(н. 9.3.1950, в. Язна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай шкалы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1976). Выкладае ў Віцебскім ун-це. Творы вылучаюцца глыбінёй і складанай драматургіяй вобразаў з падкрэслена нац. каларытам, трапяткім стаўленнем да перадачы натурных уражанняў у спалучэнні з аўтарскай манерай распрацоўкі жывапіснай прасторы. Аўтар тэматычных карцін «Дыялог» (1981), «Аўтарытэт» і «Загад» (абедзве 1987), «Думкі» (1989), «Размовы» і «Разважанне аб вечным» (абедзве 1990), «Свята ў горадзе» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1993), «Гуканне дзядоў», «Жаночы лёс», «Спакуса» (усе 1995), трыпціх «Катарсіс» (1996), серыі «Чалавек і прырода» (1989), «Успамін аб леце» (1995). Малюе пейзажы: серыі «Рыжскія краявіды» (1978), «Беларускае Прыдзвінне» (1984); партрэты, нацюрморты.
М.Л.Цыбульскі.
М.Ляўковіч. Незабудкі. З серыі «Успамін аб леце». 1995.