ВУСАНО́ГІЯ (Cirripedia),

атрад (па інш. сістэме — падклас) ракападобных. Вядомы з сілуру. 3 падатр.: тарацыкавыя (Thoracica), коранегаловыя (Rhizocephala), акратарацыкавыя (Acrothoracica). Больш як 1000 відаў. Жывуць у морах і саленаватых водах. У дарослым стане прымацоўваюцца да скал, камянёў, днішчаў суднаў, жывых істот. Найб. вядомыя марскія жалуды і марскія качачкі.

Даўж. цела 2—500 мм, укрыта вапністай ракавінай (домікам); грудныя ножкі з шчацінкамі, нагадваюць вусікі (адсюль назва). Рачок пры дапамозе мышцаў можа расхінаць створкі доміка і карміцца. Паразітычныя вусаногія (грудныя ножкі, вочы, галава і інш. ў іх рэдукаваныя) аплятаюць цела крабаў, крэветак, ракаў-пустэльнікаў, марскіх чарапах. Разнаполыя і гермафрадыты. Лічынка-наўпліус, якая пасля шэрагу лінек ператвараецца ў цыпрысападобную лічынку, што вольна плавае, потым прымацоўваецца да субстрату. Лічынак паядаюць рыбы. Некаторыя віды вусаногіх ядомыя.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВЫЯ ШАЎКАПРА́ДЫ (Antheraea),

род матылёў сям. паўлінавочак атр. лускакрылых. 2 віды: кітайскі Д.ш. (A. pernyi) і японскі Д.ш. (A. jamamai). На Д. Усходзе трапляецца яго падвід (A. j. ussuriensis). Культывуюць у Кітаі, Японіі, Карэі, Індыі, Расіі, Беларусі і інш. для атрымання прыроднага шоўку. Добра акліматызуюцца.

Крылы ў размаху 10—15 см. Вусені звіваюць коканы. Пры размотванні аднаго кокана атрымліваюць шаўковую нітку даўж. 1,5—5 км. За год даюць 1—2 пакаленні. Вусеняў выкормліваюць лісцем розных відаў дубу (у эксперыменце на бярозе, вярбе, грабе). У адрозненне ад тутавага шаўкапрада шоўк кітайскага Д.ш. больш грубы і моцны; выкарыстоўваюць на выраб часучы, у прыладабудаванні, электратэхніцы, медыцыне.

Да арт. Дубовыя шаўкапрады. Кітайскі дубовы шаўкапрад: 1 — кокан; 2 — вусень; 3 — матыль.

т. 6, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДНІК (Angelica),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, асабліва ва Усх. Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: усюды трапляецца Д. лясны (A. sylvestris), зрэдку — лекавы, або дзягіль (A. archangelica), і вельмі рэдка — балотны (A. palustris). Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах і інш. Цэнтр. бат. садам Нац. АН Беларусі як дэкар. расліна інтрадукаваны Д. сахалінскі (A. sachalinensis).

Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім карэнішчам і галінастым, унутры пустым — дудкаватым (адсюль назва) сцяблом выш. да 2 м. Лісце буйное, складанае, перыстарассечанае, з вял. похвамі. Кветкі дробныя, белыя ці ружаватыя, у буйных складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 10 крылатымі рэбрамі. Лек., кармавыя, эфіраалейныя, меданосныя, вострапрыпраўныя і дэкар. расліны. Плады і карані багатыя кумарынам.

Дуднік лясны.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),

род дыятомавых водарасцей сям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).

Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.

Т.​М.​Міхеева.

Гамфацымбела выгнутая.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЦЭ́НА (Dracaena),

род кветкавых раслін сям. драцэнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я. Растуць на горных схілах, у прыбярэжных вільготных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць Д. пахучую (D. fragrans), стракаталістую, дзярэмскую (D. deremensis), зеленалістую Гукера (D. hookeriana).

Шматгадовазялёныя дрэва- і кустападобныя расліны. Лісце сядзячае, падоўжана-ланцэтападобнае, скурыстае, цвёрдае, зялёнае, шэра-зялёнае або стракатае. Кветкі правільныя, двухполыя, звычайна белыя, крэмаватыя, жаўтаватыя або ружовыя, пахучыя, сабраны на верхавінках у мяцёлкі або пучкі. Плод — ягада. Цвітуць рэдка. Размнажаюць насеннем, верхавінкавымі або сцябловымі чаранкамі. Тэхн. (лаканосныя, фарбавальныя, валакністыя), лек. і дэкар. расліны. Некаторыя дрэвападобныя віды Д., у якіх з надрэзаў кары выцякае хрывава-чырв. смаляністы сок, наз. драконавым дрэвам.

Г.​У.​Вынаеў.

