сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.
Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз t гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЖБА ЧА́СУ,
сукупнасць работ па вызначэнні і захоўванні дакладнага часу і перадачы інфармацыі аб ім; аб’яднанне астр. устаноў краіны, якія вядуць адпаведныя работы. Устанаўлівае сувязь паміж сусветным часам (вызначаецца з астр. назіранняў) і атамным часам (вызначаецца пры дапамозе квантавага гадзінніка, недакладнасць ходу якога каля 1 с за сто гадоў). Захоўванне часу паміж назіраннямі выконваецца пры дапамозе кварцавых гадзіннікаў, якія кантралююцца атамнымі і малекулярнымі стандартамі частаты з дакладнасцю, на 3—4 парадкі вышэйшай за дакладнасць вызначэння сусветнага часу. Для праверкі часу праз радыёвяшчальную сетку кожную гадзіну перадаюць 6 сігналаў, апошні з якіх адпавядае дадзенай гадзіне. Работу С.ч. розных краін каардынуе Міжнар. бюро часу пры Парыжскай абсерваторыі, якое па іх матэрыялах вылічвае і публікуе канчатковыя папраўкі радыёсігналаў. Міжнар. шкала атамнага часу рэалізуецца шляхам усярэднення паказанняў некалькіх дзесяткаў атамных гадзіннікаў С.ч. ў розных краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯКО́Ў Юрый Міхайлавіч (н. 12.11.1954, Масква),
рускі пісьменнік. Канд.філал.н. (1981). Скончыў пед.ін-т імя Н.К.Крупскай (1976). Працаваў настаўнікам, інструктарам райкома камсамола, журналістам. У 1979—86 гал. рэдактар газ. «Московский литератор». Друкуецца з 1974. У паэт. зб-ках «Час прыбыцця» (1980), «Размова з сябрам» (1981), «Гісторыя кахання» (1985), «Асабісты вопыт» (1987) тэмы мінулай вайны, дзяцінства, кахання, роздум пра лёс людзей і краіны. Аповесці «ЧП раённага маштабу» (1985, аднайм. фільм 1988), «Апафегей» (1989) пра амаральнасць і інтрыгі ў колах парт.-камсамольскага апарату, аповесць «Сто дзён да загаду» (1987, аднайм. фільм 1988) пра нестатутныя адносіны ў арміі. Аўтар кнігі пра франтавую паэзію «Паміж двух мораў» (1983), рамана-эпіграмы «Казляня ў малацэ» (1996), аповесцей «Работа над памылкамі» (1986, аднайм. фільм 1987), «Парыжскае каханне Косці Гуманкова» (1991), п’ес, эсэ, публіцыстычных артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы актуальнасць праблем, псіхалагізм, метафарычнасць мовы, іронія, гумар, сатыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́Б Уладзімір Аляксандравіч (20.8.1813, С.-Пецярбург — 17.6.1882),
рускі пісьменнік; граф. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1834). У 1835—42 служыў чыноўнікам пры Мін-ве ўнутр. спраў у Смаленску, Віцебску, Цверы. Друкаваўся з 1837. Аповесць «Тарантас» (1845) з трапнымі замалёўкамі правінцыяльнага побыту. У аповесцях «Вялікі свет» (1840), «Мядзведзь» (1843) і інш. іронія над арыстакратычным светам. Аповесць «Аптэкарка» (1841), «Няскончаныя аповесці» (1843) пра студэнцкае жыццё. Аўтар аўтабіягр. рамана «Цераз край» (апубл. 1885), зб. «Трыццаць чатыры альбомныя вершы» (1855), паэмы «Нігіліст» (1866), вадэвіляў «Ямшчык, ці Свавольства гусарскага афіцэра» (паст. 1842), «Бяда ад пяшчотнага сэрца» (паст. 1850), «Майстэрня рускага жывапісца», «Ноч перад вяселлем, ці Грузія праз сто гадоў» (абодва паст. 1854), камедыі «Чыноўнік» (1856), «Успамінаў» (1865) пра А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Лермантава і інш.
Тв.:
Избр проза. М., 1983;
Повести. Воспоминания. Л., 1988;
Петербургские страницы воспоминаний графа Соллогуба: С портретами его современников. СПб., 1993.
