Адбыўся 10—13.2.1954 у Мінску. Прысутнічала 745 дэлегатаў з рашаючым і 68 з дарадчым голасам ад 130 026 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (М.С.Патолічаў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.Я.Сядых); выбары кіруючых органаў КПБ. З’езд падвёў вынікі выканання планаў эканам. і культ. развіцця БССР за 3 гады пяцігодкі, адзначыў поспехі і прааналізаваў недахопы. Абавязаў парт. органы накіраваць усе сілы на датэрміновае выкананне плана 5-й пяцігодкі, ажыццявіць рашэнні вераснёўскага (1953) пленума ЦККПСС па пытаннях сельскай гаспадаркі. Выбраў ЦККПБ у складзе 125 чл. і 74 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 35 чл.
Літ.:
Патолічаў М.С. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXI з’езду КПБ. Мн., 1954;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.
рускі скульптар-манументаліст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1785—1800) у М.І.Казлоўскага, выкладаў там у 1808—36; праф. з 1813, рэктар па аддзеле скульптуры з 1836. Пенсіянер АМ у Рыме (1803—06). Выканаў разам з С.С.Піменавым аздабленне ў стылі ампір шэрагу арх. збудаванняў. Аўтар манум.-дэкар. скульптурнай групы «Выкраданне Празерпіны» перад гал. фасадам Горнага ін-та (1809—11), барэльефаў Міхайлаўскага палаца (цяпер Рускі музей, 1823—25), скульпт. групы на атыку Гал. штаба на Дварцовай пл. (1827—28, усе ў Пецярбургу) і інш. Творам уласцівы гераічны лад вобразаў, урачысты рытм і яснасць кампазіцыйных вырашэнняў, арган. адзінства з архітэктурай. Працаваў у станковай (у т. л. партрэтнай) і надмагільнай пластыцы (надмагіллі М.І.Казлоўскага, 1802—03; М.Б.Барклая дэ Толі, 1823, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну,
састаўная частка Расонскага патрыятычнага падполля. Дзейнічала ў жн. 1941 — крас. 1942 (кіраўнік У.В.Петрачэнка) на тэр. Віцебскай вобл. Мела 3 групы (23 чал.): у вёсках Аўсюкова і Забор’е (А.Дз.Цітоў, І.Ф.Лапатка), Лакці і Пакоціна (Я.А.Каган, А.І. і Н.І.Папляцеевы), Баканіха і Шарстова (М.Ф.Максіменка). Падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з партызанамі, збіралі для іх зброю, разведданыя, харчаванне, медыкаменты. Разам з партызанамі ўдзельнічалі ў падрыве моста цераз р. Дрыса, 6 мастоў на шашэйных дарогах, спалілі будынак ням. камендатуры ў в. Забор’е, здзейснілі шэраг дыверсій па знішчэнні баявой тэхнікі, аўтатранспарту і жывой сілы ворага. Вясной і летам 1942 амаль усе падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. Дзейнасць падполля ўвекавечана ў Музеі баявой садружнасці бел., рус., латв. і літ. партызан у г.п. Расоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.
органы жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны) непасрэдна ў кроў або лімфу. У іх адсутнічаюць вывадныя пратокі. Да З.у.с. належаць гіпаталамус, гіпофіз, эпіфіз, наднырачныя залозы, парашчытападобныя залозы, палавыя залозы (іх унутрысакраторныя элементы), шчытападобная залоза, астраўкі падстраўнікавай залозы. Эндакрынныя функцыі ўласцівы вілачкавай залозе, плацэнце, эндакрынным клеткам стрававальнага тракту (слінныя залозы, страўнік, кішэчнік), дыхальных шляхоў, нырак, сэрца, печані і інш. З.ў.с. шчодра забяспечваюцца крывёй, таму гармоны хутка паступаюць у кроў, з якой трапляюць да органаў, тканак і аказваюць спецыфічнае рэгулюючае дзеянне на метабалізм. З.ў.с. знаходзяцца паміж сабой у функцыян. залежнасці і складаюць цэласную эндакрынную сістэму, якая ажыццяўляе гарманальную рэгуляцыю ўсіх асн. працэсаў жыццядзейнасці. Разам з нерв. сістэмай З.ў.с. рэгулююць усе функцыі арганізма. Іх рэгулюючы цэнтр — гіпаталамус. Парушэнне функцый З.у.с. вядзе да цяжкіх эндакрынных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕРАПАДО́БНЫЯ, сінапсіды,
тэраморфы (Synapsida, Theromopha),
падклас вымерлых паўзуноў. 2 атр.: пеліказаўры і тэрапсіды (Therapsida), 60 сям., каля 1 тыс. відаў. Рэшткі вядомы на ўсіх мацерыках, акрамя Аўстраліі, ад познакаменнавугальнай эпохі да сярэдзіны юрскага перыяду (росквіт у пярмі). Адасобіліся ад прымітыўных катылазаўраў. У верхнім карбоне і пярмі пераважалі прымітыўныя З., якіх аб’ядноўваюць у атр. пеліказаўраў (4 падатр.; 85—90 відаў, даўж. да 300 см). Афіякадонты і сфенакадонты — драпежнікі, казеазаўры — малюскаеды, эдафазаўры — расліннаедныя. З верхняй пярмі да сярэдняй юры былі пашыраны тэрапсіды (З падатр.: анамадонты, дэйнацэфалы, тэрыядонты; каля 450 відаў, даўж. да 600 см). Усе З. мелі добра развітыя іклы, зубы паднябення. З. — пераходныя жывёлы ад прымітыўных паўзуноў да млекакормячых, тыповыя прыкметы якіх з’явіліся ў тэрыядонтаў. Па рэштках З. вызначаюць узрост кантынентальных адкладаў.
