КАЗАКО́Ў (Мацвей Фёдаравіч) (1738, Масква — 7.11.1812),

рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.​Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.​Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-я г.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр. акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.

Літ.:

Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.​А.​Казаков. М., 1957.

М.Ф.Казакоў. Будынак Сената У Маскве. 1776—87.

т. 7, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)