывядзення. Атрыманыя ўраўненні руху звычайна нелінейныя і інтэгруюцца толькі прыбліжана лікавымі метадамі з дапамогай ЭВМ. Сілавы разлік механізмаў мае на мэце вызначэнне рэакцый у кінематычных парах, якія выкарыстоўваюцца для разліку звёнаў на трываласць і падбору падшыпнікаў. Пры гэтым у разлік уводзяцца сілы інерцыі (метад кінетастатыкі). У Д.м. і м. разглядаюцца таксама задачы рэгулявання скорасці пры розных рэжымах руху, памяншэння і дынамічных нагрузак на звёны ўраўнаважваннем мас і сіл, аховы машын ад вібрацый, вызначэння мех.ккдз і інш. Пры рашэнні задач дынамікі важны рацыянальны выбар разліковых дынамічных мадэлей. Сучасная Д.м. і м. аддае ўвагу праблемам узаемадзеяння мех. частак машын з рухавіком і сістэмай кіравання, пабудове сістэм праграмнага кіравання, забеспячэння ўмоў дынамічнай устойлівасці.
Літ.:
Динамика машин и управление машинами: Справ. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. modulatio мернасць) у музыцы, змена танальнасці з перамяшчэннем танальнага цэнтра — тонікі. Паняцце М. найб. часта звязваюць з гукавышыннымі адносінамі. Асн. віды М. — танальная (змена вышыннага становішча тонікі) і ладавая (змена нахілення). Сярод разнавіднасцей танальнай М. найб. пашырана функцыянальная М., калі пераход у новую танальнасць адбываецца праз пераасэнсаванне ступеневага значэння прамежкавага (агульнага) акорда, выбар якога рэгулюецца гарманічнай роднасцю танальнасцей. Новая танальнасць устанаўліваецца характэрным для яе гарманічным зваротам, які ўключае мадулюючы акорд з альтэрацыяй, адпаведнай новай танальнасці. У залежнасці ад месца ў форме і ступені замацавання новай тонікі вылучаюць М. дасканалую (з канчатковым ці адносным замацаваннем новай танальнасці) і недасканалую (замацоўваецца менш устойліва). Да недасканалай М. адносяцца адхіленне (са зваротам у асн. танальнасць) і праходная М. (з далейшым мадуляцыйным рухам). Спецыфічную выразнасць мае энгарманічнаяМ., звязаная з лаканізмам мадуляцыйнага моманту і раптоўнасцю пераключэння ў новую танальнасць; пераход пры ёй адбываецца за кошт энгарманічнага пераасэнсавання структуры агульнага акорда. Для мелодыка-гарманічнай М. характэрна сувязь танальнасцей з дапамогай плаўнага голасавядзення без агульнага акорда, для меладычнай М. — праз аднагалосую звязку. Увядзенне новай танальнасці без падрыхтоўкі, непасрэдным зацвярджэннем тонікі — якасць М.-супастаўлення. М. можна лічыць і ўсякую змену структуры сродкаў муз. выразнасці, у т. л. формы, жанру, фактуры, метра і інш. М. — важны формаўтваральны сродак, які ўплывае на дынамічныя працэсы і цэласнасць формы, узбагачае маляўніча-выразны бок гармоніі.