Літ.:
Грехнев В.А. Творчество В.А. Соллогуба в русской прозе конца 30-х — I половины XIX в. Горький, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ЛЫ Багдан Іосіфавіч (н. 24.6.1924, Кіеў),
украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1951). Працаваў у рэдакцыях газет, гал. рэдактарам час. «Барвінок». Аўтар паэт. і празаічных кніг для дзяцей «У ясную сонечную раніцу» (1947), «Як Барвінак і Рамонак у цёплыя краіны ляталі» (1968), «Сто прыгод Барвінка і Рамонка» (1973), «Барвінак у школе» (1977), «Мае дванаццаць месяцаў» (1985), «Маманты ў яблыневых джунглях» (1989), «Рудыкі» (1998), «Барвінак і далёкія сузор’і» (2002) і інш., дакумент. аповесці «Любі мяне пры ўсякай долі...» (1989: з У.Ліпскім) пра моладзь, вывезеную ў час Вял.Айч. вайны ў Германію; п’ес, публіцыстычных твораў, сцэнарыя кінафільма «Закон Антарктыды» (1963). На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.Купалы, Э.Агняцвет, М.Аўрамчыка, В.Віткі, М.Калачынскага, А.Куляшова, М.Танка. Дзярж. прэмія Украіны імя М.Астроўскага 1972. На бел. мову яго творы пераклалі А.Вольскі, А.Вялюгін, Калачынскі, М.Маляўка.
французскі пісьменнік і мастак. Праблемы чалавек—свет—час вырашаў на матэрыяле сац. і паліт. падзей 20 ст.: усталяванне фашызму, 2-я сусв. вайна, акупацыя і супраціўленне. Аўтар зб-каў навел «Друкарня «Вердэн» (1947), «Вочы і памяць» (1948), аповесцей «Маўчанне мора» (1942), «Воўчая пастка» (1979), «Антверпенскі тыгр» (1986), цыкла аповесцей «На гэтым беразе» (т. 1—3, 1958—60), раманаў «Людзі ці жывёлы?» (1952), «Гнеў» (1956), «Сільва» (1961), «Квота, або Прыхільнікі багацця» (1966, разам з П.Карнелем), «Плыт Медузы» (1969), «Ганна Балейн» (1985), прытчы «Як брат» (1973), кніг эсэ «Больш ці менш чалавек» (1949), «Шляхі эвалюцыі асобы» (1965), «Мяцеж чалавека», «У што я веру» (абедзве 1975), успамінаў «Бітва маўчання» (1967), працы «Сто гадоў гісторыі Францыі» (т. 1—3, 1981—84) і інш. Яго творы адметныя філас.-рацыяналістычным пачаткам, экстрэмальнасцю сітуацый, лагічнай завершанасцю сюжэтаў і выразнасцю вобразаў. У 1930-я г. ілюстратар і гравёр. Вынайшаў новы спосаб друкаваць творы жывапісу і графікі — шаўкаграфію.
Тв.:
Рус.пер. — Молчание моря: Повесть;
Люди или животные? Сильва. Плот «Медузы»: Романы. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЕНКА Уладзімір Цітавіч (н. 6.7.1936, в. Клівы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел.тэатр. мастак, жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). У 1975—78 гал. мастак Бел.рэсп.т-ра юнага гледача. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1963—70), Бел.тэатр.-маст. ін-та (1973—75, 1978—93, у 1993—96 у Рэспубліканскім цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Творы Гардзеенкі вызначаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, яркай дэкар. вобразнай мовай. У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «На ўсіх адна бяда» П.Макаля, «Партызанская зона» К.Губарэвіча (абодва 1976), «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1977), «Эдзіт Піяф» В.Лягентава (1978) і інш.; у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Мая жонка — ілгуння» В.Ільіна і У.Лукашова (1989). Аўтар станковых твораў «Думы пра былое (Пятрусь Броўка)» (1976), «Слова пра Беларусь» (1983), «Салют над Прыпяццю», «Безыменная вышыня» (абедзве 1984), «Процістаянне» (1985), пейзажаў «Край дзеда Талаша» (1985), «Чырвоныя дрэвы» (1995), серый нацюрмортаў «Кветкі Чарнобыля» (1986—96), «Сто сустрэч з Радзімай (Пасля Чарнобыля)» (1986—96).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́НКА-КА́РЫ (сапр.Табілевіч Іван Карпавіч; 29.9.1845, с. Вясёлаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 15.9.1907),
украінскі драматург, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў рэаліст.нац. тэатра. Брат П.К.Саксаганскага. З 1865 акцёр-аматар, з 1883 у трупах М.Старыцкага, М.Крапіўніцкага, М.Садоўскага. Друкаваўся з 1876. Аўтар п’ес (каля 20), у якіх з рэв.-дэмакр. пазіцый паказаў класавае расслаенне на вёсцы, цяжкае жыццё сялян, у т. л. драм «Бурлака» (1883), «Наймічка» (1885), «Абяздоленая» (1886), сатыр. камедый «Разумны і дурань», «Мартын Баруля» (абедзве 1886), «Сто тысяч» (1890), «Гаспадар» (1900), гіст. трагедыі «Сава Чалы» (1899) і інш. Выступаў як тэатр. крытык, перакладчык і публіцыст. Яго п’есы папулярныя на Беларусі з пач. 20 ст. У 1909 сяляне в. Кленікі Гродзенскай губ. ставілі яго камедыю «Разумны і дурань». Творы К.-К. найб. папулярызаваў У.М.Крыловіч.
