род млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 3 віды: Дз. мангольскі (Р. gutturosa), Дз. Пржавальскага (Р. przewalskii), Дз. тыбецкі (Р. picticaudata). Пашыраны пераважна ў стэпах, паўпустынях, пустынях раўнін і гарах Цэнтр. Азіі. Трымаюцца статкамі.
Моцнага целаскладу, зграбныя. Даўж. цела 95—150 см, хваста 2—12 см, выш. ў холцы 54—95 см, маса 20—40 кг. У самцоў лірападобныя рогі (даўж. да 28 см). Колер жаўтавата-пясочны, на грудзях, хвасце і бруху белы. Кормяцца травяністымі раслінамі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Хутка бегаюць (да 60—65 км/ гадз). Робяць сезонныя міграцыі. Аб’екты промыслу. Захаваліся пераважна ў нац. парках.