МАДЖАЕ́ЎСКАЯ (Modrzejewska) Гелена [сапр. Місэль
(Misel) Ядвіга; 12.10.1840, г. Кракаў, Польшча — 8.4.1909], польская актрыса. Брала прыватныя ўрокі драм. мастацтва. З 1861 выступала на сцэнах правінцыяльных т-раў. З 1865 на сцэне Кракаўскага, з 1869 Варшаўскага т-раў. З 1876 у ЗША, у 1877 дэбютавала ў Сан-Францыска. У 1880—85 выступала ў Вялікабрытаніі. Творчасці ўласцівы рамант. адухоўленасць, арганічнасць і жыццёвая пераканаўчасць вобразаў. Сярод роляў: Джульета («Рамэо і Джульета»),
Кардэлія («Кароль Лір»), Афелія («Гамлет»), Ганна («Рычард III»), лэдзі Макбет («Макбет»; усе У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Федра («Федра» Ж.Расіна). Адна з лепшых выканаўцаў роляў у драмах С.Выспянскага: Марыі («Варшавянка»), Лаадаміі («Пратэсілай і Лаадамія») і інш. Аўтар кніг «Успаміны і ўражанні» (1910), «Пісьмы» (т. 1—2, 1965).
т. 9, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)