ПЯТРО́Ў (Мікалай Васілевіч) (3.7.1890, г. Екацярынбург, Расія — 29.9.1964),
расійскі рэжысёр, педагог. Нар.арт. Расіі (1945). Д-р мастацтвазнаўства. Вучыўся ў рэжысёрскім класе Маскоўскага маст.т-ра (1908—10, кіраўнік У.Неміровіч-Данчанка). Працаваў у Александрыйскім т-ры (з 1920 Петраградскі т-р драмы, з 1928 яго дырэктар і маст. кіраўнік), з 1933 маст. кіраўнік Харкаўскага т-рарус. драмы. З 1939 у Маскве, гал. рэжысёр т-ра транспарту, з 1948 рэжысёр т-ра сатыры (да 1953 гал. рэжысёр), з 1956 т-ра імя А.Пушкіна. Адначасова з 1910 выкладчык, у т. л. ва Усесаюзным ін-це тэатр. мастацтва (з 1946 праф.). Сярод лепшых пастановак: «Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага (1927), «Лютасць» Ю.Яноўскага (1930), «Страх» (1931) і «Машачка» (1941) А.Афінагенава, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1934), «З кожным можа здарыцца» (1940) і «Вялікая сіла» (1948) Б.Рамашова (апошні з К.Зубавым, Малы т-р), «Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.Бічэр-Стоу (1948), «Лазня» У.Маякоўскага (1953, з В.Плучакам і С.Юткевічам), «Гулец» паводле Ф.Дастаеўскага (1956) і інш. Аўтар кніг па рэжысуры, у т. л. «Рэжысёр у тэатры» (1961), «Шляхі да творчасці» (1963). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ВІЧ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 28.3.1938, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.хар. дырыжор, фалькларыст, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1964). З 1964 дырыжор-хормайстар, з 1970 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы. З 1982 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1988—92 — Пінскім пед. вучылішчы. У 1987—88 і 1992—98 працаваў у н.-д. лабараторыі бел. фальклору і дыялекталогіі БДУ. Стваральнік і кіраўнік прафес. мужчынскага вак. актэта (з 1998), самадз.хар. калектываў, у т. л.Нар.хар. капэлы і хору хлопчыкаў Мінскага трактарнага з-да, Нар.хар. капэлы БДУ. З 1957 збірае бел.нар. песні (больш за 3 тыс.). Аўтар Боскай літургіі св. Іаана Златавуста для салістаў і мяшанага хору, больш за 200 апрацовак і пералажэнняў нар. і аўтарскіх твораў для аднароднага і мяшанага хароў; зборнікаў бел. песеннага фальклору, у т. л. «Беларускія абрадавыя песні» (1985), «Вянок беларускіх народных песень» (1988), укладальнік муз. часткі зб. «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры: Гомел. вобл.» (1989).
Тв.:
Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.Ліцвінкам, М.Гаманюком;
Песенны фальклор Палесся: У 3 т. Т. 1. Песні святочнага календара. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСТЭ́М (Ян) (1762, г. Стамбул, Турцыя — 21.6.1835),
жывапісец і рысавальшчык, педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Варшаве ў Я.П.Норбліна і М.Бачарэлі, у Германіі (1788—90). Выкладаў у Віленскім ун-це (1798—1832; з 1811 праф.). Рэарганізаваў сістэму навучання ў Віленскай маст. школе, што садзейнічала развіццю рэаліст. мастацтва ў 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта. У творах адметны ўплыў рамантызму, класіцызму, сентыменталізму. Аўтар шматлікіх аўтапартрэтаў, партрэтаў Т.Зана, Г.Ваньковіч, А.Ваньковіча (абодва каля 1805), А.Снядэцкага (1816), Я.Снядэцкага (1819), М.Ромер (1820), Я.Главацкага (1823), С.Солтана, Я.Вейсенгофа, Т.Аскерка, праф. Нішкоўскага, праф. Франка, К.Франк, граф М.Кончуса, гравёра Дж.Саўндэрса, Т.Хамінскай, графа Тызенгаўза і інш.; кампазіцый «Турак з канём» (1791), «Паэт Ю.Славацкі ва ўзросце 5 гадоў у выглядзе Амура» (1813—14), «Адпачынак Дзіяны», «Бабуля з унучкай», акварэлі «На рынку» і інш. Выканаў мініяцюрныя партрэты Т.Касцюшкі, Я.Лялевеля. Творчай манеры ўласцівы ўстойлівасць кампазіцыйных прыёмаў, дакладны малюнак, стрыманасць колераў.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.
В.Я.Буйвал.
Я.Рустэм. Партрэт прафесара М.Кончуса. 1832.Я.Рустэм. Аўтапартрэт. 1-я трэць 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЦКІ (Іосіф Вельямін) (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),
бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед. трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.
