БАНДАРЭ́НКА Пётр Ціханавіч (3.9.1901, в. Старая Зенькавіна Кармянскага р-на Гомельскай вобл. —28.10.1950),
савецкі ваен. дзеяч. Контр-адмірал (1948). Скончыў школу рулявых і сігнальшчыкаў (1923), Ваенна-марское паліт. вучылішча (1924), Ваенна-паліт. акадэмію імя М.Талмачова (1934). У ВМФ з 1919, з 1920 на караблях Дняпроўскай ваен. флатыліі. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-польскай вайны 1920 і падаўлення Кранштацкага паўстання 1921. З 1921 служыў на Чарнаморскім флоце, з 1939 нач. паліт. ўпраўлення Чарнаморскага флоту. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Адэсы, Ачакава, больш за 7 месяцаў знаходзіўся ў акружаным Севастопалі. З 1942 у Волжскай ваен. флатыліі, на Сталінградскім фронце. З 1944 на Каспійскай флатыліі, з 1947 нам. каманд. Чарнаморскім флотам. 29.9.1949 беспадстаўна арыштаваны органамі МДБ і прыгавораны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да расстрэлу. У 1954 рэабілітаваны.
Б.Дз.Далгатовіч.
т. 18, кн. 1, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)