ПАЛЯКО́Ў (Юрый Міхайлавіч) (н. 12.11.1954, Масква),
рускі пісьменнік. Канд. філал. н. (1981). Скончыў пед. ін-т імя Н.К.Крупскай (1976). Працаваў настаўнікам, інструктарам райкома камсамола, журналістам. У 1979—86 гал. рэдактар газ. «Московский литератор». Друкуецца з 1974. У паэт. зб-ках «Час прыбыцця» (1980), «Размова з сябрам» (1981), «Гісторыя кахання» (1985), «Асабісты вопыт» (1987) тэмы мінулай вайны, дзяцінства, кахання, роздум пра лёс людзей і краіны. Аповесці «ЧП раённага маштабу» (1985, аднайм. фільм 1988), «Апафегей» (1989) пра амаральнасць і інтрыгі ў колах парт.-камсамольскага апарату, аповесць «Сто дзён да загаду» (1987, аднайм. фільм 1988) пра нестатутныя адносіны ў арміі. Аўтар кнігі пра франтавую паэзію «Паміж двух мораў» (1983), рамана-эпіграмы «Казляня ў малацэ» (1996), аповесцей «Работа над памылкамі» (1986, аднайм. фільм 1987), «Парыжскае каханне Косці Гуманкова» (1991), п’ес, эсэ, публіцыстычных артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы актуальнасць праблем, псіхалагізм, метафарычнасць мовы, іронія, гумар, сатыра.
Тв.:
Избранное. Т. 1—2. М., 1994;
Небо падших. М., 1998;
Замыслил я побег... М., 1999.
А.В.Спрынчан.
т. 12, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)