ГА́ЛІЦЫ

(Cecidomyiidae),

сямейства насякомых падатр. даўгавусых двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на раслінах у галах (адсюль назва), гнілой драўніне, глебе, лясным подсціле. На Беларусі найб. вядомыя галіцы парэчкавыя (3 віды), галіца малінавая сцябловая (Lasioptera rubi), гесенская муха і інш.

Даўж. 1—5 мм. Падобныя да камароў. Ногі доўгія, тонкія. Жылкаванне крылаў спрошчанае. Дарослыя звычайна не кормяцца, жывуць да 20 сутак. Лічынкі верацёнападобныя, зрэдку ярка афарбаваныя; у прымітыўных відаў галіцы развіваюцца ў рэштках раслін, якія гніюць, у вышэйшых — у тканках раслін і выклікаюць галы. Лічынкі зімуюць у глебе. Шкодзяць сельскай і лясной гаспадарцы, некаторыя карысныя.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)