Літ.:
Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;
Прокошина Е.С.Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;
Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КІНА (Ніна Іванаўна) (н. 13.5.1942, г. Электрасталь Маскоўскай вобл.),
руская артыстка балета. Нар.арт. Расіі (1975). Нар.арг.СССР (1987). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961, кл. С.Галоўкінай). У 1961—88 у трупе Вял.т-ра ў Маскве. З 1989 педагог-рэпетытар гастрольна-канцэртнай групы «Зоркі Вялікага балета». Яе талент і творчая індывідуальнасць найб. ярка раскрыліся ў балетах, вырашаных мовай сучаснай харэаграфіі. Першая выканаўца партый: Дзяўчына («Геолагі» М.Карэтнікава, 1964), Выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага, 1965), Дзяўчына («Ікар» С.Сланімскага, 1971), Кіці («Ганна Карэніна» Р.Шчадрына, 1972), Каханая («Азоранасць» А.Пахмутавай, 1973), Радысачка («Чыпаліна» К.Хачатурана, 1977). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Маша, Аўрора, прынцэса Фларына («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Жанна («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Гаспадыня Меднай гары, Анастасія («Каменная кветка», «Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Муза («Паганіні» С.Рахманінава), Асель («Асель» У.Уласава), Геро, Шура Азарава («Каханнем за каханне», «Гусарская балада» Ц.Хрэннікава) і інш. Знялася ў тэлебалеце «Гарэзлівыя частушкі» (1970), у тэлефільмах-канцэртах «Харэаграфічныя навелы» (1973), «Танцуюць Ніна Сарокіна і Міхаіл Лаўроўскі» (1982). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБЕ́ЛІУС ((Sibelius) Ян) (Юхан; 8.12.1865, г. Хямеэнліна, Фінляндыя —20.9.1957),
фінскі кампазітар, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы; адзін з буйн. прадстаўнікоў сусв. сімфанізму. Вучань М.Вегеліуса. З 1891 выкладаў у Хельсінкскай кансерваторыі. Для яго творчасці характэрны віртуознае валоданне тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі, сінтэз класічных і рамантычных традыцый, імкненне да праграмнасці. Арганічна перапрацоўваў муз. фальклор, выкарыстоўваючы яго ладава-гарманічныя і гарманічныя асаблівасці. Творы вылучаюцца своеасаблівай строгасцю і адначасова непасрэднасцю выказвання, для іх характэрны патрыят. матывы, заснаваныя на фін.нар. паэзіі, гісторыі, міфалогіі і эпасе. Сярод твораў: сімфонія «Кулерва» для салістаў, хору і арк. (1892), 7 сімфоній для арк. (1899—1924), праграмныя арк. творы, у т. л. сюіта «Лемінкяйнен» (1893—96), 4 легенды (у т. л. «Туанельскі лебедзь» на сюжэт «Калевалы»), сімф. паэмы, у т. л. «Сага» (апошняя рэд. 1901), «Вясновая песня» (1894), «Фінляндыя» (1899), «Дачка Поўначы» (1906), «Начная скачка і ўсход сонца» (1907), «Тапіёла» (1926), канцэрт для скр. з арк. (1903), «Сумны вальс»; інстр. ансамблі і п’есы; кантаты і хары, каля 100 рамансаў і песень, музыка да драм. спектакляў і інш. З 1951 штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Тыдзень Сібеліуса» (Хельсінкі).
Літ.:
Александрова В.Н., Бронфин Е.Ф. Ян Сибелиус. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІБНЕ́ЎСКІ (Аляксандр Браніслававіч) (8.4.1903, Масква — 21.4.1978),
рэжысёр і педагог. Засл. дз. маст. Удмурціі (1945). Засл. дз. маст. Беларусі (1952). Скончыў Дзярж. эксперыментальныя тэатр. майстэрні ў Маскве (1926, клас А.Таірава). З 1927 працаваў у розных тэатрах. У 1958—70 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. У 1949—58 гал.рэж.Бел.т-ра імя Я.Коласа. Пастаноўкі С. вызначаліся яснасцю рэжысёрскай задумы, дакладным адборам выяўл. сродкаў, глыбокай псіхал. характарыстыкай персанажаў, маштабнасцю сац. абагульненняў. З лепшых спектакляў бел. драматургіі: «Раскіданае гняздо» Я Купалы (1951), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка (1953), «Машэка» В.Вольскага (1954), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Сярод інш. пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна (1949), «Жывы труп» Л.Талстога, «Тры сястры» А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (усе 1951), «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі (1952), «Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага (1953), «Ноч памылак» О.Голдсміта (1954), «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (1956), «Чужы цень» (1949) і «Гісторыя аднаго кахання» (1954) К.Сіманава. Аўтар тэатразнаўчых прац.
Тв.:
Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954.
