вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1548—72, фармальна з 1529], у ВКЛ Жыгімонт III Аўгуст. Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы. На сейме ВКЛ у кастр. 1529 Ж. II абраны вял. князем пры жыцці бацькі (г. зн. другім вял. князем). 18.12.1529 на польск. сейме Жыгімонт I дамогся абрання сына польск. каралём (каранаваны 20.2.1530). Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі. Для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са «Свяшчэннай Рымскай імперыяй» Жыгімонт I у 1543 арганізаваў шлюб Ж. II з эрцгерцагіняй Лізаветай, дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда (памерла ў 1545). У 1544 Ж. II фактычна пачаў кіраванне ў ВКЛ, куды Жыгімонт I не прыязджаў, але захоўваў сваё вяршэнства. У 1547 Ж. II ажаніўся з Барбарай Радзівіл. У выніку шлюбу браты Барбары М.Радзівіл Руды і М.Радзівіл Чорны занялі кіруючае становішча ў ВКЛ, пэўны час Ж. II знаходзіўся пад іх уплывам. Супраць шлюбу былі Жыгімонт I, Бона і значная частка польск. магнатаў. Пасля смерці бацькі ў 1548 Ж. II стаў паўнапраўным вял. князем і каралём. Ён заключыў тайны трактат аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Венгрыі Фердынандам Габсбургам. Гэты саюз прадоўжаны, калі ў 1553 Ж. II ажаніўся з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. У далейшым адышоў ад саюзу з Габсбургамі. Знешняя палітыка Ж. II была накіравана на захаванне мірных адносін з суседнімі краінамі. Прусія заставалася васальнай дзяржавай у дачыненні да польск. караля. Адносіны са Швецыяй палепшыліся, калі там у 1568 трон заняў Юхан III, швагер Ж. II. Лівонская вайна 1558—83 выявіла небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы і падштурхнула да заключэння Люблінскай уніі 1569, стварэння Рэчы Паспалітай. Унутр. палітыка Ж. II была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. Садзейнічаў правядзенню валочнай памеры. Пачаў буд-ва ваенна-марскога флоту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час кіравання Ж. II у ВКЛ і Польшчы пашырылася Рэфармацыя ў розных яе галінах. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Прывілеем 1563 ураўнаваў паліт.правыправасл. шляхты ВКЛ з каталіцкай. Зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Пад націскам кіраўніцтва каталіцкай царквы згадзіўся на допуск езуітаў у Польшчу (1564) і ВКЛ (1569), што стала пачаткам контррэфармацыі ў гэтых краінах. Быў мецэнатам, на праўленне Ж. II прыпадае росквіт культуры эпохі Адраджэння ў ВКЛ. На Ж. II скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.
Літ.:
Kolankowski L. Zygmunt August, wielki książę Litwy, do rołu 1548. Lwów, 1913;
Cynarski S. Zygmunt August. Wrocław etc., 1988;
Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August, król polski i wielki książę litewski (1520—1562). Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЛЯ́НА (Ljubljana),
горад, сталіца Славеніі. Знаходзіцца ў міжгорнай Люблянскай катлавіне абапал р. Любляніца каля яе ўпадзення ў р. Сава. 276 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (гідратурбіны, эл.-тэхніка, прыладабудаванне і інш.), тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, паліграфічная. Славенская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Турызм, міжнар. кірмашы, фестывалі.
У 1 ст.н.э. на месцы Л. знаходзіўся рым. лагер, потым г. Эмона (разбураны ў 5 ст.). Як славенскае паселішча вядома з 1144. У 2-й пал. 13 ст. Л. (ням. назва Лайбах) атрымала гар.правы, адм. ц. Крайны. З 1335 уладанне Габсбургаў, з 1460-х г. рэзідэнцыя епіскапа. У 15—16 ст. найбуйнейшы гандл. цэнтр на славенскіх землях. У 16 ст. тут пашырылася Рэфармацыя (П.Трубар), у 1595 засн.ун-т. З 1809 гал. горад Ілірыйскіх правінцый Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 Л. перададзена Аўстрыі. У 1821 тут праходзіў кангрэс Свяшчэннага саюза (Лайбахскі кангрэс). У 19 — пач. 20 ст. цэнтр славенскага нац.-вызв. руху. З 1918 сталіца Славеніі ў складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У крас. 1941 акупіравана войскамі Італіі, у вер. 1943 — Германіі. У маі 1945 вызвалена Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. З 1945 сталіца Славеніі.