Да арт.Зверападобныя. 1 — эдафазаўр; 2 — шкілет тытанафонеуса з атрада тэрапсід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ННАЯ ПЛА́ЎКА, зонная перакрышталізацыя,
апрацоўка матэрыялу (у выглядзе стрыжня, выцягнутага злітка) расплаўленнем вузкай зоны і перамяшчэннем яе ўздоўж стрыжня. Выкарыстоўваецца для атрымання (рафінавання) чыстых матэрыялаў (т.зв. зонная ачыстка), легіравання і раўнамернага размеркавання дамешкаў па злітку (зоннае выраўноўванне), для вырошчвання монакрышталёў і інш. З.п. можна апрацоўваць амаль усе металы, паўправаднікі і дыэлектрыкі.
Адрозніваюць кантэйнерную і бястыгельную З.п. Пры кантэйнернай матэрыял змяшчаюць у спец. кантэйнер, які павольна перамяшчаецца адносна награвальнікаў. Пры гэтым на мяжы раздзелу цвёрдай і вадкай фаз адбываецца крышталізацыя матэрыялу. Пры бястыгельнай З.п. стрыжань (злітак) устанаўліваюць вертыкальна, а награвальнік размяшчаюць вакол яго. Спосабы нагрэву: індукцыйны токамі ВЧ, электронна-прамянёвы, радыяцыйны. Упершыню З.п. выкарыстана ў 1927 для ачысткі жалеза, пашырылася з 1952.
Схемы зоннай плаўкі: а — кантэйнернай (1 — труба, 2 — кантэйнер, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі); б — бястыгельнай (1 — труба, 2 — стрыжань, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЖАКЕ́ВІЧ (Іван Сідаравіч) (18.1.1864, с. Вішнапаль Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1962),
украінскі мастак. Нар. мастак Украіны (1951). Вучыўся ў іканапіснай школе Кіева-Пячэрскай лаўры (1876—82, выкладаў там у 1905—07), у Кіеўскай школе малявання М.Мурашкі (1882—84), у Пецярбургскай АМ (1884—88). У 1883 прымаў удзел у аднаўленні фрэсак 12 ст. Кірылаўскай царквы ў Кіеве, у 1904—08 працаваў над размалёўкамі трапезнай і царквы Усіх святых Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар карцін на быт. і гіст. тэмы («Кіева-Пячэрская лаўра. Від на корпус архітэктара Сцяпана Коўніра», 1905—06; «Кій, Шчэк і Хорыў і сястра іх Лыбідзь», «Маці ідзе!..», абедзве 1907; цыкла «Краявіды старога Кіева», 1913; «Бунт сялян», «На паншчыне», «Уманская разня», усе 1926—28; «Партызаны ў засадзе», 1944, і інш.), ілюстрацый да твораў Т.Шаўчэнкі, М.Гогаля, Лесі Украінкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЖА́ЎНЫЯ ГРЫБЫ́ (Uredinales),
парадак базідыяльных грыбоў падкл. тэламіцэтэс. 14 сям., 164 роды, 7000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 400 відаў з 14 родаў: гімнаспарангій, пукцынія, траншэлія, ураміцэс, ахрапсора, калеаспорый, кранарцый, мелампсора і інш. Аблігатныя паразіты вышэйшых травяністых раслін, пераважна злакавых і бабовых. Узбуджальнікі іржы раслін. Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм.
Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі, праз якія грыб паглынае пажыўныя рэчывы з клетак расліны-гаспадара, у большасці відаў мясцовы (на месцы пападання споры); зрэдку дыфузны (пранізвае ўсю расліну). Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру (адсюль назва). Цыкл развіцця І.г. — чаргаванне гаплоіднай і дыплоіднай стадый. Маюць 5 тыпаў споранашэння. Адны віды маюць усе тыпы споранашэння (поўны цыкл развіцця), другія — толькі некат. (няпоўны цыкл). Пры развіцці на адной расліне ўсіх тыпаў споранашэння грыбы наз. аднагаспадаровымі, калі гаплоідная і дыплоідная стадыі на розных раслінах — рознагаспадаровымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ ((Callot) Жак) (1592 або 1593, г. Нансі, Францыя — 25.3.1635),
французскі гравёр і рысавальшчык. Майстар афорта. Прадстаўнік маньерызму. З 1608 вучыўся ў Рыме. У 1611—21 прыдворны мастак у Фларэнцыі («Спакуса св. Антонія», каля 1616; «Кірмаш у Імпрунеце», 1620). З 1621 у Нансі, рабіў гравюры па малюнках, прывезеных з Італіі [серыі «Гобі» («Гарбуны»), «Балі» («Танцы»), «Тры Панталоне», усе 1622, і інш.]. У творах адлюстроўваў тагачасныя гіст. падзеі («Аблога Брэды», 1627; «Аблога вострава Рэ» і «Аблога Ла-Рашэлі», абодва 1630), шматграннасць жыцця («Жабракі», 1622; 2 серыі «Бедства вайны», 1632—33), звяртаўся да рэліг. сюжэтаў («Пакутніцтва св. Себасцьяна», 1632—33), пісаў пейзажы («Чатыры пейзажы», 1622; віды Нансі, 1626, Парыжа, 1629), партрэты (К.Дэруэ, 1632). Вынайшаў тэхніку паўторнага траўлення ў афорце, што дазволіла дасягнуць асаблівай дакладнасці малюнка, топкасці і мяккасці танальных і святлоценявых пераходаў.
Ж.Кало. Касандр. Афорт з серыі «Тры Панталоне». 1622.