СЭ́РВАЧ,

рака ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., Мядзельскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1105 км². Выцякае з воз. Сэрвач (Докшыцкі р-н), упадае ў Вілейскае вадасх. на ПдУ ад в. Людвінова Вілейскага р-на. Цячэ па ўсх. ч. Нарачана-Вілейскай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. 1,5—2,5 км, месцамі звужаецца да 0,6—1 км. Пойма двухбаковая, слабаперасечаная, у верхнім цячэнні забалочаная, тарфяністая, на астатнім працягу сухая, пясчаная. Рэчышча моцназвілістае, у сярэднім цячэнні на працягу 1,8 км каналізаванае, моцна зарастае ў верхнім; шыр. 2—5 м, у сярэднім і ніжнім 15—25 м, месцамі да 35—40 м. Найвыш. ўзровень разводдзя ў пач. крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,3—1,5 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 5 сут. Сярэднегадавы расход у вусці 7,6 м³/с. Пры ўпадзенні р. Наква ў Сэрвач г.п. Крывічы, каля в. Людвінова створана сажалка. У нізоўях ракі зона адпачынку Вілейка.

т. 15, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)