Ад ант. часоў захаваліся рэшткі ўмацаванняў, акведука, некропаля. Гіст. ядро горада — замак Град на ўзгорку каля р. Любляніца (засн. ў 9 ст.; перабудаваны ў стылі барока ў 16—17 ст., вежа — сярэдзіна 19 ст.) і размешчаныя каля яго падножжа раёны плошчаў Старой, Гарадской і Новай. Барочная забудова моцна пашкоджана землетрасеннем 1895 (горад адноўлены і рэканструяваны ў 1-й трэці 20 ст.). Найб. значныя пабудовы: палац епіскапа (1512—1733, арх. А.Тыфернус; готыка), у стылі барока — цэрквы св. Якаба (1613—15, перабудавана ў 1701) і урсулінак (1718—26; 1744), сабор св. Мікалая (1700—07, праспект А.Поца, купал сярэдзіны 19 ст.), ратуша з аркадным унутр. дваром (1717—18, арх. Г.Мачак), палацы Швейгера (каля 1755) і Грубера (1782, арх. Д.Грубер). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі (Оперны т-р, будынак Выканаўчага веча) і стылю мадэрн (атэль «Уньён»), У духу нац. рамантыкі пабудаваны стадыён (1930), б-ка ун-та (1936—40, абодва арх. І.Плечнік). Паводле плана рэканструкцыі 1950 узведзены будынак Нар. скупшчыны (1959, арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (1965, арх. М.Божыч), дом друку (1960-я г.арх. Б.Коцмут), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (1963—75, арх. Э.Раўнікар). Сярод помнікаў «Фантан славенскіх рэк» (1751, скульпт. Ф.Роба), змагарам Супраціўлення (1952) і інш. У Л. музеі Нацыянальны, Нац. галерэя, Славенскі этнаграфічны, Сучасная галерэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСАНАЛІ́ЗМ (ад лац. persona асоба),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць асобу першаснай творчай рэальнасцю і найвыш. духоўнай каштоўнасцю, а ўвесь свет — праяўленнем творчай актыўнасці вярх. асобы — Бога. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША (Б.Боўн, Дж.Ройс і іх паслядоўнікі — Э.Брайтмен, Э.Кент, Р.Т.Флюэлінг і інш.), у пач. 20 ст. ў Расіі (М.А.Бярдзяеў, М.А.Лоскі, Л.І.Шастоў) і Францыі (Э.Мунье, Ж.Лакруа, П.Рыкёр, М.Недансель). Упершыню тэрмін «П.» у гісторыі філасофіі ўжыў Ф.Шлеермахер у «Прамове аб рэлігіі да адукаваных людзей, якія ёю пагарджаюць» (1789). Вытокі П. як асаблівай пазіцыі распрацоўваліся пачынаючы з перыяду хрысціянства, хаця немалаважнае значэнне мелі ант. канцэпцыі асобы, абгрунтаваныя Платонам, Сакратам, Эпікурам, неаплатонікамі. Непасрэднай тэарэт. асновай П. з’яўляецца манадалогія Г.Лейбніца як вучэнне аб духоўных субстанцыях, якія валодаюць энергіяй і існуюць у гармоніі паміж сабой і Богам. Спецыфічнымі сродкамі выражэння персаналісцкіх поглядаў і ідэй сталі філас. вучэнні С.К’еркегора, І.Фіхтэ, М.Шэлера і інш.
