род травяністых раслін сям. бабовых. 1 від — боб конскі, або рускі (F. bona). Старажытная кармавая і харч. (агароднінная) культура. У дзікім стане невядома. Вырошчваюць ва ўсіх краінах умераных паясоў. Кармавы боб мае дробнае насенне і развітую вегетатыўную масу, харчовы — буйнаплодны і буйнанасенны з тоўстымі мясістымі створкамі, мае 23—25% бялку, да 36% крухмалу, цукры, пекцінавыя рэчывы, вітаміны і інш. На Беларусі пашыраны сарты Беларускі, Рускі чорны (харчовыя), Аўшра (кармавы).
Аднагадовая, пераважна самаапыляльная, расліна выш. 1—1,5 м. Корань стрыжнёвы, разгалінаваны, пранікае ў глебу на глыб. 80—150 см. Лісце без вусікаў. Кветкі белыя ці ружаватыя, сабраныя ў гронкі. Плод — шматнасенны струк. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Вільгацялюбная расліна, усходы пераносяць замаразкі да -4 — -5 °C. Добра расце на багатых перагноем гліністых і на акультураных тарфяна-балотных глебах. Ураджай зерня 2—3 (да 5), зялёнай масы 20—30 т/га. Завораная зялёная маса — добры сідэрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЛЯЧЭ́ННЕ, гідратэрапія,
вонкавае і ўнутранае выкарыстанне прэсных (у вадкім стане, у выглядзе лёду ці пары), салёных азёрных і марскіх, а таксама мінер. вод у лек. і прафілакт. мэтах; адзін з відаў бальнеатэрапіі і фізіятэрапіі. Заснавана на мех., фіз., хім. уплывах вады на фізіял. і біяхім. працэсы ў арганізме праз раздражненне пэўных рэцэптараў (рэфлекторныя механізмы), змены складу ўнутр. асяроддзя — крыві, лімфы, міжтканкавай і інш вадкасцей арганізма (пры пітным спажыванні) і інш. механізмы. Пры хваробах найчасцей выкарыстоўваецца як дадатковы да асн.від лячэння, у лячэбна-прафілакт. мэтах могуць выконваць вядучую ролю (гл.Ванны). Да асноўных у водалячэнні адносяцца таксама душ, абліванне, абціранне, захінанне, купанне і інш. водныя працэдуры. Пры водалячэнні ў воднае асяроддзе часта дадаюцца пахучыя і лек. экстракты і рэчывы (напр., хвойны экстракт, гарчыца, шкіпінар, марганцоўка, крухмал і інш.). Водалячэнне можа спалучацца з цеплалячэннем, сонцалячэннем, гразелячэннем, таласатэрапіяй, выкарыстаннем гарачага пяску (псаматэрапія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц.т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЯ́Д,
1) сціслае абагульненае паведамленне (у друку, на радыё і тэлебачанні) пра падзеі, што адбыліся за пэўны прамежак часу ў грамадскім жыцці, навуцы, тэхніцы, мастацтве, л-ры (агляд міжнар. падзей, навуковы, тэатральны, літаратурны).
2) Від паказу, у якім сродкамі тэатра (кіно, радыё, тэлебачання, эстрады) падаюцца падзеі, з’явы, факты жыцця. Складаецца з асобных сцэн, эстрадных, харэагр., муз., вак. нумароў, аб’яднаных агульным сюжэтам. Узнік у 1830-я г. ў Францыі, меў надзённы характар. З канца 19 ст. ператварыўся ў пацешлівыя відовішчы (рэвю, мюзік-хол). У бел.нар. тэатры своеасаблівай формай агляду былі ігрышчы, выступленні скамарохаў, школьнага тэатра, батлейкі, у якіх дэманстраваліся бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. У 1920—30-я г. форму агляду мелі агітац.-маст. паказы на актуальныя паліт. ці вытворча-быт. тэмы. Выкарыстоўваецца ў сучасных тэатрах сатыры і мініяцюр.
3) Форма паказу дасягненняў прафес. ці самадзейнага мастацтва — выстаўка, дэкада, конкурс, паказ, свята, фестываль і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ЎСКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
відбел.нар. творчасці; традыц. аздабленне алейнымі фарбамі мэблі, дываноў, шкляных пано — «карцінак», рамак для фотаздымкаў, тканін для ўпрыгожання інтэр’ера хаты і інш. Была пашырана ў вёсках Агова, Опаль Іванаўскага, Здзітава, Жорнаўка, Спорава Бярозаўскага, Крамно Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. ў канцы 19 ст. — 1960-х г. Выконвалася на дрэве, шкле, палатне, цыраце, паперы.
