УСВЕ́ЙКА.

Усвіж-Бук, Альшанка, рака ў Талачынскім і Чашніцкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Ула (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 116 км, пл. вадазбору 708 км². Пачынаецца за 400 м на У ад в. Курчэўская Усвейка Талачынскага р-на. Цячэ па Аршанскім узв. і Чашніцкай раўніне, вусце за 2 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Асн. прыток — Чарвінка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ў верхнім цячэнні да 300 м, найб. 1—1,5 км, схілы сярэдне стромкія, выш. 10—20 м. Пойма двухбаковая (шыр. 200—300 м), у ніжнім цячэнні зліваецца з балотамі. Рэчышча ў сярэднім і ніжнім цячэнні звілістае і моцназвілістае, у ніжнім цячэнні на працягу 28 км каналізаванае; шыр. 2—5 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 6—10 м, у вусці да 28 м. Берагі стромкія. выш. 2—4 м, месцамі 8—10 м. Ледастаў ад сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Разводдзе з 3-й дэкады сак. да 3-й дэкады мая. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 68% гадавога сцёку. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,5 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. вод.

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)