Паводле канцэпцыі П., прырода ўяўляе сабой сукупнасць духаў — «асоб», а чалавек — вобраз і падабенства вярх. асобы — Бога (мае ў сабе боскі элемент). Асоба чалавека ёсць непаўторная, унікальная суб’ектыўнасць, адзіная рэальнасць і праяўленне быцця; яе вытокі — у адзіным пачатку, царстве духа — у Богу, а яе прадвызначэнне — пошук, пазнанне духу ісціны і любоў да яе. Для асобы характэрны 3 вектары існавання: экстэрыярызацыя (знешняе самаажыццяўленне), інтэрыярызацыя (унутр. засяроджанасць, духоўны свет), трансцэндэнцыя (самавызначэнне, арыентацыя на вышэйшыя, боскія каштоўнасці). У адпаведнасці з прынцыпамі тэізму ўсю гісторыю чалавецтва персаналісты разглядаюць як гісторыю развіцця персанальнага духу, а ўнутр. свет асобы як сапраўдную арэну быцця, прычыну ўсіх магчымых канфліктаў. З гэтага пункту погляду культ.-сац. сітуацыя 20 ст. з’яўляецца сітуацыяй разарванасці, непаўнаты чалавечага існавання, яго падпарадкаванасці знешнім фактарам (рэлігіі, навуцы, маралі, вытв-сці, спажыванню); адбываецца разрыў асобаснага і сацыяльнага, які з’яўляецца выражэннем больш глыбокага метафіз. канфлікту чалавечага і касмічнага. У рамках П. быў сфармуляваны гуманіст. тэзіс аб свабодзе асобы як крытэрыі дэмакратычнасці грамадства; яе правы і свабоды — найвышэйшая каштоўнасць і сутнасць дэмакратыі. Персаналісты акцэнтуюць увагу на выхаваўчай ролі асобаснай філасофіі, бачаць у ёй педагогіку, нацэленую на абуджэнне асобаснага пачатку ў чалавеку. Ідэалам знешняга самаажыццяўлення чалавека-асобы прызнаецца маст. творчасць, якая абавязкова накіравана на вышэйшыя каштоўнасці і з’яўляецца спецыфічным відам дзейнасці, што ажыццяўляе сувязь чалавечага з боскім. Розныя аспекты праблематыкі П. распрацоўваюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме, філасофскай антрапалогіі, герменеўтыцы і інш.
Літ.:
Вдовина И.С. Эстетика французского персонализма. М., 1981;
Проблема человека в западной философии. М., 1988;
Lacroix J. Marxisme, existentialisme, personnalisme. 6 éd Paris, 1966;
Яго ж. Personnalisme comme anti-idéologie. Paris, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЖАНЦЫ,
асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.
Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас.к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел.сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел.нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).
У пачатку Вял.Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс.чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт.эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.
З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец.Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНАЙ СПА́ДЧЫНЫ,
сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў арганізац., прававога і эканам. характару, накіраваных на зберажэнне, утрыманне і рацыянальнае выкарыстанне культ. спадчыны. Ахове падлягаюць найб. адметныя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праявы чалавечай творчасці, што маюць выдатныя духоўныя, эстэт. і дакумент. вартасці і ўзяты пад ахову дзяржавы ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Дзейнасць па ахове ўключае: н.-д. работу (вывучэнне, класіфікацыя, каталагізацыя і публікацыя), падрыхтоўку і выданне заканад. актаў (прызнанне пэўнага аб’екта помнікам гісторыі і культуры; прыняцце законаў, якія рэгламентуюць дзеянні ў адносінах да гіст.-культ. спадчыны; распрацоўка нарматыўных актаў пра парадак уліку, захавання і рэстаўрацыі маст. і гіст. каштоўнасцяў, кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў, папулярызацыю каштоўнасцяў як гіст. спадчыны і набытку).
У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», паводле якога дзярж. палітыка Беларусі ў галіне ўліку і аховы гіст.-культ. спадчыны вызначаецца Вярх. Саветам і ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў праз спецыялізаваны дзярж. орган аховы спадчыны — Дзярж. інспекцыю па ахове гіст.-культ. спадчыны (ДзінАС). Выпрацоўку навук.-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гэтай спадчыны ажыццяўляе Бел.рэсп.навук.-метадычная рада ла пытаннях гіст.-культ. спадчыны. Законам забараняецца дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, абмяжоўваецца або забараняецца дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцяў. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу ДзінАСа. Асн.правы ўласнікаў каштоўнасцяў рэгулююцца законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Фінансаванне аховы і зберажэнне гіст.-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцяў, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму ўтрымання каштоўнасцяў і патрабаванняў закону, і інш. сродкаў, якія паступаюць на законных падставах. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. На Беларусі больш за 16,3 тыс. помнікаў гісторыі і культуры (1996), у т. л. 11 601 помнік гісторыі, 3048 помнікаў археалогіі, 1613 помнікаў архітэктуры, 247 помнікаў мастацтва рэсп. і мясц. значэння. Для асобнага аб’екта, групы ці комплексу помнікаў, гіст. цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыдычная або фізічная асоба, якая мае адпаведны дазвол. З мэтай папулярызацыі помнікаў, іх сістэматызацыі і вывучэння ў 1984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіцыйным дакументам уліку помнікаў, што ўзяты ці павінны быць узяты пад дзярж. ахову. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук. арганізацыя — Дзярж.гіст.-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З грамадскіх арганізацый дзейнічаюць Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНА, Беразіна,
рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўж. 613 км. Пл. вадазбору 24,5 тыс.км². Пачынаецца на ПдЗ ад г. Докшыцы. Асн. прытокі: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).
