ТРАЦЦЯ́К Васіль Якаўлевіч (6.12.1926, с. Камароўка Коранеўскага р-на Курскай вобл., Расія — 16.4.1989),

украінскі спявак (драм. тэнар). Нар. арг. СССР (1980). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1958). З 1958 у Малдаўскім, у 1962—88 ва Украінскім т-рах оперы і балета. З 1976 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным голасам шырокага дыяпазону, драм. дараваннем. Яго выкананню былі ўласцівы выдатная дыкцыя, тонкая філіроўка гуку, яскравы тэмперамент. Выконваў партыі ў класічных і сучасных операх: Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Васіль («Мілана» Г.​Майбарады), Богун («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Адмірал, Лаўро («Гібель эскадры», «Мамаі» В.​Губарэнкі), Андрэй Хаванскі («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Сяргей («Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Атэла, Радамес, Рычард («Атэла», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі).

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛАСЦЯКО́Ў Георгій Мікітавіч (20.7.1902, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 22.7.1983),

віцэ-адмірал (1945), Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Ваенна-марское гідраграфічнае вучылішча (1925), спецкурсы камсаставу (1928), Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1919, у ВМФ з 1921. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1933 камандзір першай падводнай лодкі «Ласось» (пазней вядомая як «Шчупак»), марской брыгады. У 1938 беспадстаўна рэпрэсіраваны, у 1940 рэабілітаваны, камандзір брыгады падводных лодак. З 1941 нач. штаба, камандзір Новарасійскай ваенна-марской базы, камандуючы Азоўскай і Дунайскай ваен. флатыліямі, удзельнік абароны Крыма, Каўказа. вызвалення Балгарыі, Румыніі, Югаславіі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі. Вызначыўся ў Новарасійскай наступальнай аперацыі 1943. Пасля вайны да 1969 на камандных пасадах у ВМФ, апараце Мін-ва абароны СССР. Аўтар кн. «Вечны агонь» (1980). Ганаровы грамадзянін гарадоў Баранавічы, Геленджык (Расія), Браціслава (Славакія).

Б.​Дз.​Далгатовіч.

Г.М.Халасцякоў.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІНСГА́ЎЗЕН Фадзей Фадзеевіч (20.9.1778, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 25.1.1852),

рускі мараплавец. Адмірал. У 1803—06 удзельнічаў у 1-м рускім кругасветным плаванні пад камандай І.​Ф.​Крузенштэрна. У 1819—21 узначальваў кругасветную экспедыцыю ў Антарктыку на шлюпах «Усход» (камандзір Белінсгаўзен) і «Мірны» (камандзір М.​П.​Лазараў). У 1819 адкрыта некалькі а-воў на Пд Атлантычнага ак. 28.1.1820 экспедыцыя адкрыла Антарктыду. У 1821 — адкрыты в-аў Пятра I і бераг Зямля Аляксандра I, шэраг астравоў у трапічнай ч. Ціхага ак. У 1828—29 удзельнічаў у рус.-тур. вайне. Імем Белінсгаўзена названа мора каля берагоў Антарктыды, мыс на Паўд. Сахаліне і в-аў у архіпелагу Туамоту.

Тв.:

Двукратные изыскания в Южном Ледовитом океане и плавание вокруг света в продолжение 1819, 1820, 1821 гг., совершенные на шлюпах «Восток» и «Мирный»... 3 изд. М., 1960.

Ф.Ф.Белінсгаўзен.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІЎЕ́ (Olivier) Лорэнс Кер (22.5.1907, Доркінг, графства Сурэй, Вялікабрытанія — 11.7.1989),

англійскі акцёр, рэжысёр тэатра і кіно. Вучыўся ў Цэнтр. школе дэкламацыі і драм. мастацтва ў Оксфардзе (1924—25). На сцэне з 1922, у кіно з 1930. З 1926 выступаў у рэпертуарных т-рах Англіі, у т. л. ў «Олд Вік» (з 1937, у 1944—49 яго кіраўнік), у 1963—73 у Нац. т-ры (Лондан, дырэктар т-ра). Ставіў п’есы У.​Шэкспіра, творы класічнай і сучаснай драматургіі. Адзін з лепшых выканаўцаў цэнтр. роляў у п’есах Шэкспіра «Гамлет», «Рычард III», «Генрых V» (усе і ў кіно, у апошнім — акцёр, рэжысёр і сцэнарыст), «Карыялан», «Кароль Лір», «Макбет», «Атэла» і інш. Сярод інш. работ у кіно: адмірал Нельсан («Лэдзі Гамільтан»), «Тры сястры» паводле А.​Чэхава (рэжысёр).

Літ.:

Юткевич С. Шекспир и кино. М., 1973;

Липков А. Шекспировский экран. М., 1975.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКО́ЎСКІ Лявон Іосіфавіч (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.​Купалы і «Вайна вайне» Я.​Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.​Мележа, аповесць «Андрэйка» П.​Кавалёва, апавяданні М.​Лынькова, зб. апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.​Рудава і У.​Ідэльсон.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Л., 1983;

Бел. пер. — Канстанцін Заслонаў. Мн., 1976.

