СУБ’ЕКТЫВІ́ЗМ,
светапоглядная ці метадалагічная пазіцыя, якая адмаўляе аб’ектыўны падыход да пазнання рэчаіснасці, ігнаруе аб’ектыўны ход прыродных ці грамадскіх працэсаў. Характарызуецца абсалютызацыяй ролі суб’екта ў розных сферах дзейнасці, найперш у пазнанні. У гісторыі філасофіі прадстаўнікі С. — Дж.Берклі, Д.Юм, І.Фіхтэ; элементы С. прысутнічаюць у вучэнні І.Канта, у шэрагу філас. кірункаў канца 19—20 ст. (філасофія жыцця, прагматызм, экзістэнцыялізм і інш.). Філас. канцэпцыі С. абвяшчаюць абсалютную аўтаномію свядомасці, волі і дзейнасці суб’екта, часам адмаўляюць абумоўленасць паводзін людзей аб’ектыўнай рэчаіснасцю. У сферы пазнання сац. рэальнасці С. выяўляецца ў свядомым ці несвядомым падпарадкаванні даследавання каштоўным і ідэалагічным перавагам даследчыка; на эмпірычным узроўні пазнання С. — выбар фактаў для абгрунтавання загадзя прызнанай іерархіі каштоўнасцей. Часам С. прыводзіць да дагматызму і прэтэндавання пэўнай асобы ці сац. групы на валоданне абсалютнай ісцінай. У сац. практыцы С. служыць абгрунтаваннем валюнтарызму. Паліт. С. выяўляецца ў прыняцці рашэнняў на аснове адвольных установак, у ігнараванні грамадскіх заканамернасцей. Ў сферы міжасобасных адносін С. грунтуецца на суб’ектыўных фактарах сімпатыі і антыпатыі без уліку дзелавых і маральных якасцей асобы.
А.Б.Савеня.
т. 15, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)