група водарастваральных злучэнняў, вытворных 2-метылпірыдзіну. Вылучаны з паліраванага рысу ў 1932. У прыродзе пашыраны 3 яго формы: П., пірыдаксаль, пірыдаксамін, якія лёгка пераўтвараюцца ў арганізме адна ў адну.
Бясколернае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Сінтэзуецца мікраарганізмамі, зялёнымі раслінамі, у жвачных жывёл і чалавека — кішэчнай мікрафлорай. Біял. функцыі П. ажыццяўляе ў форме 5-пірыдаксальфасфату, які выконвае ролю каферменту ў рэакцыях абмену амінакіслот (напр.пераамінаванне). Удзельнічае ў азоцістым, тлушчавым абмене, у сінтэзе сератаніну. Недахоп П. ў арганізме выклікае анемію, сутаргі, дэрматыт і інш. Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў П 1,5—2,8 мг, дзяцей — 0,5—2 мг. Найб. П. маюць рысавае і пшанічнае вотруб’е, боб, дрожджы, печань млекакормячых. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ЕЎ (Іса Аляксандравіч) (25.11.1903, с. Стары Батакаюрт Правабярэжнага р-на Паўн. Асеціі, Расія — 6.2.1979),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1962), Герой МНР (1971). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1922. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., Паўд.-Зах., Сцяпным, 3-м Укр., 2-м Бел., 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Пад яго камандаваннем конна-механіз. група ў час Бел. аперацыі 1944 удзельнічала ў вызваленні Глуска, Слуцка, Міра, Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, Слоніма, Брэста; вызначылася пры знішчэнні паўд.-бугскай групоўкі праціўніка на Украіне і ў Маньчжурскай аперацыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1941—70.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАБАЛГА́РЫ, прабалгары,
цюркскамоўны народ, які ўдзельнічаў у этнагенезе балгар і шэрагу сучасных цюркскамоўных народаў (казанскія татары і інш.). Першыя звесткі пра П. адносяцца да 4 ст. У 1-й пал. 7 ст. ў Прыазоўі і Ніжнім Паволжы склаўся саюз протабал. плямён на чале з ханам Кубратам, які распаўся ў сярэдзіне 7 ст. У 2-й пал. 7 ст. пад націскам хазар ч. П. перасялілася на Пн у бас.р. Кама, дзе ў далейшым узнікла дзяржава Балгарыя Волжска-Камская. Другая група П. на чале з ханам Аспарухам пасялілася ў ніжнім цячэнні Дуная, дзе ў саюзе з мясц. славянамі стварыла ў канцы 7 ст. Балгарскае царства (гл.Балгарыя). Частка П. захавалася на Паўн. Каўказе і прыняла ўдзел у этнагенезе карачаеўцаў, балкарцаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШАНЯ́ТНЫЯ ПТУ́ШКІ,
група птушак, птушаняты якіх ад вылуплівання да пераходу да самастойнага жыцця развіваюцца ў гняздзе. Яны няздольныя самастойна перамяшчацца і адшукваць корм і патрабуюць пастаянных клопатаў бацькоў. На Беларусі ў арнітафауне да П.п. належаць усе віды вераб’інападобных, голубападобных, дзятлападобных, зязюлепадобных, ракшападобных, стрыжападобных і інш.
Яйкі П.п. маюць адносна мала жаўтка, які да моманту вылуплівання амаль поўнасцю спажываецца. Птушаняты вылупліваюцца голыя або з недаразвітым пуховым покрывам, няўстойлівай тэрмарэгуляцыяй, з закрытымі вачыма і вонкавымі слыхавымі праходамі, слабаразвітай мускулатурай. На розныя вонкавыя раздражняльнікі рэагуюць аднолькава: выцягваюць шыі і разяўляюць раты. Птушаняты застаюцца ў гняздзе ад 10 дзён (некат. вераб’іныя) да 3 месяцаў (грыфы). Гл. таксама Вывадкавыя птушкі, Паўвывадкавыя птушкі.
