ВЕРКО́Р

[Vercors; сапр. Брулер (Bruller) Жан; 26.2.1902, Парыж — 10.6.1991],

французскі пісьменнік і мастак. Праблемы чалавек—свет—час вырашаў на матэрыяле сац. і паліт. падзей 20 ст.: усталяванне фашызму, 2-я сусв. вайна, акупацыя і супраціўленне. Аўтар зб-каў навел «Друкарня «Вердэн» (1947), «Вочы і памяць» (1948), аповесцей «Маўчанне мора» (1942), «Воўчая пастка» (1979), «Антверпенскі тыгр» (1986), цыкла аповесцей «На гэтым беразе» (т. 1—3, 1958—60), раманаў «Людзі ці жывёлы?» (1952), «Гнеў» (1956), «Сільва» (1961), «Квота, або Прыхільнікі багацця» (1966, разам з П.Карнелем), «Плыт Медузы» (1969), «Ганна Балейн» (1985), прытчы «Як брат» (1973), кніг эсэ «Больш ці менш чалавек» (1949), «Шляхі эвалюцыі асобы» (1965), «Мяцеж чалавека», «У што я веру» (абедзве 1975), успамінаў «Бітва маўчання» (1967), працы «Сто гадоў гісторыі Францыі» (т. 1—3, 1981—84) і інш. Яго творы адметныя філас.-рацыяналістычным пачаткам, экстрэмальнасцю сітуацый, лагічнай завершанасцю сюжэтаў і выразнасцю вобразаў. У 1930-я г. ілюстратар і гравёр. Вынайшаў новы спосаб друкаваць творы жывапісу і графікі — шаўкаграфію.

Тв.:

Рус. пер. — Молчание моря: Повесть;

Люди или животные? Сильва. Плот «Медузы»: Романы. М., 1990.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)