МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

матэматычная дысцыпліна, якая распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і некаторых штучных моў. Развіваецца ў цесным узаемадзеянні з мовазнаўствам. Узнікла ў 1950-я г. ў сувязі з унутр. патрэбамі лінгвістыкі і развіццём аўтам. перакладу (гл. Машынны пераклад). Мае 2 лінгвістычныя аспекты: інфарматыка для лінгвістыкі — выкарыстанне статыстыкі, тэорыі кадзіравання, розных галін матэматыкі (напр., фактарнага аналізу) пры вырашэнні ўласна лінгвістычных задач (апрацоўка тэкстаў натуральнай мовы пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі); лінгвістыка для інфарматыкі — цыкл даследаванняў у рамках інтэлекту штучнага, накіраваны на аўтам. або аўтаматызаванае рашэнне задач, якія да гэтага часу рашаліся выключна чалавекам. Апошняя развіваецца пераважна бел. лінгвістычнай школай. Да матэм. метадаў у лінгвістыцы адносяць тэорыю фармальных граматык, лінгвастатыстыку, семантычнае кадзіраванне. Яны дапамагаюць фармалізацыі семантыкі і сінтаксісу натуральных моў і іх статыстычнай апрацоўцы, у выніку чаго атрымліваюць дакладныя фармулёўкі найб. агульных правіл функцыянавання мовы, т.зв. універсаліі. Статыстычная апрацоўка тэкстаў рэалізуецца ў канкардансах (паказальніках слоў у выглядзе прамога, зваротнага, частотнага, камбінаторнага спісаў слоў і іх тэкставых прадстаўленняў). Семантычнае кадзіраванне дазваляе фармалізаваць інфармацыйны пошук у разнастайных тэкстах, атрымаць магчымасць фармальнага вырашэння задач. Ва ўсіх даследаваннях з выкарыстаннем матэм. метадаў у мовазнаўстве ўжываецца новая камп’ютэрная тэхніка, якая дапамагае аналізаваць вял. тэкставыя масівы ў аўтам. рэжыме. Ствараюцца таксама розныя варыянты кананізаванай мовы для прамых зносін камп’ютэра і чалавека, іх інтэрфейс. Кананізацыя мовы павінна адпавядаць моўным заканамернасцям, якія дапамагаюць забяспечыць адпаведнае разуменне тэкстаў. Семантычнае кадзіраванне абапіраецца на некаторыя тыпы алгебры, што дазваляе фармалізаваць адпаведнасць тэкстаў натуральнай мове. Агульная тэндэнцыя ідзе ў кірунку стварэння сістэм штучнага інтэлекту.

Літ.:

Гладкий А.В., Мельчук И.А. Элементы математической лингвистики. М., 1969;

Лесохин М.М., Лукьяненков К.Ф., Пиотровский Р.Г. Введение в математическую лингвистику. Мн., 1982;

Арапов М.В. Квантитативная лингвистика. М., 1988;

Мартынаў В.У., Шуба П.П., Ярмаш М.І. Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў. Мн., 1967;

Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений. Мн., 1979;

Мартынов В.В. Принципы объективной семантической классификации // Полилог. Мн., 1998. Вып. 1.

В.​У.​Мартынаў.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭО́РЫ (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы),

з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часцінак касм. рэчыва — метэорных цел. Бел. народная назва М. — знічкі.

Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху М. у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія М. наз. балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса М. — ад 0,001 г да некалькіх грамаў. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 М. за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.

Літ.:

Кащеев Б.Л., Лебединец В.Н., Лагутин М.Ф. Метеорные явления в атмосфере Земли. М., 1967;

Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Галоўныя метэорныя патокі
Назва патоку Сузор’е, у якім знаходзіцца радыянт Дата максімуму Макс. колькасць метэораў за гадз
Квадрантыды На мяжы Валапаса і Дракона 3 студз. 35
Лірыды Ліра 21 крас. 10
γ-Акварыды Вадаліў 4 мая 12
δ-Акварыды (паўд.) Вадаліў 28 ліп. 12
Касіяпеіды Касіяпея 28 ліп. 18
Персеіды Персей 11 жн. 60
Арыяніды Арыён 22 кастр. 45
Андрамедыды Андрамеда 12 ліст. ?
Леаніды Леў 17 ліст. 15
Гемініды Блізняты 13 снеж. 90
Метэор з метэорнага патоку Леаніды. 1966.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ВЫЯЎЛЕ́НЧЫХ МАСТА́ЦТВАЎ імя А.​С.​Пушкіна ў Маскве,

