ГАЛІ́НА Антось
(сапр. Міцкевіч Міхаіл Міхайлавіч; 13.7.1897, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 25.10.1991),
бел. пісьменнік, публіцыст, перакладчык, педагог. Брат Я.Коласа. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1917). Жыў на хутары Смольня і займаўся сельскай гаспадаркай. У час ням. акупацыі працаваў інспектарам школ. У 1944, баючыся рэпрэсій, выехаў на Захад — спачатку ў Чэхаславакію, потым у Зах. Германію. Жыў у лагеры для перамешчаных асоб, працаваў інспектарам пачатковых бел. школ, якія дзейнічалі ў лагерах. Выдаў каля дзесятка чытанак. У 1950 пераехаў у Нью-Йорк, дзе працаваў настаўнікам бел. школы, вартаўніком цвінтара. З 1952 да пач. 1960-х г. рэдактар газ. «Беларус», у 1970—81 — час. «Голас царквы». Літ. дзейнасць пачаў у 1917 («Як Мікіта бараніў сваіх», разам з Я.Лёсікам). Тэматыка яго апавяданняў і фельетонаў — жыццё сялян, семінарыстаў, фарміраванне нац. самасвядомасці беларусаў. У 1960-я г. пераклаў з царк.-слав. на бел. мову тэксты малітваў, богаслужэнняў, Евангелля.
т. 4, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)