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1985;
Рус.пер. — Пьесы. М., 1958.
Літ.:
Цибаньова О.С. Літопис життя і творчості І.Карпенка-Карого. Київ, 1967;
Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973. С. 98—119, 278—299.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́ДРА (Fredro) Аляксандр (20.6.1793, в. Сурохаў Падкарпацкага ваяв., Польшча — 15.7.1876),
польскі драматург. Жыў пераважна ў Львове (Украіна). Друкаваўся з 1816. Вядомасць прынесла сатыр. п’еса «Пан Гельдгаб» (паст. 1821). У драматургіі апіраўся на традыцыі Асветніцтва і на жывую тэатр. практыку, у жанр камедыі прыўнёс новы сац.-быт. змест, сцэн. мову наблізіў да размоўнай. У камедыях «Муж і жонка» (паст. 1822), «Чужаземшчына», «Новы Дон-Кіхот, або Сто вар’яцтваў» (абедзве паст. 1824), «Дамы і гусары» (1826) норавы і побыт польскай шляхты. Высокім рэаліст. майстэрствам і псіхалагізмам адметныя фарсава-гратэскавыя камедыі «Дзявочыя абяцанні, або Магнетызм сэрца» (1834), «Помста» (паст. 1834), «Пан Явяльскі» (1835), «Пажыццёвая рэнта» (1845), «Цётачка» (1858). П’есы Ф. адыгралі значную ролю ў развіцці польскага рэаліст.т-ра. Аўтар успамінаў «З пятага на дзесятае» (апубл. 1880). На Беларусі яго п’есу «Дамы і гусары» ставілі Бел.т-р імя Я.Купалы (1921, 1957), Бел.т-р імя Я.Коласа (1965), абл.драм. т-ры: Гродзенскі (1964, 1968), Магілёўскі драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (1995), Брэсцкі драмы і музыкі (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫН (кіт., літар. — чыстая),
імператарская дынастыя ў Кітаі ў 1644—1912 з маньчжурскага роду Айсінь Гіёра. Прыйшла да ўлады ў выніку заваявання значнай ч. Кітая войскамі Маньчжурыі ў час падаўлення сялянскай вайны 1628—45, якая прывяла да падзення дынастыі Мін; пры першых імператарах Шуньчжы [1644—61] і Кансі [1662—1722] да 1683 авалодала ўсёй тэр.б. імперыі Мін. У 1680—1790-я г. цынскія імператары далучылі да Кітая землі Прыамур’я, Усх. Туркестана, Тыбета і інш.); найвыш. росквіту дасягнула кіт. сярэдневяковая культура. З канца 18 ст. імперыя Ц. паступова прыходзіла ў заняпад. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў выніку шэрагу няўдалых войнаў і нераўнапраўных дагавораў Кітай трапіў у залежнасць ад вядучых зах.-еўрап. дзяржаў, Расіі і Японіі; аўтарытэт дынастыі Ц. у кіт. грамадстве быў падарваны. Пры імператару Гуансюю [1875—1908] y 1898 здзейснена спроба рэфармавання Кітая (гл.«Сто дзён рэформ»), але задушана імператрыцай Цысі (фактычная правіцельніца краіны ў 1861—1908). Дынастыя Ц. скінута Сіньхайскай рэвалюцыяй 1911—13. 12.2.1912 ад прастола адрокся апошні цынскі імператар малалетні Пу I (у 1934—35 імператар Маньчжоў-Го), у Кітаі быў усталяваны рэспубліканскі лад.
Літ.:
Маньчжурское владычество в Китае: [Сб. статей]. М., 1966;
Сидихменов В.Я. Маньчжурские правители Китая. М., 1985.