КАДЗІ́РАВАННЕ ў кібернетыцы,
пераўтварэнне паведамлення (інфармацыі) у сукупнасць сімвалаў (кодавае слова), сігналаў ці інш., складзеную ў адпаведнасці з выбраным кодам; атаясамліванне сімвалаў (або іх груп) аднаго кода з сімваламі другога. Прызначана для ўзгаднення формы паведамлення з дадзеным каналам сувязі, прыладамі апрацоўкі і захоўвання інфармацыі. Аперацыя, адваротная К., наз. дэкадзіраваннем. Тэарэт. асновы К. закладзены амер. матэматыкам і інжынерам К.Э.Шэнанам (1950-я Г.).
У інфармацыі тэорыі К. выкарыстоўваюць для змяншэння лішкавасці паведамленняў і ўплыву перашкод, якія скажаюць паведамленні пры перадачы па каналах сувязі. Таму выбар новага кода ўзгадняецца са стат. структурай крыніцы паведамленняў. У пэўнай ступені такое ўзгадненне маюць коды тэлеграфныя, напр., паслядоўнасці літар і лічбаў з дапамогай кода Морзе пераўтвараюцца ў пэўныя камбінацыі кропак і працяжнікаў, а сімвалам паведамлення, якія найб. часта сустракаюцца, адпавядаюць больш кароткія з іх. Пры вылічэннях на ЭВМ найб. важныя двайковае К., пры якім кожнай літары ўзаемна адназначна адпавядае байт, і двайковыя пазіцыйныя коды (прамы, адваротны, дадатковы), дзе паслядоўныя элементы кодавага слова адпавядаюць паслядоўным двайковым разрадам зыходнага ліку.
М.П.Савік.
т. 7, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)