ПАЛМА́РЫС (Palmares),
Рэспубліка Палмарыс, дзяржава збеглых неграў-нявольнікаў у пальмавых лясах (палмарах) Паўн.-Усх. Бразіліі (цяпер штат Пернамбуку) у 1630—97. Утварылася ў выніку аб’яднання ўмацаваных пасёлкаў (кіломбус) збеглых неграў. Цэнтр — пас. Макаку. Прымітыўная дзяржава з элементамі родаплем. арганізацыі і ваен. дэмакратыі. На чале П. стаялі выбарны пажыццёвы правадыр і савет старэйшын. Узбр. сілы — нар. апалчэнне. Насельніцтва (20 тыс. чал., негры, мулаты, індзейцы) займалася земляробствам, паляваннем, збіральніцтвам, менавым гандлем з індзейскімі плямёнамі; асн. маса вернікаў вызнавала афрахрысц. сінкрэтычны культ. Зямля належала дзяржаве, існавалі абшчынныя палі і сямейныя надзелы. У гаспадарцы выкарыстоўвалася праца нявольнікаў з ваеннапалонных. Насельніцтва П. адбіла шматлікія карныя экспедыцыі галандскіх і партуг. каланізатараў, у 1679 і 1692 пад кіраўніцтвам правадыра Зумбі нанесла буйныя паражэнні партугальцам. У лют. 1694 партуг. войскі захапілі пас. Макаку і знішчылі б.ч. насельніцтва П., у 1697 разбурылі апошнія пасёлкі.
т. 12, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫКАПЕ́Й (грэч. Pantikapaion),
антычны горад-калонія ва Усх. Крыме (цяпер г. Керч, Украіна). Засн. ў 1-й пал. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў П. чаканілі сярэбраныя, з 4 ст. да н.э. — залатыя і медныя манеты. У 2-й пал. 5 ст. да н.э. П. аб’яднаў грэч. гарады па абодвух берагах Баспора Кімерыйскага, стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы, гал. рамесніцкім, гандл. і культ. цэнтрам Паўн. Прычарнамор’я. Паліт. падзеі 2—1 ст. да н.э. (Саўмака паўстанне, войны Мітрыдата VI Еўпатара), землетрасенне (63 да н.э.) прывялі да разбурэння горада. Нягледзячы на некат. ажыўленне гандл. і паліт. жыцця ў 1—2 ст. н.э. П. паступова заняпаў. З сярэдзіны 3 ст. горад рабаваўся готамі, у канцы 4 ст. разбураны гунамі. Раскопкі вядуцца з 1-й пал. 19 ст. (сістэматычна з 1945).
А.Г.Зельскі.
т. 12, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХМУТАВА (Аляксандра Мікалаеўна) (н. 9.11.1929, пас. Бякетаўка, цяпер у межах г. Валгаград, Расія),
расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1984). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Вядомасць набыла як кампазітар-песеннік. Творы вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі. Песні адзначаны шчырасцю, лірычнай пранікнёнасцю і рэльефнасцю меладычнага малюнка: «Песня пра трывожную маладосць», «Геолагі», «Арляняты вучацца лётаць», «Абдымаючы неба», «Пяшчота», «Мелодыя», «Белавежская пушча», «Якія маладыя мы былі», «Паклонімся», «Рускі вальс» і інш. Аўтар балета «Азоранасць» (паст. 1974), кантаты «Васіль Цёркін» (1953), уверцюр «Юнацтва» (1957), «Цюрынгія» (1958), «Рускае свята» (1967), канцэртаў для арк. (1971), трубы з арк. (1955), музыкі для дзяцей, да драм. спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзярж. прэмія СССР 1975, 1982.
Літ.:
Добрынина Е. А.Пахмутова. М., 1973;
А.Пахмугова. М., 1979;
Квасникова Л.А. Дорогами песен А.Пахмутовой. М., 1979.
Л.А.Сівалобчык.