Агульная даўж. рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіны падзяляецца на З участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік.
Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, куп’істая, шыр. 500 м — 6 км. У разводдзе затапляецца на глыб. да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі, невял. пясчанымі астравамі. Шыр. да 60 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя. У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя (выш. 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шыр. 1,5—2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—3 м ад 10—20 сут да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шыр. ракі 60—300 м. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Ніжэй упадзення Свіслачы і да вусця даліна пераважна трапецападобная, шыр. ад 300 м да 8 км. Схілы стромкія, выш. да 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая, шыр. 1,5—5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. каля 3,5 м да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, водмеляў, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шыр. ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, выш. ад 1—2 м да 15 м. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі.
Пад’ём узроўню (працягласць 20—30 сут) пачынаецца з сярэдзіны сак., сярэдняя выш. 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найб. 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сут. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 сут, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал.снеж., крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—7 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. На рацэ гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск; у маляўнічых мясцінах зоны адпачынку Беразіно, Асіповічы, Дроздзіна, Прырэчча і інш. Курорты Бабруйск і Горваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н (Washington),
горад, сталіца Злучаных Штатаў Амерыкі. Размешчаны на Атлантычным узбярэжжы, паміж штатамі Мэрыленд і Віргінія, на ўсх. беразе р. Патомак, пры ўпадзенні ў яе р. Анакостыя. Вылучаны ў асобную федэральную акругу Калумбія (пл. 178 км²). Нас. ў межах акругі 585,2 тыс.ж., з прыгарадамі ў суседніх штатах 3,92 млн.ж. (1992). Буйны трансп. вузел: 5 магістральных чыгунак, аўтадарогі, 2 аэрапорты (Вашынгтонскі нац. і Міжнар. імя Дж.Ф.Далеса). Рачны порт. У Вашынгтоне знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША (Белы дом), кангрэс (Капітолій), вярх. суд, дзярж. дэпартамент, ваеннае мін-ва (Пентагон) і інш.дзярж. ўстановы. Асн. частка насельніцтва на дзярж. службе, у сферы паслуг, гандлі і фінансах. Буйны цэнтр паліграф. і харч. прам-сці. Машынабуд. (пераважна ў прыгарадах), у т. л. радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі), ракетна-касм., прыладабуд., ваенная прам-сць. Вытв-сць медыкаментаў. Дзярж. друкарні. Манетны двор.
Засн. ў 1791. Названы ў гонар 1-га прэзідэнта ЗША Дж.Вашынгтона. З 1800 сталіца ЗША (перанесена з Філадэльфіі). У 1802 атрымаў гар.правы. У англа-амер. вайну 1812—14 часова акупіраваны і спалены англічанамі (1814). У Вашынгтоне адбылася Вашынгтонская канферэнцыя 1921—22, тут размешчаны кіраўнічыя органы Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.
План забудовы горада складзены ў 1790—93 франц.інж. П.Ш.Ланфанам пры ўдзеле асветніка і дзярж. дзеяча ЗША Т.Джэферсана: прамавугольная сетка вуліц дапаўняецца дыяганальнымі праспектамі (авеню), у т. л. прамянямі, якія сыходзяцца да будынка кангрэса — Капітолія (1793—1865, арх. У.Торнтан і інш.; статуя Свабоды — скульпт. Т.Кроўфард). Да паркавай магістралі Мол, якая вядзе ад Капітолія да р. Патомак, прылягае парк, дзе размешчаны Белы дом (1792—1829, арх. Дж.Хобан, Б.Латраб). У архітэктуры ўрадавых і адм. будынкаў пераважаюць формы класіцызму. Вашынгтон — адна з самых зялёных сталіц свету. У 1960—70-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны, урадавыя і дзелавыя будынкі, сярод якіх Падатковы суд ЗША (1967, арх. В.Ландзі), Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі (1971, арх. Э.Д.Стоўн). Каля Вашынгтона (Шантыйі, штат Віргінія) — міжнар. аэрапорт імя Далеса (1958—62, арх. Эка Саарынен) і горад-спадарожнік Рэстан (1963—65).