Да арт.Птушанятныя птушкі: 1 — у гняздзе валасянкі ястрабінай; 2 — у гняздзе дубаноса звычайнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім геам. вобразы (крывыя і паверхні) вывучаюцца метадамі матэм. аналізу, у першую чаргу — дыферэнцыяльнага злічэння. Аб’екты Д.г. — крывыя і паверхні эўклідавай прасторы, іх сем’і (неперарыўныя сукупнасці крывых і паверхняў). У Д.г. даследуюцца ўласцівасці, характэрныя бясконца малой частцы геам. вобразаў (дыферэнцыяльныя ўласцівасці). У адрозненне ад элементарнай і аналітычнай геаметрыі, якія вывучаюць асобныя крывыя і паверхні ці спец. класы крывых і паверхняў, Д.г. разглядае крывыя і паверхні наогул.
Класічная Д.г. вывучае дыферэнцыяльныя ўласцівасці геам. вобразаў звычайнай трохмернай прасторы, якія не залежаць ад становішча ў прасторы. Асобныя паняцці Д.г. сустракаюцца ў 2-й пал. 17 ст. ў працах англ. вучонага І.Ньютана, ням. матэматыка Г.Лейбніца і інш. Асновы тэорыі паверхняў закладзены ў канцы 18 ст. працамі ням. вучонага Л.Эйлера і франц. вучонага Г.Монжа. Значны ўклад у развіццё Д.г. зрабілі К.Гаўс, рус. матэматыкі К.М.Петэрсон (пабудаваў асновы класічнай тэорыі паверхняў) і М І.Лабачэўскі, ням. матэматык Б.Рыман. Асн. кірункі сучаснай Д.г.: геаметрыя аднародных прастораў, у якіх дзейнічае некат. сукупнасць (група) пераўтварэнняў (у класічнай Д.г. — група рухаў) і вывучаюцца ўласцівасці геам. вобразаў, што не мяняюцца пры пэўных пераўтварэннях; геаметрыя абагульненых прастораў, якія будуюцца на аснове дыферэнцаванай разнастайнасці, што ўключае як прыватны выпадак паняцці крывой і паверхні класічнай Д.г. Асобнае месца займае «геаметрыя ў цэлым», якая даследуе геам. вобразы, што не могуць быць вырашаны сродкамі дыферэнцыяльнага злічэння.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні па сучаснай Д.г. пачалі праводзіцца з канца 1960-х г. Пабудавана глабальная тэорыя нармалізаваных і спалучаных звязнасцей у галоўных расслаеннях, праведзена даследаванне сіметрычных прастораў і шэрагу іх абагульненняў (В.І.Вядзернікаў, А.С.Фядэнка).
Літ.:
Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;
Дифференциальная геометрия. Мн., 1982;
Феденко А.С. Пространства с симметриями. Мн., 1977;
История отечественной математики. Т. 3. Киев, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
наступальная аперацыя сав. войск Зах. фронту 14 мая — 8 чэрв. ў савецка-польскую вайну 1920. Праводзілася ва ўмовах, калі польск. войскі ў ходзе красавіцкага наступлення прасунуліся на 200 км на Украіне і занялі Кіеў. На пачатак аперацыі ў склад Зах. фронту (камандуючы М.М.Тухачэўскі) уваходзілі: Паўн.група, 15-я і 16-я арміі, якія налічвалі 75 тыс. штыкоў, 5 тыс. шабляў, 459 гармат, 1935 кулямётаў, 10 бронепаяздоў, 15 бронеаўтамабіляў і 67 самалётаў. Польскія войскі Паўн.-Усх. фронту (камандуючы ген. С.