ФІЛАХІНО́НЫ,
група вытворных 2-метыл, 1,4-нафтахінону, якія валодаюць актыўнасцю вітаміну K. Прысутнічаюць у раслінах, вядомы таксама сінт. Ф. Найб. багатыя Ф. шпінат, капуста, памідоры, крапіва, печань і інш.
Не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, лёгка акісляюцца кіслародам паветра, разбураюцца на святле і пры награванні ў шчолачным асяроддзі. Прыродны Ф. — вязкі жоўты алей. У жывёл і бактэрый знойдзены менахіноны (вітамін K2). Вітаміны групы K трапляюць у арганізм чалавека з расл. і жывёльнай ежай. Неабходны для нармалізацыі або паскарэння працэсу згусальнасці крыві, мінералізацыі касцявой тканкі і інш. Недахоп Ф. ў арганізме выклікае крывацёк.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)