АРМЕ́РЫЯ
(Armeria),
род кветкавых раслін сям. свінчаткавых. Каля 50 відаў. Пашырана ў арктычнай і ўмеранай зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі пераважна ў зах. раёнах трапляецца армерыя звычайная, або прадаўгаватая (A. vulgaris). Расце на заліўных і сухадольных лугах, схілах і ўзгорках на пясчанай глебе.
Шматгадовая травяністая расліна з прамастойнай бязлістай кветкавай стрэлкай выш. 15—50 см. Лісце вузкалінейнае, у разетцы. Кветкі ружовыя або белыя ў шарападобнай галоўцы. Плод — сухі аднанасенны мяшочак. Мае антыбактэрыяльныя ўласцівасці, дыурэтычны сродак; шэраг відаў вырошчваюць як дэкар. (напр., армерыя прыморская, бліскучая, альпійская, дзірваністая, японская, сібірская і інш.).
т. 1, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)