Шаптыцкі) складаліся з 1-й і 4-й армій, мелі 52 тыс. штыкоў, 5,5 тыс. шабляў, 340 гармат, 1440 кулямётаў, 10 бронепаяздоў і 46 самалётаў. З-за цяжкага становішча, якое склалася ў выніку наступлення польскіх войск на Украіне, Зах. фронт пачаў М.а. без дастатковай падрыхтоўкі. 14 мая войскі 15-й арміі перайшлі ў наступленне на Віленскім напрамку, прарвалі абарону праціўніка і 16 мая выйшлі на рубеж Дзісна—Зябкі—воз. Шо — воз. Манец. Вылучаная 15 мая з 15-й арміі Паўд.група 16 мая выйшла на лінію Пышна—Лепель—Стайск. Войскі Паўн. групы фарсіравалі Зах. Дзвіну на ўчастку Полацк—Дзісна і занялі плацдарм на левым беразе ракі. З 14 па 18 мая войскі правага фланга і цэнтра прасунуліся ўглыб на 70—80 км, левага — на 50 км. Аднак наступленне не атрымала далейшага развіцця з-за адсутнасці рэзерваў. Польскае камандаванне перакінула з іншых участкаў фронту дадатковыя сілы і да 31 мая спыніла прасоўванне сав. войск. У выніку М.а. на Зах. фронце лінія фронту скарацілася на 60 км у раёне Лепеля, расшыраны Полацкі плацдарм на левым беразе Зах. Дзвіны. М.а. дапамагла Паўд.-Зах. фронту: адцягнула частку сіл з Кіеўскага напрамку, дала магчымасць падрыхтаваць контрнаступленне на Кіеў (пачалося 20 мая) і вызваліць яго (12 чэрв.).
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННЫЯ КІСЛО́ТЫ, дыгідраксібурштынавыя кіслоты,
група стэрэаізамерных дыкарбонавых к-т, HOOC — CH(OH) — CH(OH) — COOH. Існуюць 3 стэрэаізамеры: D-вінная к-та (віннакаменная к-та, вінная к-та), L-вінная к-та (гл.Аптычная ізамерыя) і мезавінная к-та (антывінная к-та), таксама рацэмат D, L-вінная к-та (вінаградная к-та). Найб. пашырана D-вінная к-та, бясколерныя крышталі, tпл 170 °C, шчыльн. 1759,8 кг/м³; раствараецца ў вадзе, спірце, ацэтоне. У свабодным стане ці ў выглядзе солей ёсць у пладах (асабліва ў вінаградзе). Атрымліваюць уздзеяннем мінер.к-т на т.зв.вінны камень. Выкарыстоўваюць к-ту, яе солі і эфіры (тартраты) у харч. прам-сці (вытв-сць напіткаў, фруктовых эсенцый, пры выпечцы хлеба), гальванатэхніцы, каляровай металургіі (для кантролю чысціні металаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭРД ((Baird) Тадэвуш) (26.7.1928, г. Гродзіск-Мазавецкі, Польшча — 2.9.1981),
польскі кампазітар, прадстаўнік польскага авангардызму. Чл.АМ ГДР (1979). Праф. (1977). Вучыўся ў Дзярж. вышэйшай муз. школе ў Варшаве (1947—51), Варшаўскім ун-це (1948—50). У 1949 засн. (з К.Сяроцкім і Я.Крэнцам) творчую суполку «Група-49». Творчую дзейнасць пачынаў пад уплывам неакласіцызму. З 1956 новую кампазіцыйную тэхніку (серыйная тэхніка, санорыка, пуантылізм) спалучаў з традыцыйнай. Сярод тв.: опера «Заўтра» (муз. драма, 1966); З сімфоніі (1950, 1952, 1969); канцэрты з арк., у т. л. «Журботны» для альта (1975); «Эротыка» для сапрана і арк.; «Эцюд» для «вакальнага арк.», ударных і фп.; Варыяцыі без тэмы; камерна-інстр. і вак. творы. Адзін з заснавальнікаў міжнар.муз. фестываляў «Варшаўская восень» (з 1956). Дзярж. прэміі Польшчы 1951, 1964, 1970.