род кусцістых лішайнікаў сям. рамалінавых. Каля 175 відаў. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя Р.: мучністая (R. farinacea), пылковая (P. pollinaria), ясянёвая (R. fraxinea). Растуць пераважна на галінах і ствалах дрэў, апрацаванай драўніне, радзей на камянях і інш. субстратах.
Слаявіна кусцістая, лопасцевая, шэра-зялёная, жаўтаватая або белая. абвіслая ці прамастойная, прымацаваная да субстрату асновай. Пладовыя целы (апатэцыі) бакавыя або канцавыя. Споры двухклетачныя. Некат. віды маюць араматычныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў парфумернай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПЛО́ДНІК (Isopyrum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Р. пылюшнікавы (I. thalictroides), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў дубова-грабавых і грабавых лясах.
Р. пылюшнікавы — шматгадовая карэнішчавая расліна. Ранневясновы эфемероід. Сцябло тонкае, голае ці слабаапушанае выш. да 30 см. Лісце з перапончатымі прылісткамі, прыкаранёвае — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае, трайчастае. Кветкі дыяметрам да 1 см, белыя, адзіночныя, радзей сабраныя па 2—3, на доўгіх кветаножках. Плод — шматлістоўка. Дэкар. і меданосная расліна. Ядавіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ШКАВІЧЫ,
літоўскі княжацкі род, прадстаўнікі якога Ванібут, Бутавіт, Віжэік, Вішлій, Кіценій, Плікасова ўдзельнічалі ў падпісанні з Уладзіміра-Валынскім княствам дагавора 1219, скіраванага супраць Польшчы. У сярэдзіне 1250-х г.кн. Сірвід Р. удзельнічаў у сумесным з рус. князямі паходзе супраць мангола-татар на Украіну. На думку рас. гісторыка І.Бяляева, Р. разам з Булевічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай). Літ. гісторык Э.Гудавічус лічыць, што Р. валодалі зямлёй Упіта. На думку М.Ермаловіча, іх уладанні ляжалі па суседстве з Пінскім княствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧЫЯ (Riccia),
род маршанцыевых імхоў. Каля 200 відаў. Пашыраны паўсюдна пераважна ў паўд. шыротах і Паўд. паўшар’і. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомыя Р.: кучкаплодная (R. sorocarpa), плаваючая (R. fluitans), шызая (R. glauca). Трапляюцца на вільготнай, звычайна гліністай, аголенай глебе. Водную форму Р. плаваючай вырошчваюць у акварыумах.
Наземныя, радзей водныя расліны. Слаявіна ў выглядзе разеткі дыяметрам да 2 см з рызоідамі, утворана зверху з асіміляцыйнай, знізу — з асн. тканкі. Палавыя органы (антэрыдыі і архегоніі) паглыбленыя ў слаявіну, размешчаны хаатычна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМШЫ́Т (Buxus),
род кветкавых раслін сям. самшытавых. Больш за 50 відаў (паводле інш. звестак да 70). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Еўропе, Афрыцы. У Зах. Еўропе ўведзены ў культуру з ант. часу. На Беларусі інтрадукаваны С. вечназялёны (B. sempervirens).
Вечназялёныя кусты або дрэвы выш. да 20 м. Жывуць да 500 гадоў. Лісце супраціўнае, суцэльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, аднаполыя, сабраныя ў галоўчата-коласападобнае пазушнае суквецце. Плод — каробачка. Драўніна С. («пальмавае дрэва») жоўтая, шчыльная, трывалая, ідзе на дробныя вырабы. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ТНІК (Coronaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, заносныя ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — С. зязюлін, або зязюлін цвет (C. flos-cuculi), нар. назвы — бурчык, палявая смалянка, чарацвет. Трапляецца на сухіх і забалочаных лугах, тарфяніках, у хмызняках.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, апушаныя, выш. да 80 см. Прыкаранёвае лісце ў разетцы, суцэльнае, голае або апушанае, прадаўгавата-лапацістае, сцябловае — вузкаланцэтнае, супраціўнае. Кветкі ружова-чырв., чырв., адзіночныя або ў мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек., дэкар., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПА́НІЯ (Scapania),
род пячоначных імхоў сям. скапаніевых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў С.: балаталюбная (S. paludicola), дуброўная (S. nemorosa), завостраная (S. apiculata), занесеная ў Чырв. кнігу; заліўная (S. irrigua), кароткая (S. curta). Трапляюцца на вільготнай глініста-пясчанай і тарфяной глебе.
Двух-, часам аднадомныя лістасцябловыя расліны выш. да 10 см, утвараюць дзярнінкі.
Сцёблы ляжачыя або прыўзнятыя, разгалінаваныя. Лісце кіляватае, двухлопасцевае, шчыльна размешчанае па сцябле. Архегоніі на верхавінцы сцябла, антэрыдыі па некалькі ў пазухах покрыўнага лісця. Каробачка прадаўгавата-акруглая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́МПІЯ (Cotinus),
род кветкавых раслін сям. сумахавых (анакардыевых). 3 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Паўд. Еўропе і Паўд. Азіі. Трапляюцца на сухіх камяністых схілах, сярод хмызняку, радзей у хваёвых і дубовых лясах. На Беларусі інтрадукавана С. звычайная, або кагігрыя, ці парыковае дрэва (C. coggygria).
Лістападныя кусты або невял. дрэвы выш. 5—10 м з шара- ці парасонападобнай кронай. Лісце чаргаванае, простае, суцэльнае. Кветкі дробныя, жаўтавата-белыя або зеленаватыя ў рыхлых канцавых мяцёлках даўж. да 30 см. Плод — сухая касцянка. Дэкар., меданосныя, фарбавальныя, дубільныя расліны.