Адмірал (матыль) 1/116—117

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРА́Л [гал. admiraal ад араб. амір аль (бахр) уладар на моры],

воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага саставу ў ваенна-марскіх флатах мн. дзяржаў. У Еўропе паявілася ў 12 ст. ў Венецыі і Генуі, а затым распаўсюдзілася на флаты інш. краін (у Польшчы ўведзена ў 17 ст., у Расіі — на пач. 18 ст. У СССР устаноўлена з 1940 і адпавядала званню генерал-палкоўніка ў арміі). Існуюць таксама званні контр-адмірал, віцэ-адмірал, адмірал флоту і інш.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРА́Л (Vanessa atalanta),

насякомае атр. матылёў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на палянах, лугах, берагах ручаёў, уключаны ў Чырвоную кнігу.

Размах крылаў да 6 см. Пярэднія крылы зверху чорныя з белымі плямкамі і чырвонай косай палоскай (адсюль назва), заднія — чорныя, з чырвонай палоскай на краі. Лёт у ліп.вер., тых, што перазімавалі, — у маі. Вусені развіваюцца ў чэрв.жн. на лісці крапівы і чартапалоху.

Адмірал і яго вусень.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л (ад лац. vice замест, узамен + адмірал),

воінскае званне вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў. У эпоху паруснага флоту (17 — сярэдзіна 19 ст.) віцэ-адмірал камандаваў авангардам (перадавой часткай сіл) і быў нам. адмірала. У Расіі званне ўведзена ў 1699 (існавала да 1917), у СССР — у 1940; існуе ў ВМФ Расійскай Федэрацыі (адпавядае ген.-лейт. ў арміі). У сав. ВМФ званне віцэ-адмірала мелі ўраджэнцы Беларусі В.П.Дрозд, Г.М.Халасцякоў і інш.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́Л-АДМІРА́Л,

найвышэйшае воінскае званне (чын) у ВМФ Расіі ў 1708—1908. Адпавядала званню генерал-фельдмаршал у арміі. Генерал-адмірал быў правадз. начальнікам флоту або насіў званне як ганаровае. Генераламі-адміраламі былі Ф.М.Апраксін (з 1708), А.І.Астэрман (1740—41), М.М.Галіцын (з 1756), вял. князі Павел Пятровіч (з 1762, пазней імператар Павел І), Канстанцін Мікалаевіч (з 1831), Аляксей Аляксандравіч (з 1883).

Літ.:

Дыгало В.А. Флот государства Российского: Откуда и что на флоте пошло. М., 1993. С. 234—244.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТР-АДМІРА́Л (ад франц. contreamiral),

воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх марскіх дзяржаў; адпавядае званню генерал-маёра ў арміі. Званне ўпершыню з’явілася ў канцы 13 ст. ў Галандыі і працяглы час мела назву шаўтбенахт (ад галандскага schout bij nacht які назірае ноччу). У Расіі вядома з 1699; паводле Табелі аб рангах чын 4-га класа. Званне існавала ў ВМФ СССР у 1940—91.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л ДРОЗД»,

гвардзейскі эсмінец сав. Чырванасцяжнага Балт. флоту, які вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Да 13.2.1943 наз. «Стойкі», перайменаваны ў гонар сав. флатаводца беларуса В.П.Дразда, які загінуў. Уступіў у строй у 1940. У 1941—42 удзельнічаў у баявых дзеяннях флоту ў Рыжскім заліве, эвакуацыі гарнізона п-ва Ханка, абароне Ленінграда (падтрымліваў артыл. агнём часці сухап. войск) і інш. За мужнасць і адвагу атрымаў гвардз. званне (3.4.1942), увесь экіпаж узнаг. ордэнамі і медалямі. Выключаны са складу ВМФ СССР у 1960.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАЙ ((Bligh) Уільям) (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),

брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.

М.К.Багадзяж.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОЗД (Валянцін Пятровіч) (16.9.1906, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл. — 29.1.1943),

віцэ-адмірал (1941). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1928), служыў на караблях Балт. флоту (БФ). Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі (інструктар-саветнік рэсп. флоту ў 1936—37). З 1938 камандуючы Паўн. флотам, удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З вер. 1940 нач. Чарнаморскага вышэйшага ваен.-марскога вучылішча. З лют. 1941 камандзір атрада лёгкіх сіл БФ, у пач. Вял. Айч. вайны на чале атрада караблёў БФ прарваўся з Таліна ў Кранштат. З вер. 1941 камандуючы эскадрай караблёў БФ; удзельнік абароны Маанзундскіх а-воў, эвакуацыі абаронцаў п-ва Ханка, абароны Ленінграда. Загінуў на лядовай трасе пад Кранштатам. Яго імем названы эсмінец БФ (гл. «Віцэ-адмірал Дрозд») і вял. процілодачны карабель Паўн. флоту. У Буда-Кашалёве помнік.

Р.К.Паўловіч.

В.П.Дрозд.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́РЫС ((Kanaris) Канстанцінас) (каля 1790, в-аў Псара, Грэцыя — 14.9.1877),

грэчаскі ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч. Адмірал. Вызначыўся ў час. грэч. нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29. З 1826 дэп. Нац. сходу. У 1843—44 і 1854 міністр марскога флоту. Узначальваў канстытуцыйную партыю. У 1864—65 і 1877 кіраўнік урада Грэцыі.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)