У Вашынгтоне асн.навук. арг-цыі ЗША: Нац.АН, Бат. сад, навук. т-вы (Амер.хім., Нац.геагр.), Нац. архіў, Амер. асацыяцыя садзеяння развіццю навукі, навук. ін-ты Карнегі і Брукінгса, Смітсанаўскі ін-т. У прыгарадзе Вашынгтона даследчы цэнтр мін-ва сельскай гаспадаркі, 5 ун-таў (у т. л. Говардскі і Дж.Вашынгтона), Вышэйшая с.-г. школа, Ваен. акадэмія і інш. У Вашынгтоне знаходзіцца Бібліятэка кангрэса ЗША, Нац. музей ЗША, Нац. галерэя выяўл. мастацтваў, маст. галерэі Коркаран, Фрыр, Філіпс. Нац. калекцыя прыгожых мастацтваў, Нац. партрэтная галерэя, музей паветраплавання і касманаўтыкі і інш.Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі. Арлінгтанскія нац. могілкі (магілы Невядомага салдата, прэзідэнта Дж.Кенэдзі, сенатара Р.Кенэдзі).
І.В.Загарэц (гаспадарка).
Да арт.Вашынгтон. Від на Нацыянальную галерэю выяўленчых мастацтваў (на пярэднім плане) і Капітолій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henry),
імя многіх каралёў Англіі ў 11—16 ст.
Генрых I (1068, г. Селбі, Вялікабрытанія — 1.12.1135), малодшы сын караля Вільгельма І Заваёўніка, кароль [у 1100—35].
Генрых II Плантагенет (5.3.1133, г. Ле-Ман, Францыя — 6.7.1189), кароль [у 1154—89], першы з дынастыі Плантагенетаў. Яму належалі і шматлікія ўладанні ў Францыі. Каралём стаў пасля доўгай феад. смуты (1135—53). У барацьбе за ўмацаванне цэнтралізаванай феад. дзяржавы апіраўся на рыцарства, гарады, вярхі вольнага сялянства, усталяваў мір у дзяржаве і дамогся роспуску баронскіх наёмных атрадаў. Пры ім закладзены асновы англ.суд.-адм. сістэмы, пачалося заваяванне Ірландыі.
Генрых III (1.10.1207, г. Уінчэстэр, Вялікабрытанія — 16.11.1272), кароль [у 1216—72]. Сын Іаана Беззямельнага з дынастыі Плантагенетаў. Спробы Генрыха III кіраваць краінай, апіраючыся на замежных феадалаў-авантурыстаў і рым. курыю, выклікалі незадаволенасць баронаў, якіх падтрымалі гараджане, дробнае рыцарства, заможнае сялянства. Гэта процістаянне прывяло да грамадз. вайны (1263—67), у ходзе якой Сімон дэ Манфор у 1264 разбіў каралеўскія войскі і ўзяў Генрыха III у палон. Пасля разгрому апазіцыі і гібелі Манфора Генрых III у 1266 адноўлены ў правах. Пры ім у Англіі ўпершыню скліканы парламент.
Генрых IV (крас. 1366?, замак Болінгброк, Вялікабрытанія — 20.3.1413), кароль [у 1399—1413], заснавальнік дынастыі Ланкастэраў. Стаў каралём у выніку мяцяжу магнатаў Паўн. Англіі супраць Рычарда II. Значна пашырыў правы парламента.
Генрых V (16.9.1387, г. Монмут, Вялікабрытанія — 31.8.1422), кароль [у 1413—22]. Сын Генрыха IV з дынастыі Ланкастэраў. Імкнуўся прымірыцца з феад. знаццю. Аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453, разграміў французаў пры Азенкуры, захапіў Пн Францыі з Парыжам, прызнаны нашчадкам франц. караля Карла VI і рэгентам Францыі.
Генрых VI (6.12.1421, г. Віндзар, Вялікабрытанія — 21.5.1471), кароль [у 1422—61 і 1470—71]. Сын Генрыха V з дынастыі Ланкастэраў. У 1461, у ходзе Пунсовай і Белай руж вайны, скінуты каралём Эдуардам IV Йоркам. Пасля часовай рэстаўрацыі (3.10.1470—11.4.1471) другі раз скінуты з трона і забіты ў Таўэры.