Драцэна дзярэмская.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЖДЖЫ,

група аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, у якіх адсутнічае сапраўдны міцэлій. Вядома каля 500 відаў, што належаць да 3 класаў — аскаміцэты, базідыяльныя грыбы і недасканалыя грыбы (дэйтэраміцэты). Пашыраны ў глебе, прадуктах, у раслін, жывёл і чалавека. Клеткі Д. шарападобнай, авальнай або цыліндрычнай формы, бясколерныя ці пігментаваныя, нерухомыя, даўж. 5—10 мкм і больш. Размнажаюцца пераважна пачкаваннем, некат. віды — дзяленнем. Д. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у глебе, фарміраванні яе структуры і ўрадлівасці. Многія выклікаюць спіртавое браджэнне. Багатыя бялком, вітамінамі групы B. Выкарыстоўваюцца ў вінаробстве, піваварэнні, хлебапячэнні, сельскай гаспадарцы (гл. Дрожджы кармавыя, Дражджавая вытворчасць) і інш.; піўныя Д. — у медыцыне пры гіпавітамінозе B1, парушэннях абмену рэчываў, фурункулёзе і інш. Патагенныя формы Д. выклікаюць хваробы чалавека і жывёл — бластамікозы, кандыдамікозы.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДРЫ (Hydrida),

атрад беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу жыгучых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных (зрэдку саланаватых) вадаёмах усяго зямнога шара. На Беларусі 3 віды: гідра звычайная, або бессцябліністая (Hydra vulgaris); гідра сцябліністая, або бурая (Pelmatohydra oligactis); гідра зялёная (Chlorohydra viridissima).

Цела цыліндрычнае, полае, даўж. да 3 см, жаўтавата-шэрае, бурае, ярка-зялёнае або чырвонае. На адным канцы цела падэшва, якой гідры прымацоўваюцца да субстрату, на другім — рот, абкружаны 4—20 шчупальцамі з жыгучымі клеткамі. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Раздзельнаполыя і гермафрадыты. Пасля апладнення звычайна гінуць, а з яец вясной выходзяць маладыя гідры. Драпежнікі: жывяцца інфузорыямі, калаўроткамі, ракападобнымі, малашчацінкавымі чарвямі, лічынкамі рыб. Аднаўляюцца з 1/200 ч. цела (рэгенерацыя). Індыкатары чысціні вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца ў доследах.

Гідры: 1 — пачкаванне; 2 — з яйцамі.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНУ (Connochaetes),

род каровіных антылоп атр. парнакапытных. 2 віды: гну белахвосты (C. gnou, захаваўся пераважна ў нац. парках, занесены ў Чырв. кнігу МСАП) і гну блакітны (C. taurinus). Пашыраны ва Усх., Паўд. і Паўд.-Зах. Афрыцы ў травяністых і кустовых стэпах на раўнінах. Трымаюцца статкамі.

Даўж. цела 170—240 см, хваста 80—100 см, выш. ў карку 90—145 см, маса 160—270 кг. Целасклад моцны. Ногі тонкія, шыя кароткая. Галава вялікая, морда шырокая. Вочы маленькія. Рогі ў абодвух полаў, дугападобна загнутыя ўверх. На канцы хваста і пярэдняй ч. цела доўгія валасы. Афарбоўка ад жоўта-бура-шэрай да цёмна-бурай. Нараджаюць 1, радзей 2 дзіцянят. Кормяцца пераважна травяністымі раслінамі. Акліматызаваныя ў запаведніку Асканія-Нова.

Гну: 1 — белахвосты; 2 — блакітны.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРО́ФІЛА (Hygrophila),

род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (H. polysperma), зрэдку азёрную (H. lacustris) і гвіянскую (H. guianensis).

Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.

Г.​У.​Вынаеў.

Гігрофіла шматнасенная.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і характэрнай для яго расліннасці. Пл. 23,2 тыс. га (1997). Размешчаны на Полацкай нізіне. У межах заказніка каля 30 дыстрофных азёр, у т. л. Ельня, Доўгае, Чорнае. Асн. тэрыторыя — хмызнякова-сфагнавае балота прыбалт. тыпу. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя, кусцікава-сфагнавыя, бярозава-палітрыхавыя згуртаванні, выразныя градава-мачажынны і градава-азёрны раслінныя комплексы. На мінеральных «астравах» лясная расліннасць: ельнікі сніткавыя, бярэзнікі вейнікавыя, чорнаалешнікі прыручайна-травяныя і інш. У флоры заказніка каля 300 відаў раслін. Трапляюцца рэдкія ахоўныя віды раслін (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, шпажнік чарапіцавы) і жывёл (гагара чорнаваллёвая, дзербнік, журавель шэры, курапатка белая і інш.).

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)