збор замежнага мастацтва; другі ў Расіі па значнасці (пасля Эрмітажа). Утвораны на аснове Кабінета прыгожых мастацтваў пры Маскоўскім ун-це, існаваў з сярэдзіны 19 ст., пераўтвораны па ініцыятыве праф. І.​Цвятаева ў Музей злепкаў. Адкрыты ў 1912 як Музей прыгожых мастацтваў імператара Аляксандра III пры Маскоўскім ун-це; з 1917 Музей прыгожых мастацтваў, з 1937 сучасная назва. Першапачаткова ў калекцыю музея ўваходзілі злепкі з шэдэўраў ант. і зах.-еўрап. скульптуры, складзены гісторыкам У.​Галянішчавым: збор помнікаў мастацтва Стараж. Егіпта, твораў еўрап. жывапісу, ант. ваз і манет. Пасля 1917 фонды музея папаўняліся творамі з Эрмітажа, Траццякоўскай галерэі, Музея новага зах. мастацтва, інш. музеяў і прыватных калекцый (А.​Бракара, В.​Мандла, Дз.​Шчукіна і інш.). Музей захоўвае помнікі мастацтва Стараж. Усходу, ант. Грэцыі і Рыма, Візантыі, краін Усх. і Зах. Еўропы. У карціннай галерэі вылучаюцца зборы палотнаў галанд. і флам. (Рэмбрант, Я. ван Ройсдал, Г.​Тэрбарх, А. ван Астадэ, Я.​Іорданс, Ф.​Снейдэрс, П.​П.​Рубенс, А. ван Дэйк), франц. (Н.​Пусэн, К.​Ларэн, А.​Вато, Ф.​Бушэ, Ж.​Л.​Давід, К.​Каро, Г.​Курбэ) і інш. школ; адзін з лепшых у свеце збораў майстроў барбізонскай школы, франц. імпрэсіяністаў (К.​Манэ, К.​Пісаро, А.​Рэнуар), постімпрэсіяністаў (В. ван Гог, П.​Гаген, П.​Сезан), а таксама творы А.​Матыса і П.​Пікасо. У аддзеле гравюры і малюнка каля 350 тыс. твораў еўрап., усх. і рас. графікі. З 1981 музей праводзіць муз. фестывалі, якія суправаджаюцца тэматычнымі маст. выстаўкамі. У 1985 створаны фонд маст. фотаздымкаў, у 1994 — Музей асабістых калекцый (на правах навук. аддзела).

Літ.:

Государственный музей изобразительных искусств им. АС.​Пушкина: [Альбом]. М., 1989;

Государственный музей изобразительных искусств им. А.​С.​Пушкина: Кат. картинной галереи. Живопись. Скульптура. Миниатюра. М., 1986.

Будынак Музея выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна.
Зала антычнай скульптуры Музея выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна ў Маскве.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ НАВУКО́ВА-АСВЕ́ТНЫ ЦЭНТР ІМЯ́ Ф.СКАРЫ́НЫ пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь,

