СЯНЯ́ВІНЫ,

расійскі дваранскі род, з якога паходзіў шэраг ваенна-марскіх дзеячаў.

Навум Акімавіч (каля 1680—4.6.1738), віцэ-адмірал (1727). У Паўн. вайну 1700—21 як камандзір (з 1713) лінейнага карабля ў баі 4.6.1719 каля в-ва Эзель (цяпер Саарэмаа, Эстонія) прымусіў здацца 3 швед. караблі. У 1728—32 камандаваў галерным флотам. У рус.-тур. вайну 1735—39 камандуючы (з вер. 1737) Дняпроўскай ваеннай флатыліяй. Аляксей Навумавіч (1716—21.8.1797), адмірал (1775). Сын Навума Акімавіча. Удзельнік рус.-тур. вайны 1735—39 на караблях Дняпроўскай флатыліі. У Сямігадовую вайну 1756—63 камандаваў лінейным караблём пры блакадзе порта Кольберг (цяпер Калобжаг, Польшча). У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў Данской флатыліяй. Удзельнічаў у стварэнні рас. Чарнаморскага флоту. Дзмітрый Мікалаевіч (17.8.1768—17.4.1831), ген.-ад’ютант (1825), адмірал (1826). Стрыечны пляменнік Аляксея Навумавіча. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, Міжземнаморскага паходу Ф.​Ушакова 1798—1800, Адрыятычнай экспедыцыі 1806—07, Архіпелагскіх экспедыцый рускага флоту (2-й экспедыцыі 1806—07), руска-англійскай вайны на моры 1807—12. З 1825 камандуючы Балт. флотам. Развіваў манеўраную тактыку ветразевага флоту. Яго імем наз. шэраг геагр. аб’ектаў, рас. і сав. баявых караблёў.

Літ.:

Скрицкий Н.В. Самые знаменитые флотоводцы России. М., 2000.

т. 15, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)