ДО́ГЕЛЬ (Мацей) (6.8.1715, былая в. Гембулы Лідскага пав. Віленскага ваяв. — 24.2.1760),

педагог, гісторык-архівіст, прававед. Пасля заканчэння піярскай школы ў Шчучыне ўступіў у ордэн піяраў (1730, святар з 1732) і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. З канца 1740-х г. рэктар піярскага калегіума ў Вільні, заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі. У 1748 як пасол Рэчы Паспалітай меў магчымасць працаваць у архівах і б-ках Германіі, Францыі, Галандыі, дзе сабраў шмат гіст. і дыпламат. дакументаў. Запланаваў выданне збору міжнар. трактатаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», выйшлі 3 тамы (т. 1, 1758, т. 4, 1764, т. 5, 1759). Нявыдадзеныя матэрыялы захоўваюцца ў Рас. нац. б-цы ў Пецярбургу. Выдаў збор дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вял. кн. Літоўскага» (1758) па размежаванні дзярж. граніцы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне 16 ст. Зборнікі Д. як гіст. крыніца не страцілі свайго значэння.

Г.Я.Галенчанка.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)