установа, якая праводзіць даследаванні ў галіне гуманітарных навук, беларуса- і народазнаўства, гуманістыкі. Засн. ў 1991 у Мінску. Да 7.2.1992 пры аддзяленні грамадскіх навук АН Беларусі. Арганізатар і першы дырэктар — А.В.Мальдзіс. Асн. кірункі дзейнасці: бел. асветніцтва; гісторыя і тэорыя бел. культуры; праблемы хрысціянства і нац. развіцця; гісторыя, сучасны стан бел. дыяспары; праблемы выяўлення, вяртання і сумеснага выкарыстання бел. матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, стварэнне банка інфармацыі па адукацыі, гісторыі, культуры, навуцы, рэлігіі Беларусі; грамадска-культ. ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і народамі; распрацоўка бел. тэрміналогіі. Б-ка (з 1993) мае рукапісны аддзел, калекцыю выданняў бел. дыяспары, збор фота- і фонаматэрыялаў, выразкі з перыяд. выданняў, картатэкі па персаналіях, навук. кірунках, нас. пунктах, краінах, дыяспары, рэстытуцыі. З 1993 дзейнічае музейная экспазіцыя «Беларусы ў свеце». Цэнтр забяспечвае ВНУ і н.-л. ўстановы неабходнай інфармацыяй па бібліяграфіі, тэрміналогіі, наладжвае павук. кансультацыі, ажыццяўляе навук. супрацоўніцтва з Ін-там славяназнаўства і балканістыкі Рас. АН, Ін-там Цэнтр. і Усх. Еўропы ў Любліне, Варшаўскім ун-там (Польшча), Бел. ін-там навукі і мастацтва (ЗША), Б-кай і музеем імя Ф.​Скарыны (Англія), навук. ўстановамі Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Украіны, Францыі і інш. На базе цэнтра дзейнічаюць Міжнар. асацыяцыя беларусістаў (МАБ, 1991), Скарынаўскае брацтва (1997). Цэнтрам арганізавана каля 30 міжнар. навук. канферэнцый, у т. л. 3 кангрэсы беларусістаў (1991, 1995, 2000); распрацавана і ажыццяўляецца праграма фундаментальных даследаванняў «Беларускае асветніцтва» (1999—2001). Выдадзены 15 навук. зб. «Беларусіка=Albaruthenica» (1993—2000), зб-кі «Адам Міцкевіч і Беларусь» (1997), «А.​С.​Пушкін і Беларусь» (1999) і інш. З 1996 МАБ і Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі на базе Цэнтра выдаюць штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 2000 і на англ. мове). Цэнтр размяшчаецца ў будынку былога Інстытута беларускай культуры.

Б.​Л.​Харкевіч.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎРАПАТАЛО́ГІЯ (ад неўра... + паталогія),

неўралогія клінічная, раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны ўзнікнення, механізмы развіцця, дыягностыку, лячэнне і прафілактыку нервовых хвароб.

Захворванні нерв. сістэмы апісаны ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса і інш. У самаст. галіну медыцыны вылучылася ў сярэдзіне 19 ст., у Расіі — з прац А.​Я.​Кажэўнікава. які ў 1869 арганізаваў адну з першых у свеце клінік, у 1870 — першую ў Расіі кафедру нерв. хвароб.

На Беларусі заснавальнік Н. — М.Б.Кроль. Па яго ініцыятыве ў 1923 створана кафедра нерв. хвароб мед. ф-та БДУ, у 1924 — ін-т фіз. метадаў лячэння (з 1949 Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі НДІ). Кіраўнікі школы бел. неўрапатолагаў (неўролагаў) — Д.А.Маркаў, І.П.Антонаў. Навук. даследаванні праводзяцца па пытаннях нейраінфекцый, эпілепсіі, дэміэлізуючых захворванняў нерв. сістэмы, сасудзістых пашкоджанняў галаўнога і спіннога мозга, грыпу і паразітарных захворванняў нерв. сістэмы, клінічных праяў паяснічнага астэахандрозу, выкарыстання выліч. тэхнікі ў Н. Вядучыя спецыялісты па Н.: В.І.Вацякоў, Я.Я.Гардзееў, С.Ё.Гінзбург, Л.С.Гіткіна, А.Л.Леановіч, М.С.Місюк, Г.К.Недзьведзь, І.І.Протас, І.Л.Саснавік, М.Ф.Філіповіч і інш. З 1957 развіваецца дзіцячая Н. (у 1980 адкрыта кафедра пры Бел. НДІ ўдасканалення ўрачоў). Вывучаюцца асаблівасці клінікі і цячэння захворванняў нерв. сістэмы ў дзяцей: неўралагічныя расстройствы пры рэўматызме і дыфузных хваробах злучальнай тканкі, гіперкінезы, эпілепсія і прыпадкі, дзіцячыя цэрэбральныя паралічы, спадчынныя хваробы, паражэнні нерв. сістэмы ў нованароджаных (Г.Г.Шанько і інш.). Працуюць (2000): 7 клінік нерв. хвароб у Мінскім, Гродзенскім, Гомельскім мед. ін-тах, Віцебскім мед. ун-це, Бел. НДІ удасканалення ўрачоў (2), Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі.