Літ.:
Няфёд У. Аляксандр Скібнеўскі // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРА́БІН (Аляксандр Мікалаевіч) (6.1.1872, Масква — 27.4.1915),
рускі кампазітар і піяніст, педагог. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1892, кл. С.Танеева, В.Сафонава). З 1895 вёў канцэртную дзейнасць. У 1898—1903 праф. Маскоўскай кансерваторыі. У 1904—10 жыў і працаваў за мяжой (з перапынкамі). У яго творчасці ўвасоблены ідэі экстатычнага памкнення да невядомых «касмічных» сфер, стваральнай сілы мастацтва. Музыцы ўласцівы напружанасць, дыяпазон вобразаў ад натхнёна-ідэальных, вытанчаных да экспрэсіўна-гераічных. Наватар муз.-выразных сродкаў; развіваў ідэю спалучэння каляровага святла і музыкі, упершыню ў муз. практыцы ўвёў партыю каляровага святла (сімф. паэма «Праметэй»). Станаўленне стылю С. выявілася ў сімфанізме. Аўтар твораў: для арк. — 3 сімфоній (1900—04, 3-я — «Боская паэма»), сімф. паэм «Мары» (1898), «Паэма экстазу» (1907), «Праметэй» («Паэма агню», з фп. і хорам, 1910); канцэрта для фп. з арк. (1897); для фп. — 10 санат (1892—1913), 29 паэм, 26 эцюдаў, 90 прэлюдый, 21 мазуркі, 11 экспромтаў, вальсаў, фантазій і інш. Творчасць С. паўплывала на фп. і сімф. музыку 20 ст.
Літ. тв.: Письма. М., 1965.
Літ.: Дельсон В.Ю. Скрябин. М., 1971; Бэлза И. А.Н.Скрябин. М., 1987; Рубцова В. А.Н.Скрябин. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯ О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.
Існавала з кастр. 1930 да мая 1933 у Мінску. Створана на базе вышэйшага опернага класа Бел.муз. тэхнікума з мэтай падрыхтаваць адкрыццё на Беларусі т-ра оперы і балета. Кіраўнікі: дырыжор І.Гітгарц, балетмайстар Л.Крамарэўскі, хормайстар і гал. канцэртмайстар Г.Пятроў, рэжысёр-асістэнт В.Барысевіч, вакальны кансультант і педагог А.Баначыч. Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (рэж. У.Тазаўроўскі), «Кармэн» Ж.Бізэ (рэж. Б.Норд), балет «Чырвоны мак» Р.Гліэра (усе на сцэне БДТ-1). Рэарганізавана ў сталы тэатр (гл.Дзяржаўны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963.
Б.С.Смольскі.
Група кіраўнікоў і салістаў Беларускай студыі оперы і балета: у першым радзе справа налева — 1-ы А.Баначыч, 2-і Г.Пятроў, 3-я А.Зайцава, 4-ы І.Гітгарц; у другім радзе — 2-і М.Дзянісаў, 3-і М.Пігулеўскі, 5-я Т.Баначыч, 6-ы У.Тазаўроўскі. 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛА-ЛО́БАС ((Villa-Lobos) Эйтар) (5.3.1887, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 17.11.1959),
бразільскі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, педагог, муз. дзеяч. У 1905—12 вывучаў муз. фальклор. У 1923—30 жыў пераважна ў Парыжы. У 1930-я г. арганізоўваў адзіную сістэму муз. адукацыі ў Бразіліі, заснаваў шэраг муз. школ і хар. калектываў, Нац. кансерваторыю харавых спеваў (1942), адзін з заснавальнікаў (1945) і прэзідэнт Бразільскай муз. акадэміі. Аўтар спец.навук. дапаможнікаў («Практычнае кіраўніцтва для вывучэння фальклору», т. 1—6, 1932), тэарэт.прац. Яго творчасць — адна з вяршынь лац.-амер. музыкі. Яе нац. аснова арганічна спалучаецца з дасягненнямі еўрап. музыкі (тэхніка імпрэсіянізму ў фп. сюіце «Свет дзіцяці», фп. цыкле «Сіранды», камерных эпізодах «Шорас», неакласіцысцкія рысы ў цыкле «Бразільскія бахіяны»). Сярод інш. твораў: 9 опер, у т. л. «Ізат» (1914, паст. 1958), «Іерма» (1956, паст. 1971); аперэта «Мадалена» (1948); 15 балетаў, у т. л. «Уірапуру» (1917, паст. 1935), «Імператар Джонс» (1956); 12 сімфоній (1916—57), 2 сімфаньеты, 18 сімф. паэм; творы для духавога арк.; канцэрты для розных інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для гітары, для голасу і фп., хары, песні і інш.
Літ.:
Мариз В. Эйтор Вилла-Лобос: Жизнь и творчество: Пер. с фр.Л., 1977;
Пичугин П.А. Эйтор Вилла-Лобос и бразильская национальная музыкальная культура // Культура Бразилии. М., 1981.