КРЫЛО́Ў Аляксей Мікалаевіч [15.8.1863, с. Вісяга (цяпер Крылова), Чувашыя —26.10.1945), расійскі караблебудаўнік, механік і матэматык. Акад. АН СССР (1925; акад. Пецярб. АН з 1916, Рас. АН з 1917). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1890), дзе і выкладаў. Працаваў таксама гал. інспектарам караблебудавання, старшынёй Марскога тэхн. к-та, удзельнічаў у праектаванні і пабудове першых рас. лінкораў. У 1919—20 нач. Марской акадэміі, з 1927 кіраваў Фіз.-матэм. ін-там АН СССР. Навук. працы па тэорыі і буд. механіцы карабля, магн. і гіраскапічных компасаў, артылерыі, механіцы, матэматыцы, гісторыі навукі. Распрацаваў метады вылічэння ўстойлівасці і плывучасці карабля, стварыў тэорыі вібрацыі суднаў і гайданкі карабля. Даследаваў уплыў гайданкі на паказанні компаса. Прапанаваў метад рашэння т.зв. векавога ўраўнення, пабудаваў машыну для інтэгравання дыферэнцыяльных ураўненняў, стварыў шэраг карабельных і артыл. прылад. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Собр. трудов. Т. 1—12. М.; Л., 1936—56.

Літ.:

Крыжановская Н.А. Академик А.Н.Крылов: Библиогр. указ. Л., 1952.

А.М.Крылоў.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)