Літ.:

Антонов И.П., Шанько Г.Г. К истории развития невропатологии в Белоруссии за годы Советской власти // Вопросы истории медицины и здравоохранения. Мн., 1968;

Дривотинов Б.В. Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе. Мн., 1979;

Марков Д.А., Злотник Э.И., Гиткина Л.С. Инфаркт мозга. Мн., 1973;

Шанько Г.Г. Эпилепсия у детей: классификация, диагностика, лечение. Мн., 1997;

Энциклопедия детского невролога. Мн., 1993.

Г.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае рух цел Сонечнай сістэмы ў іх агульным гравітацыйным полі. У шэрагу выпадкаў (у тэорыі руху камет, ШСЗ і інш.), акрамя гравітацыйных сіл, улічваюцца рэактыўныя сілы, ціск выпрамянення, супраціўленне асяроддзя, змена масы і інш. фактары. Задачы Н.м.: вывучэнне агульных пытанняў руху нябесных цел і канкрэтных аб’ектаў (планет, ШСЗ і інш.); вылічэнне значэнняў астр. пастаянных, састаўленне эфемерыд і інш. Рух штучных нябесных цел вывучае раздзел Н.м. — астрадынаміка. Н.м. з’яўляецца вынікам дастасавання законаў класічнай механікі да руху нябесных цел. Тэарэт. асновы сучаснай Н.м. закладзены І.Ньютанам. Значны ўклад у развіццё Н.м. зрабілі Ж.Л.Лагранж, П.С.Лаплас, У.Ж.Ж.Левер’е, С.Ньюкам і інш. Адно з дасягненняў Н.м. — адкрыццё планеты Нептун, існаванне якой разлічана па адхіленнях руху планеты Уран.

Асн. задача Н.м. — вызначэнне каардынат планет як функцый часу. Пры вял. адлегласцях паміж Сонцам і планетамі іх можна лічыць матэрыяльнымі пунктамі, паміж якімі дзейнічаюць гравітацыйныя сілы паводле сусветнага прыцягнення закону (задача n цел). Агульнае рашэнне гэтай задачы не знойдзена. Строгае рашэнне мае толькі двух цел задача. Агульнае рашэнне трох цел задачы вельмі складанае, таму карыстаюцца толькі яе частковымі рашэннямі. Н.м. вывучае таксама восевае вярчэнне і фігуры нябесных цел, праблему ўстойлівасці Сонечнай сістэмы, рух Месяца, прыліўнае ўзаемадзеянне; развіццё касманаўтыкі патрабуе высокай дакладнасці ў вылічэнні арбіт планет. Н.м., якая грунтуецца на законе прыцягнення Ньютана, дастаткова дакладна апісвае рух цел Сонечнай сістэмы, але некаторыя з’явы, напр. рух перыгеліяў арбіт Меркурыя і інш. планет, поўнасцю растлумачыць не можа. Гэтыя з’явы знаходзяць тлумачэнне ў рэлятывісцкай Н.м., якая ўлічвае ў руху нябесных цел эфекты адноснасці тэорыі. Метадамі Н.м. карыстаюцца пры вывучэнні зорак і зорных сістэм (зорная астраномія), галактык (пазагалактычная астраномія).

Літ.:

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Новые качественные методы в небесной механике. М., 1971;

Брумберг В.А. Релятивистская небесная механика. М., 1972.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДЗЕ́ЛЬНЫЯ ШКО́ЛЫ,

прыватныя або грамадскія агульнаадук., прафес. або рэліг. школы, навучанне ў якіх праводзіцца ў выхадныя дні (найчасцей у нядзелю; адсюль назва). Гістарычна найб. ранняя форма пазашкольнай адукацыі. Падзяляюцца на канфесіянальныя шкалы розных веравызнанняў для рэліг.-маральнага выхавання (у хрысціян — нядзельныя, мусульман — пятнічныя, іудзеяў — суботнія) і свецкія. Канфесіянальныя Н.ш. ўзніклі ў сярэдзіне 16 ст. (першая пры Міланскім саборы) у форме нядзельных размоў. У 17—18 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыцы. Свецкія Н.ш. з’явіліся ў сярэдзіне 18 ст. (першая ў 1756 у Базелі, Швейцарыя). У 19 ст. агульнаадук. Н.ш. адыгралі значную ролю ў развіцці нар. адукацыі ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і інш. еўрап. краінах. Ствараліся таксама Н.ш. і курсы прафес. падрыхтоўкі. У пач. 20 ст. агульнаадук. Н.ш. амаль спынілі існаванне ў сувязі з арг-цыяй дзярж. школьных сістэм і ўвядзеннем усеагульнага абавязковага навучання. Канфесіянальныя Н.ш. і ў наш час існуюць у многіх краінах.

