УША́,
рака ў Смалявіцкім, Чэрвеньскім і Бярэзінскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 89 км, пл. вадазбору 725 км². Вытокі за 2 км на Пд ад в. Смольніца Смалявіцкага р-на, цячэ па паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзв., упадае ў р. Бярэзіна за 4,5 км на У ад в. Уша Бярэзінскага р-на. Асн. прытокі: Маконь, Рэчка (злева), Клёнаўка, Беліца (справа). Даліна да в. Уборкі Чэрвеньскага р-на невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. 0,9—1,2 км, найб. каля 3,5 км. Схілы спадзістыя, выш. 5—20 м. Пойма двухбаковая, шыр. 100—200 м, да вусця р. Маконь забалочаная, ніжэй перасечаная, пясчана-тарфяністая. Рэчышча сярэдне звілістае, у вярхоўі каналізаванае, у вусці пратокі і астравы. Берагі пераважна стромкія і абрывістыя, складзены з тарфяніку, у ніжнім цячэнні пясчана-тарфяныя і пясчаныя. Ледастаў ад канца ліст. да сярэдзіны сакавіка. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Найвышэйшы ўзровень у сярэдзіне красавіка. Сярэднегадавы расход вады 4,2 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
т. 16, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)