т. 12, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛАС (Pylos),
старажытнагрэчаскі горад у Месеніі на паўд.-зах. узбярэжжы Пелапанеса (цяпер гарадзішча на ўзгорку Ана-Энгліянас паблізу сучаснага г. Пілас). Першае паселішча на месцы П. ўзнікла на мяжы 3—2-га тыс. да н.э. У 16—13 ст. да н.э. рэзідэнцыя мясц. ахейскіх правіцеляў, адным з якіх, паводле Гамера, быў легендарны Нестар. Каля 1200 да н.э. горад знішчаны пажарам. Раскопкамі акропаля ў 1939 і 1952 адкрыты рэшткі магутнага палацавага комплексу (пабудаваны ў 13 ст. да н.э.), які ўключаў парадныя, жылыя і гасп. памяшканні. Сцены некаторых былі ўпрыгожаны фрэскамі. Сярод шматлікіх знаходак (прылады працы, кераміка, упрыгожанні) асаблівае значэнне маюць гліняныя таблічкі (болей за 600) з лінейным пісьмом Б.
Літ.:
Полякова Г.Ф. Социально-политическая структура пилосского общества (по данным линейного письма B). М., 1978;
Бартонек А. Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.
Я.У.Новікаў.
т. 12, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТ (Pitt) Уільям Малодшы
(28.5.1759, Хейс, цяпер у межах Лондана — 23.1.1806),
англійскі дзярж. дзеяч. Сын У.Піта Старэйшага. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1776). З 1781 чл. парламента, лідэр «новых торы», звязаных з фін. буржуазіяй і калан. дзялкамі. У 1782—83 міністр фінансаў, у 1783—1801 і 1804—06 прэм’ер-міністр. У 1784 правёў закон, які абмежаваў правы Ост-Індскай кампаніі і паставіў пад дзярж. кантроль кіраванне Індыяй. Каб паслабіць міжнар. пазіцыі Расіі, спрыяў развязванню рас.-тур. вайны 1787—91 і рас.-швед. вайны 1788—90, аказваў дыпламат. падтрымку Турцыі і Швецыі. З пачаткам французскай рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з гал. арганізатараў дыпламат. ізаляцыі Францыі і ваен.-паліт. кааліцый супраць яе. Садзейнічаў задушэнню дэмакр. руху ўнутры краіны і нац.-вызв. руху ў Ірландыі, правядзенню «Акта аб уніі» (1801), які скасаваў аўт. ірл. парламент.
т. 12, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЛІ́КША (Пелікша) Карнель Ігнатавіч [1823, в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.7 (паводле інш. звестак 12.3). 1872], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на тэр. Беларусі, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцку, у дваранскім ін-це ў Вільні. Да паўстання жыў у сваім маёнтку Горкі пад Мінскам, дзе адкрыў школу і бальніцу, сабраў багатую б-ку. З вясны 1863 паўстанцкі цывільны начальнік Мінскага ваяв. Садзейнічаў разгортванню паўстання на Міншчыне, у вер. — кастр. 1863 дапамог пасланцу К.Каліноўскага І.М.Яманту рэарганізаваць у Мінску паўстанцкую адміністрацыю. Потым з ведама Каліноўскага выехаў за мяжу. Завочна асуджаны царскімі ўладамі да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. У эміграцыі жыў у Францыі, Італіі, Румыніі, Галіцыі. У 1872 ахвяраваў музею кн. Любамірскіх у Львове каштоўны габелен Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў 18 ст. «Бітва пад Славечна» (цяпер у гіст. музеі ў Львове).
Г.В.Кісялёў.
т. 13, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗДА́ВІМ ФАШЫ́СЦКУЮ ГА́ДЗІНУ»,
сатырычнае выданне для насельніцтва і партызан Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Выходзіла з ліп. 1941 да мая 1945, спачатку на рус., з сак. 1942 на бел. мове; да сак. 1942 агітплакат, пазней газета-плакат, сатыр. часопіс ЦК КП(б)Б. Выдавалася ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе і ў Маскве, пасля ў Навабеліцы (цяпер у межах Гомеля) і Мінску. Змяшчала фельетоны, памфлеты, сатыр. вершаваныя і празаічныя літ. творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі да актыўнай барацьбы з ворагам. У выданні друкаваліся творы Я.Коласа, Я.Купалы, А.Астрэйкі, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, К.Крапівы, М.Лужаніна, П.Панчанкі, М.Танка, М.Чавускага, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, малюнкі І.Ахрэмчыка, Л.Брадатага, В.Букатага, К.Елісеева і інш. мастакоў. Са жн. 1945 выходзіць як сатыр.-гумарыстычны час. «Вожык».