Асаблівай жывапіснасцю і хараством паліхромнай размалёўкі, гармоніяй дэкору і формы вылучаюцца агоўскія куфры. Матывы агоўскай размалёўкі — раслінныя (букеты, вазоны), зааморфныя (ластаўкі, галубы, зязюлі), антрапаморфныя («паненка», «кавалер»), геаметрычныя; часам уключаюць надпісы (добрае пажаданне, прозвішча майстра, год стварэння вырабу). Агоўская размалёўка мае шмат агульнага з паліхромнай аб’ёмнай вышыўкай гладдзю на адзенні, ручніках і інш. Сувеніры, рэчы хатняга ўжытку, мэбля, аздобленыя па матывах агоўскай размалёўкі, вырабляюцца на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, Пінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, майстрамі-надомнікамі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Агоўская размалёўка. Пано. Размалёўка па шкле. 1960-я г. Вёска Крамно Драгічынскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІНО́ВІЧ (Тамаш) (Фама) Мацвеевіч (1809, Віленская губ. — 1891),
лекар, батанік, падарожнік. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся на мед. ф-це Віленскага ун-та, пасля яго закрыцця — у Кіеўскай медыка-хірург. акадэміі (1830—35). Працаваў вайск. лекарам, штаб-лекарам у Бранску (1835—43), лекарам і інспектарам на Украіне і ў Палтаўскай губ. (1845—53). Удзельнічаў у навук. экспедыцыях Рас.геагр.т-ва на Урал (1870), у Забайкалле, Прыморскі край і на Сахалін (1871 — 72), у Табольскую губ. на р. Об і Іркуцкую губ. на р. Лена (1874), на Чукотку (1875—76). Навук. даследаванні прысвечаны флоры Беларусі, Украіны, Паўн.-Усх. Сібіры і Д.Усходу. Аўтар альбома хірург. інструментаў (1835). У гонар Аўгусціновіча названы від асакі Carex augustinoviczii Meinsh.
Тв.:
О дикорастущих врачебных растениях Полтавской губернии. Киев, 1853;
Три года в Северо-Восточной Сибири за Полярным кругом // Древняя и новая Россия. 1880. Т. 18, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРЭ́Н ((Derain) Андрэ) (10.6.1880, Шату, каля Парыжа — 8.9.1954),
французскі мастак. Вучыўся ў Э.Кар’ера (1898—99) і ў акадэміі Жуліяна (1904) у Парыжы. У 1900—07 пісаў пейзажы ў духу фавізму і тэхніцы, блізкай да А.Матыса («Тэмза каля Лонданскага моста», 1900). Каля 1908 стыль Д. змяніўся пад уплывам П.Сезана і ранняга кубізму («Купальшчыцы», 1908, «Від Кадака», 1910). Музейная культура, да якой меў схільнасць Д., абумоўлівала ў яго творах рысы эклектызму і іх падабенства да Г.Курбэ і А.Рэнуара (выявы аголеных), К.Каро і мастакоў барбізонскай школы (пейзажы), Ж.А.Энгра, візант., ісп., венецыянскага жывапісу (партрэты). Рабіў тэатр. дэкарацыі і касцюмы, што ўплывала і на яго жывапісныя работы («П’еро і Арлекін», 1924). Аўтар ілюстрацый у тэхніцы дрэварыту да твораў Г.Апалінэра, А.Брэтона і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАЎЛІ́сапраўдныя
(Grus),
род птушак сям. жураўліных атр. жураўлепадобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Насяляюць пераважна адкрытыя мясціны: стэпы, вял. балоты, тундру.
Селяцца парамі, у час пралёту і зімоўкі аб’ядноўваюцца ў чароды. Найб. вядомы Ж.: шэры (Grus grus), канадскі (G. canadensis), белы, або стэрх (G. leucogeranus), амерыканскі (G. americana), японскі (G. japonensis). 6 відаў і 2 падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Існуе Міжнар. фонд аховы жураўлёў (ЗША). На Беларусі 1 від — журавель шэры, трапляецца ўсюды, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 80—152 см, выш. каля 2 м, маса 3—12 кг. Апярэнне пераважна шчыльнае, шараватае, буравата-чорнае ці белае. Шыя і ногі доўгія, хвост кароткі. У палёце выцягваюць шыю і ногі. Большасць Ж. выдае гучны трубны крык (рэзанатар — падоўжаная трахея). Нясуць 1—2 (радзей 3) яйцы. Корм раслінны і жывёльны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),
від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТЫ́ (Talpidae),
сямейства млекакормячых атр. насякомаедных. 14 родаў, 31 від. Формы: наземныя бегаючыя, падземнарыючыя (большасць відаў) і паўводныя плаваючыя. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. К. еўрапейскі жыве на ўмерана вільготных лугах, палях, агародах, парках, лясах у глебе на глыбіні 5—60 см. Гнездавыя камеры — на глыб. да 1,5 м. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі. Аб’ект промыслу (шкуркі). На Беларусі трапляецца паўднёварускі падвід К. еўрапейскага (Talpa europaea). У Чырв. кнізе МСАП 2 віды.
Тулава выцягнутае, валькаватае, канечнасці ўкарочаныя, прыстасаваныя для рыцця, плавання. На пальцах доўгія пляскатыя кіпцюры. Галава невял., з падоўжанай канічнай мордай. Валасяное покрыва кароткае, густое, мяккае, пераважна чорнае або чорна-бурае. Лінька тройчы за год. Вочы маленькія, у некаторых відаў закрытыя скурай. Вушных ракавін няма. Нюх і дотык добра развітыя. Кормяцца лічынкамі насякомых, дажджавымі чарвямі. Размнажаюцца 1 раз за год, прыплод пераважна 3—7 дзіцянят.