У Рас. імперыі і на Беларусі канфесіянальныя Н.ш. эпізадычна ўзнікалі з пач. 18 ст. Найб. стабільнымі былі лютэранскія. Свецкія пачалі стварацца асобнымі прадпрымальнікамі ў 1-й пал. 19 ст. (напр., у 1816 пры Трохгорнай мануфактуры Прохаравых у Маскве). У канцы 1850 — пач. 1860-х г., у выніку дэмакр. ўздыму, агульнаадук. Н.ш. арганізоўваліся інтэлігенцыяй амаль паўсюдна. У 1858 адкрыта Н.ш. ў Палтаве, у 1859 — у Кіеве, Магілёве, Мінску, Пецярбургу, у 1860 — у Гродне, Брэсце, Вільні. У пач. 1862 у 178 гарадах Рас. імперыі 331 Н.ш. Спробы выкарыстаць Н.ш. для рэв. прапаганды сталі падставай да іх закрыцця (1862). З канца 1880-х г. у выніку грамадскай ініцыятывы зноў пачалося іх стварэнне. У 1904 на Беларусі дзейнічала 20 Н.ш. і курсаў (1950 навучэнцаў, у т. л. 1148 жанчын). У 1920-я г. свецкія Н.ш. заменены інш. тыпамі школ для дарослых (гл. таксама Вячэрняе навучанне). На пач. 2000 у Беларусі 1094 Н.ш. розных канфесій для дзяцей і дарослых.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,

забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранства — асн. сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЯ ВАЙНА́,

узброеная барацьба народных мас (асобных сац. груп і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нац., сац. і інш. свабоды. Можа весціся супраць іншаземных заваёўнікаў і ўзбр. праціўніка ўнутры краіны, пры гэтым прымае формы нац.-вызв. ці грамадз. вайны. Мэты П.в.: знішчэнне жывой сілы, ваен. тэхнікі і матэрыяльных сродкаў праціўніка, зрыў мерапрыемстваў яго ўлад, парушэнне камунікацый, работы тылу, кіравання і інш. Асн. формы П.в.: налёты на штабы і гарнізоны праціўніка, дыверсіі, «рэйкавая вайна», знішчэнне вайск. складоў і інш. ваен. маёмасці, а пры наяўнасці буйных партыз. фарміраванняў — утрыманне тэрыторый, раёнаў, аб’ектаў і інш. (гл. Партызанская зона).

П.в. на тэр. Беларусі праходзілі ў час нац.-вызв. паўстанняў і шэрагу інш. войнаў, у т. л. ў 1812 (гл. Партызанскі рух у вайну 1812), у 1918—20 (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20), асабліва актыўна ў 1941—44. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну набыў ваен.-стратэг. характар, а П.в. стала важным фактарам перамогі СССР і яго саюзнікаў ў шэрагу буйных аперацый 2-й сусв. вайны, у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944. Кіраўніцтва партыз. рухам у Вял. Айч. вайну ажыццяўлялі органы дзярж. (паліт.) улады, а таксама іх спец. органы на акупіраванай тэр. СССР — Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам, непасрэдна на тэр. Беларусі — Беларускі штаб партызанскага руху на чале з П.З.Калініным і інш.

У гады 2-й сусв. вайны партыз. рух у шэрагу краін Еўропы і Азіі, у т. л. ў Польшчы, Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Кітаі, Бірме (цяпер М’янма), на Філіпінах і інш., перарос у нац.-вызв. і П.в. Пасля 2-й сусв. вайны тактыка П.в. актыўна выкарыстоўвалася ў многіх краінах (В’етнам, Лаос, Алжыр і інш.), шэрагу рэгіёнаў Азіі, Афр. кантынента і Паўд. Амерыкі як партызанамі, так і тэрарыстамі (гл. Тэрарызм).

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​І.​Свекла.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,

устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.

У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл. Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл. Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў — бэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.

Літ.:

Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;

Лебедев АН., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)