Генрых VII (28.1.1457, г. Пембрук, Вялікабрытанія — 21. 4.1509), кароль [у 1485—1509]. Заснавальнік дынастыі Цюдараў. Уступіў на трон як кандыдат Ланкастэраў пасля перамогі над Рычардам III у бітве пры Босварце (22.8.1485), якой скончылася вайна Пунсовай і Белай руж. Правёў шэраг мерапрыемстваў па абмежаванні магутнасці феад. знаці. У інтарэсах буржуазіі, што нараджалася, спрыяў развіццю суднаходства і знешняга гандлю. У час яго праўлення закладзены асновы англ. абсалютызму.
Генрых VIII (28.6.1491, г. Грынвіч, Вялікабрытанія — 28.1.1547), кароль [у 1509—47]. З дынастыі Цюдараў, адзін з яркіх прадстаўнікоў англ. абсалютызму. У час праўлення Генрыха VIII у Англіі праведзена рэфармацыя, якую ён разглядаў як важны сродак умацавання абсалютызму і казны. Штуршком да яе правядзення паслужыла выступленне папы рымскага супраць скасавання шлюбу Генрыха VIII з Кацярынай Арагонскай і ўступлення ў шлюб з Ганнай Болейн. Пасля разрыву з папам узначаліў англіканскую царкву. У 1536 і 1539 выдаў акты пра секулярызацыю манастырскіх зямель, якія пераходзілі да новага дваранства і буржуазіі, а таксама жорсткія законы супраць сялян, сагнаных з зямель у выніку агароджванняў. У той жа час абмяжоўваў агароджванні, спрабуючы затармазіць развіццё капіталіст. адносін у вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́, Днепр (стараж.-грэч.Барысфен,
укр.Славуціч),
рака ў Расіі, у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. Беларусі і на Украіне; трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе (пасля Волгі і Дуная). Даўж. 2145 км, на Беларусі 689 км, у т. л. на мяжы Расіі і Беларусі 17 км, у Беларусі да Лоева 562 км і 110 км на мяжы Беларусі і Украіны. Пл. вадазбору 504 тыс.км², у т. л. на Беларусі 118 тыс.км². Пачынаецца з невял. балота на Валдайскім узв. (Смаленская вобл., Расія), упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. Вярхоўі вадазбору ў межах Смаленскага ўзв., правабярэжжа сярэдняй ч. верхняга цячэння на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, левабярэжжа на Аршанска-Магілёўскай раўніне, што на Пд пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На Пд ад г. Рагачоў па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна. У вярхоўі даліна добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. ад 50 м да 1,5 км. Рэчышча свабодна меандрыруе. У межах Беларусі даліна пераважна трапецападобная, ніжэй вусця р. Сож невыразная, шыр. ад 800 м да 10 км, у межах Палескай нізіны зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма на значным працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, шыр. яе ад 1 да 10 км у межах Гомельскага Палесся. Рэчышча на вял. працягу моцназвілістае, багатае перакатамі і мелямі, найб. выразнымі на ўчастку паміж вусцямі рэк Друць і Сож. За 9 км вышэй г. Орша рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утварае т.зв. Кабяляцкія парогі, даўж. якіх каля 200 м. У сярэднім цячэнні даліна Д. шыр. 6—10 км. Правы бераг узвышаны і стромкі, абрываецца да ракі. Каля г. Канеў даліна звужаецца да 2 км. Паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа Д. перасякае гранітны масіў, дзе да буд-ва Днепрагэса былі Дняпроўскія парогі. У нізоўях Д. цячэ па Прычарнаморскай нізіне, шыр. поймы 23 км. Асн. прытокі на Беларусі: Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць (справа), Ухлясць, Ржаўка, Сож (злева). Сярэдні і ніжні Д. ў асноўным — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Кіеўская, Канеўская, Крамянчугская, Днепрадзяржынская, Дняпроўская, Кахоўская. У сярэднім цячэнні гал. прытокі Рось (справа), Сула, Псёл, Ворскла, Самара (злева); у ніжнім — Базаўлук, Інгулец (справа), Конка (злева). Асноўны сцёк ракі фарміруецца ў верхнім цячэнні. