СТРАФО́ІД,

група радкоў вершаванага твора з вольнай рыфмоўкай або без яе, завершаных па інтанацыйна-сінтаксічным малюнку і па думцы. С. ў большай ступені, чым строфы, валодаюць унутранай сэнсавай цэльнасцю і завершанасцю, бо характар С. вызначае не колькасць радкоў або парадак рыфмаў (як у строфах), а логіку разгортвання вобразна-паэт. думкі:

О, як лёгка ісці,
Адчуваючы матчыны рукі,
Адчуваючы крылы юнацтва,
Адчуваючы плечы каханай!
І як цяжка цягнуцца,
У далонях трымаючы толькі
Кульбаку ўспамінаў.
(М.​Танк. «...О, як лёгка ісці»)

Найб. часта С. сустракаюцца ў пазаметрычных вершах (дольнік, тактавік, Свабодны верш).

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)