А.​Р.​Жакаў.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РЫЧАЎ Гаўрыла Андрэевіч (1763, С.-Пецярбург — 11.8.1831),

расійскі мараплавец, гідрограф і географ. Адмірал (1829). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1809). У 1785—94 удзельнічаў у экспедыцыі І.​І.​Білінгса ў паўн.-ўсх. ч. Сібіры і паўн. ч. Ціхага ак. Даследаваў і нанёс на карту ўзбярэжжа Ахоцкага м. ад пас. Ахоцк да вусця р. Алдома, некат. з Алеуцкіх а-воў (Прыбылова, Дыяміда, Св. Лаўрэнція, Св. Мацвея, асабліва Уналашка), усх. бераг Берынгава праліва. У 1802—06 узначальваў Балт. гідраграфічную экспедыцыю, з 1808 кіраваў гідраграфічнымі даследаваннямі ў Расіі. Склаў марскі атлас Балт. м. з Фінскім зал. і пралівам Катэгат (1812). Яго імем названы мыс на Алеуцкіх а-вах, в-аў у Чукоцкім м., праліў у Ціхім ак., вулкан і пасёлак на Курыльскіх а-вах і інш. геагр. аб’екты.

Літ.:

Алексеев А.И. Г.​А.​Сарычев. М., 1966.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́НГЕЛЬ Фердынанд Пятровіч (9.1.1797, г. Пскоў, Расія — 6.6.1870),

расійскі мараплавец. Адмірал. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1855). Скончыў Марскі корпус (1815). У 1817—19 удзельнічаў у кругасветным падарожжы на шлюпе «Камчатка» пад кіраўніцтвам В.​М.​Галаўніна. У 1820—24 кіраваў экспедыцыяй, якая нанесла на карту ўзбярэжжа Сібіры ад вусця р. Індыгірка да Калючынскай губы, правяла лядовыя, геамагнітныя і метэаралагічныя назіранні, сабрала звесткі аб прыродных багаццях і насельніцтве Паўн.-Усх. Сібіры. У 1825—27 узначальваў кругасветную экспедыцыю на караблі «Пакорлівы». У 1829—35 гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы. У 1840—49 дырэктар Рас.-Амер. кампаніі. У 1855—57 марскі міністр. Адзін з заснавальнікаў Рус. геагр. т-ва. Яго імем названы востраў у Паўн. Ледавітым ак., заліў на паўд.-ўсх. беразе Аляскі, горы на Алясцы і інш.

Літ.:

Пасецкий В.М. Ф.​П.​Врангель. М., 1975.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРЭ́НКА Пётр Ціханавіч (3.9.1901, в. Старая Зенькавіна Кармянскага р-на Гомельскай вобл. —28.10.1950),

савецкі ваен. дзеяч. Контр-адмірал (1948). Скончыў школу рулявых і сігнальшчыкаў (1923), Ваенна-марское паліт. вучылішча (1924), Ваенна-паліт. акадэмію імя М.​Талмачова (1934). У ВМФ з 1919, з 1920 на караблях Дняпроўскай ваен. флатыліі. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-польскай вайны 1920 і падаўлення Кранштацкага паўстання 1921. З 1921 служыў на Чарнаморскім флоце, з 1939 нач. паліт. ўпраўлення Чарнаморскага флоту. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Адэсы, Ачакава, больш за 7 месяцаў знаходзіўся ў акружаным Севастопалі. З 1942 у Волжскай ваен. флатыліі, на Сталінградскім фронце. З 1944 на Каспійскай флатыліі, з 1947 нам. каманд. Чарнаморскім флотам. 29.9.1949 беспадстаўна арыштаваны органамі МДБ і прыгавораны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да расстрэлу. У 1954 рэабілітаваны.

Б.​Дз.​Далгатовіч.

т. 18, кн. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́ХЭН (Mahan) Альфрэд Таер (27.9.1840, г. Уэст-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША — 1.12.1914),

амерыканскі ваен.марскі тэарэтык і гісторык. Контр-адмірал (1906). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1859). Удзельнік грамадз. вайны 1861—65 на баку федэральных сіл (паўночнікаў). У 1886—89 і 1892—93 прэзідэнт ваен.-марскога каледжа ў г. Ньюпарт. З 1893 камандаваў крэйсерам, з 1896 у адстаўцы. У час ісп.-амер. вайны 1898 чл. Марскога к-та па стратэгіі. У 1899 член амер. дэлегацыі на 1-й Гаагскай канферэнцыі (гл. Гаагскія канвенцыі). У сваіх творах, у т. л. «Уплыў марской магутнасці на гісторыю, 1660—1783» (1890), «Марская моц у яе адносінах да вайны 1812» (т. 1—2, 1905), даказваў вырашальнае значэнне перавышаючай марской магутнасці ў сусв.-паліт. канфліктах новага часу, выказваўся за ўзмацненне марскіх узбраенняў ЗША і набыццё імі ваен.-марскіх баз. Тэорыя М. значна паўплывала на знешнюю палітыку і стратэгію ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Японіі.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Аляксандр Сцяпанавіч (16.3.1859, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 13.1.1906),

рускі фізік і электратэхнік, вынаходнік радыё. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1883 выкладаў у ваен. навуч. установах у Кранштаце. З 1901 праф. Пецярбургскага электратэхн. ін-та (з 1905 рэктар). Навук. працы па электра- і радыётэхніцы. Сканструяваў кагерэр — прыстасаванне для выяўлення эл.-магн. ваганняў (1894). 7.5.1895 на пасяджэнні Рас. фіз.-хім. т-ва прадэманстраваў работу першага ў свеце радыёпрыёмніка. Ажыццявіў тэлеграфаванне без правадоў, перадаўшы радыёграму на адлегласць 250 м (1896), а пазней серыю доследаў па радыётэлеграфіі на адлегласць да 150 км. Для практычнай сувязі (на адлегласці, большай за 40 км) прыборы П. былі выкарыстаны ў 1900 у час аперацыі па выратаванні браняносца «Генерал-адмірал Апраксін». Залаты медаль на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900).

Літ.:

Радовский М.И. А.​С.​Попов. М.; Л., 1963;

Изобретение радио: А.​С.​Попов: Док. и материалы. М., 1966.

А.С.Папоў.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)