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1670 м³/с. Ледастаў з снеж. да сак. ў нізоўі і да пач.крас. ў вярхоўі. Воды Д. выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (каналы: Д. — Крывы Рог, Д. — Данбас, Паўночна-Крымскі арашальны). Суднаходны ад вусця да г. Дарагабуж. Д. злучаны з бас. Віслы Дняпроўска-Бугскім каналам, з бас. Нёмана — Агінскім каналам, з бас.Зах. Дзвіны — Бярэзінскім каналам. На правым беразе Д. Канеўскі запаведнік. Асн. гарады: Дарагабуж, Смаленск (Расія), Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца (Беларусь), Кіеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Нікапаль, Херсон (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСТВА (ад рыцар),
прывілеяваны сац. слой у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы ў сярэднія вякі; у шырокім сэнсе ўсе свецкія феадалы, у вузкім — толькі дробныя. Пачало складвацца ў 8 ст. ў працэсе фарміравання феадальна-іерархічных адносін. Унутры Р. адносіны будаваліся на аснове васалітэту. Рыцары атрымлівалі ад свайго сеньёра маёнтак — феод (лен) і былі абавязаны несці ваен. службу з поўным рыцарскім узбраеннем і рыштункам (баявы конь, меч, панцыр, шлем, шчыт і інш.). Ваен. справа была гал.сац. функцыяй Р., яна давала яму правы і прывілеі. Р. было вызвалена ад большасці падаткаў, падсудна толькі роўным па сац. статусе судам, карысталася перавагай на заняцце дзярж. і ваен. пасад. Доступ у рады Р. быў абмежаваны. Падрыхтоўцы будучага воіна служыла сістэма рыцарскага выхавання і навучання. Узведзены ў Р. даваў клятву вернасці і абавязваўся абараняць гонар і годнасць сюзерэна, яго зямлю ад дамаганняў інш. феадалаў, удзельнічаць у міжусобных і міждзяржаўных войнах. Традыцыя патрабавала ад рыцара быць смелым і адважным у баі, высакародным у адносінах да жанчыны, дасведчаным у пытаннях рэлігіі, ведаць правілы прыдворнага этыкету і інш. Важнай формай распаўсюджання сац.-этычных ідэалаў Р. былі турніры, у час якіх праводзіліся спаборніцтвы ў ваен. майстэрстве. Як служылае ваен.-феад. саслоўе найб. росквіту дасягнула ў 11—13 ст. у час крыжовых паходаў, калі яго ўзбраенне і тактыка бою адпавядалі тагачасным маштабам ваен. аперацый і тэхн. ўзроўню. У шэрагу краін Р. мела свае карпаратыўныя арг-цыі — ордэны. Найстарэйшы з іх — Ордэн св. Марыі ў каралеўстве Навара і Ордэн льва ў Францыі (вядомы з 11 ст.). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р. як асн. ўдарная сіла ў баі заняпала, але захавалася як саслоўе. Частка Р. ў 16—17 ст. увайшла ў склад дваранства, другая, збяднелая, ператварылася ў ваен. наёмнікаў. Як адно з ганаровых рыцарскае званне захавалася ў сучаснай Вялікабрытаніі. У ВКЛ рыцарамі наз. коннікаў-феадалаў. У Прывілеі 1387 вял.кн. Ягайлы гаворыцца аб «рыцарах або баярах». У Прывілеі 1447 вял.кн. Казіміра пералічваюцца розныя катэгорыі феадалаў і сярод іх Р. (княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры). Пачынаючы са Статута ВКЛ 1529 у тэкстах прававых актаў наз. «высакародныя рыцары». У Віленскім прывілеі 1563 Жыгімонта II Аўгуста гаворыцца пра «стан рыцарскі шляхецкі». Гэтыя прыклады сведчаць, што тэрмін Р. быў ідэнтычны тэрміну шляхта. У Японіі блізкія па становішчы да рыцараў былі самураі, у Асманскай імперыі — сіпахі.
Літ.:
Ястребицкая А.Л. Запаяная Европа XI—XIII в. М., 1978;
Кардини Ф. Историки средневекового рыцарства: Пер. с итал. М., 1987;
Оссовская М. Рыцарь и буржуа: Исслед. по истории морали: Пер. с пол. М., 1987;
Иванов К.А. Многоликое средневековье. М., 1996;
Руа Ж.Ж. История рыцарства: [Пер.] М., 1996;
Кин М. Рыцарство: Пер. с англ.М., 2000.
Да арт.Рыцарства. Нямецкі дваранін Генрых Ангальцкі (1170—1252) з іншымі знатнымі людзьмі на турніры. Мініяцюра 13 ст.