М.П.Пазнякоў.
т. 13, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕНФЕ́ЛЬД (Аляксандр Аляксандравіч) (25.10.1872, Мінск — ?),
бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у гімназіях Рэвеля (цяпер Талін), Пецярбурга. З 1898 у Пецярбургскім ун-це (з 1910 прыват-дацэнт), у 1912—14 кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў ун-та. У 1904 апубл. «Беларускія народныя песні», дзе матэрыял не мае строга навук. класіфікацыі і згрупаваны паводле месца запісу (у ваколіцы Радашковіч, у Семкавым Гарадку, Рубяжэвічах, Астрашыцкім Гарадку Мінскага пав., невял. колькасць песень з Барысаўскага і Рэчыцкага пав.). У асобныя групы вылучаны вясельныя, купальскія і пятроўскія песні. Зборнік цікавы ўзорамі каляндарна-абрадавай (асабліва жніўнымі, купальска-пятроўскімі і восеньскімі песнямі), вясельнай паэзіі, пазаабрадавай лірыкі, баладамі. Дакладна перададзены дыялектна-моўныя асаблівасці песень. Аўтар фальклорна-этнагр. эцюда «З жыцця беларуса», прысвечанага зажынкавым і дажынкавым абрадам, песням (рукапіс ў архіве Геагр. т-ва ў С.-Пецярбургу).
А.С.Ліс.
т. 13, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙК ((Rajk) Ласла) (8.3.1909, Трансільванія, цяпер у Румыніі — 15.10.1949),
венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. Настаўнік. З 1930 чл. нелегальнай Камуніст. партыі Венгрыі. У 1937—39 у час грамадз. вайны ў Іспаніі ваяваў на баку рэспубліканцаў (паліт. камісар венг. батальёна інтэрнац. брыгад). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе супраць рэжыму М.Хорці. З 1945 чл. ЦК і палітбюро Венг. камуніст. партыі. У 1946—48 міністр унутр. спраў (на гэтай пасадзе забяспечыў камуністам кантроль над паліцыяй і адміністрацыяй), потым міністр замежных спраў. У маі 1949 арыштаваны і на паказальным судовым працэсе (працэс Райка)’разам з інш. кіруючымі камуністамі прыгавораны да пакарання смерцю як «агент імперыялізму» і «цітаіст» («шпіён» югасл. маршала І.Б.Ціта). У 1956 рэабілітаваны.
Літ.:
Желицки Б.Й. Трагическая судьба Ласло Райка. Венгрия 1949 г. // Новая и новейшая история. 2001. №2—3.
т. 13, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДА́НСКІ (Сцяпан Васілевіч) (6.1.1834, с. Хамуцінцы, цяпер с.Руданскае Жмерынскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 3.5.1873),
украінскі паэт. Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1861). Друкаваўся з 1859. Аўтар лірычных вершаў, баек, рамант. балад, гіст. паэм, у т. л. «Цар-Салавей» (1857). Найлепшы твор — цыкл «Спевамоўкі» (1857—58), кароткія гумарыст. і сатыр. вершы ў духу нар. анекдотаў, якія скіраваны на выкрыццё грамадскіх заган. Паэзія Р. прасякнута любоўю да прац. народа, спачуваннем яго долі, верай у будучае. Пераклаў на ўкр. мову «Іліяду» Гамера, «Энеіду» Вергілія, «Слова аб палку Ігаравым», асобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі В.Іпатава, А.Паўловіч.
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1972—73;
Бел. пер. — у кн.: Ад круч дняпроўскіх. Мн., 1983;
Рус. пер. — Соч. Симферополь, 1963.
Літ.:
Колесник П.Й. Степан Руданьский.: Літ. портрет. Київ, 1971.
К.Р.Хромчанка.
т. 13, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)